Шырокія магчымасці вузкіх спецыялістаў

Праверку зроку праводзяць афтальмолаг Таццяна Усцюшкова і медсястра Вераніка Русін.

Да якога ўрача на амбулаторны прыём у Ляхавіцкай паліклініцы заўжды шмат пацыентаў? Калі не лічыць тэрапеўтаў, то размова ідзе пра так званых урачоў вузкіх спецыялізацый. Сярод іх оталарынголаг, афтальмолаг, эндакрынолаг, нарколаг, неўролаг, псіхіятр, кожвенеролаг, гінеколаг, хірург, анколаг.
Зазірнём у некаторыя кабінеты…

ЛОР-інтэрактыў

Забалела горла, ніяк не праходзіць насмарк, у вуха трапіла вада – з гэтымі і іншымі праблемамі да оталарынголага Васілія Гарбачова за змену іншы раз звяртаецца да 80-90 чалавек. Калі ўлічыць, што ўся паліклініка разлічана на прыём 400 чалавек за змену, то на долю ЛОРа прыходзіцца пятая іх частка. Доктар усё паспявае, тым больш з такімі высокатэхналагічнымі памочнікамі: спецыяльным комплексам медыцынскай тэхнікі і прыстасаванняў пад агульнай назвай «рабочае месца ЛОР-урача».
Гаспадар кабінета пералічвае ўсе перавагі гэтай устаноўкі. Падкрэслівае, што зручна пацыентам, асабліва дзецям, у новым крэсле, якое падганяецца пад  рост і вагу канкрэтнага чалавека.
Яшчэ адзін падарунак Міністэрства аховы здароўя нашай райбальніцы, а дакладней гэтаму кабінету – тры апараты для праверкі слыху, якія дазваляюць вызначыць парушэнні літаральна з першых дзён жыцця.
Васілій Гарбачоў як прыехаў разам з жонкай у Ляхавіцкую райбальніцу чвэрць стагоддзя назад праходзіць інтэрнатуру, так і не здрадзіў першаму працоўнаму месцу.
– Добра, што ў нас ёсць такі доктар. Калісьці сам у яго лячыўся, цяпер вось унука прывёў, – гаворыць адзін з пацыентаў.
Побач з асноўным ЛОР-кабінетам –  міні-хірургічны, дзе праводзяцца медыцынскія маніпуляцыі ў вушах, носе, горле. Дзеці засоўваюць у вуха то гузічак, то пацерку. Бывае даводзіцца даставаць з глоткі рыбную костачку, з вушэй – жучкоў, камароў, «рамантаваць» насы, пашкоджаныя, напрыклад, пры падзенні.
– Ёсць такое паняцце «нафтызінавая залежнасць». Пацыенты гадамі капаюць сасудазвужальныя каплі ў нос. Але такія сродкі нельга выкарыстоўваць больш за 5-7 дзён – ёсць рызыка да іх прывыкнуць. Тады станчаецца слізістая носа, што прыводзіць да ацёку. Ад заложанага носа пакутуе не толькі галаўны мозг, але і настрой пагаршаецца. Пры пастаянна заложаным носе абавязкова звяртайцеся да ўрача, – раіць Васілій Гарбачоў.

На прыёме оталарынголаг Васілій Гарбачоў.

Паглядзіце мне ў вочы

– Закрыйце лапатачкай адно вока і назавіце, калі ласка, літары ў ніжнім радзе. Цяпер у трэцім знізу… – такую праверку зроку афтальмолаг Таццяна Усцюшкова за змену праводзіць паўсотні разоў, а то і больш.
У кабінет заходзіць маладая жанчына з немаўляткам на руках. Гэта планавая праверка. Урач уважліва аглядае вочкі маленькага пацыента – важна не ўпусціць нават нязначную на першы погляд дробязь, каб не прапусціць вялікую праблему. На шчасце, задаволены і мама, і ўрач.
Сярод найбольш распаўсюджаных хвароб вачэй, якія дыягнастуюцца ў жыхароў Ляхавіцкага раёна, Таццяна Яўгеньеўна называе глаўкому, узроставую дыстрафію, блізарукасць, катаракту. Занепакоена адзначае, што з кожным годам павялічваецца колькасць дзяцей з рознымі парушэннямі зроку – адмоўны бок камп’ютарызацыі.
Тым часам у кабінет заходзіць чарговы пацыент. Гэта ўжо не прафілактычны агляд, у мужчыны катаракта, і ён раз у два месяцы, а то і штомесячна правярае, на якой стадыі знаходзіцца хвароба, удакладняе схему лячэння. Дарэчы, кожны год як мінімум пяцёра нашых землякоў з дыягназам «катаракта» накіроўваюцца на аперацыю, якая дазваляе спыніць падзенне зроку, тым самым палепшыць узровень жыцця хворага.
– Пакуль без змяненняў, ні горш, ні лепш, таму з аперацыяй пачакаем, прадоўжым лячэнне, – рэзюмуе ўрач і называе свайму галоўнаму памочніку медсястры Вераніцы Русін прэпараты, рэцэпт на якія неабходна выпісаць.
У кабінеце акуліста два пакоі: светлы і цёмны. Даўжыня светлага не менш за пяць метраў, і гэта – неабходнасць-патрабаванне, менавіта з такой адлегласці даследуюць вастрыню зроку. Абавязковы прадмет кабінета – скрыня з табліцамі для вызначэння цэнтральнага зроку (медыкі называюць яе апаратам Рота) размешчана так, каб ніжні радок табліцы знаходзіўся на ўзроўні вачэй пацыента, які сядзіць на стуле.
Многія маніпуляцыі вопытны ўрач праводзіць сама, напрыклад, трэба дастаць з вока акаліну. А вось пры больш сур’ёзных выпадках, калі іншароднае цела трапіла ўглыб вока, пацыента накіроўваюць ва ўстановы аховы здароўя Баранавічаў, Брэста, Мінска.
Як захаваць зрок? Урач-афтальмолаг раіць:
– Выконвайце рэжым зрокавых нагрузак. Пачыталі гадзіну, абавязкова пры добрым асвятленні, – дайце вачам адпачынак 10-15 мінут. Не перагружайце вочы работай на камп’ютары. Уключыце ў рацыён як мага больш агародніны і садавіны, не забывайце пра лютэін. Увогуле, беражыце зрок з маладосці. І абавязковы кантроль за ўнутрывочным ціскам – гэта ў нашым кабінеце.

Эндакрынолаг Вольга Барташэвіч уважліва выслухоўвае кожнага пацыента.

Навошта эндакрынолагу  камертон

– Як добра, што ў Ляхавічах такая прасторная паліклініка! Умовы выдатныя і чэргаў стала менш. Хаця на прыём да Вольгі Анатольеўны я гатовы хоць да вечара сядзець. Яна выдатны ўрач, – ахвотна дзеліцца ўражаннямі пацыент.
Амаль 20 гадоў Вольга Барташэвіч працуе эндакрынолагам у нашай райбальніцы. Яна і лечачы доктар, і класны дыягност. Праводзіць ультрагукавое даследаванне шчытападобнай залозы, удзельнічае ў скрынінгавых акцыях, падчас якіх выяўляюцца разнастайныя аўтаімунныя захворванні. Вольга Анатольеўна нагадвае пра неабходнасць абавязковага штодзённага ўжывання ў ежу 5-7 грамаў ёдаванай солі, бо недахоп ёду для арганізма шкодны.
Напружаны расклад і ва ўрача, і ў медсястры кабінета Ніны Хлапянік. 1063 хворыя (з якіх 5 ва ўзросце да 18 гадоў) з дыягназам «цукровы дыябет ІІ тыпу», яшчэ больш з рознымі тырэяідытамі, гіпатэрыёзамі – хваробамі шчытападобнай залозы, дарослыя і дзеці з іншымі эндакрыннымі парушэннямі – іх пацыенты.
– Моцная смага, пастаяннае адчуванне стомленасці, павелічэнне ці змяншэнне вагі цела без канкрэтных прычын, мышачная слабасць, санлівасць, павы-шаная патлівасць, свярбенне скуры –
пры такіх сімптомах не адцягвайце візіт да эндакрынолага. Не скажу нічога новага, але хваробу, выяўленую на ранняй стадыі, лячыць значна лягчэй, – гаворыць урач. І прыводзіць прыклад абыякавых адносін чалавека да ўласнага здароўя. 54-гадовы мужчына з дыягназам «цукровы дыябет» прыйшоў на чарговы прыём: ціск у яго 200/120, але ўжо два тыдні не прымае інсулін, пусціў хваробу на самацёк. Што можа ўрач, калі пацыент не жадае дапамагаць самому сабе? А дзяржава накіроўвае значныя сродкі на лячэнне хворых цукровым дыябетам, прэпараты для іх лячэння адпускаюцца ў аптэцы бясплатна.
Першасны прыём у эндакрынолага. Урач выслухоўвае скаргі пацыента, вывучае яго медыцынскую картку, каб даведацца, чым хварэў чалавек. Канешне, апытанне, потым агляд. Абавязкова вымяраецца ціск і пульс. Пасля прызначаюцца неабходныя аналізы (у тым ліку на ўзровень цукру ў крыві). Калі вынікі абследавання гатовы, на паўторным прыёме ўрач ставіць дыягназ і прызначае лячэнне.
Ёсць у эндакрынолага і свае, асаблівыя, інструменты: вагі, глюкаметр, сантыметровая лента, растамер, спецыяльны медыцынскі камертон для выяўлення дыябетычнай нейрапатыі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Наталля ГАРБАЧОВА, загадчыца паліклінікі:
– У паліклініцы створаны належныя ўмовы і для медыкаў, і для пацыентаў. Кабінеты аснашчаны неабходным абсталяваннем, якое абнаўляецца. Значная ўвага надаецца павышэнню якасці медабслугоўвання насельніцтва. Магчымасць запісацца на прыём да ўрача не толькі ў рэгістратуры, але і праз інтэрнэт у пэўнай ступені дазволіла зменшыць чэргі. Амбулаторная дапамога працягвае ўдасканальвацца, камп’ютарызацыя – яшчэ адзін крок да гэтага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *