Дарогамі памяці

Да Дня працы і Дня Перамогі  ў Вялікай Айчыннай вайне быў прымеркаваны спартыўна-патрыятычны  велапрабег, што прайшоў 28 красавіка па тэрыторыі Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, і ў якім  удзельнічалі дэлегацыі  абодвух  раёнаў на чале з кіраўнікамі райвыканкамаў Дзмітрыем Бурдуком і Мікалаем Язубцом.

— Гэты велапрабег — своеасаблівая даніна павагі нашым шаноўным ветэранам, якія адстаялі свабоду і незалежнасць свайго народа, сваёй краіны ў гады ваеннага ліхалецця, аднаўлялі гарады і вёскі ў пасляваенныя гады дзеля будучых пакаленняў. Хочацца, каб  нашчадкі  беражліва шанавалі памяць пра Вялікую Перамогу, і каб гэтае сапраўды народнае свята асацыіравалася толькі са светлымі  і радаснымі пачуццямі, а пра вайну нашы дзеці і ўнукі ведалі толькі з кінастужак, кніг і ўспамінаў.  А яшчэ велапрабег — гэта рэальная і вельмі дзейсная  прапаганда здаровага ладу жыцця, асабліва для моладзі, — так ахарактарызаваў асноўную ідэю мерапрыемства старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Стартаваў велапрабег у вёсцы Лаўрынавічы Баранавіцкага раёна, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка загінуўшым воінам.  Сустрэча дэлегацый Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў адбылася ў вёсцы Адахаўшчына каля мясцовага сельскага Дома культуры.  З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец, які падзякаваў за цёплы і сяброўскі прыём на гасціннай ляхавіцкай зямлі.

— Упэўнены, што такое сумеснае патрыятычна-спартыўнае мерапрыемства стане стымулам для больш цеснага супрацоўніцтва ў розных сферах паміж раёнамі-суседзямі. Разам мы — стваральная сіла. І гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дасць свае вынікі ў вытворчасці, адукацыі, культуры і спорце. Мы і далей будзем працаваць так, каб Баранавіцкі і Ляхавіцкі раёны развіваліся,  станавіліся больш заможнымі, працвіталі — усё гэта дзеля людзей. А сённяшняе свята прыцягне ўвагу  землякоў і стане своеасаблівай прапагандай спорту і здаровага ладу жыцця, — зазначыў Мікалай Язубец.

Кіраўнікі дэлегацый абмяняліся сувенірамі.

Дзмітрый Бурдук, які  працаваў амаль  4 гады на баранавіцкай зямлі, павіншаваў удзельнікаў велапрабегу з надыходзячымі святамі і пажадаў здароўя, шчасця, натхнення і працвітання.

Пасля невялікага канцэрта, падрыхтаванага ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці Ляхавіцкага раёна, веламотакалона накіравалася ў падарожжа па родных мясцінах.  Удзельнікі велапрабегу спыніліся каля помнікаў і абеліскаў у вёсках Крошын, Стайкі,  Арабаўшчына, наведалі  музей-сядзібу Адама Міцкевіча ў Завоссі, а таксама ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу загінуўшым у канцэнтрацыйным лагеры ў Калдычова і каля  помніка першага Героя Беларусі  Уладзіміра Карвата. Фінішаваў святочны велапрабег у вёсцы Сталовічы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *