Нелірычнае адступленне пра рэзонны рэзананс

У цэнтры Ляхавіч на дарожным пакрыцці камунгас абнавіў разметку. Нарэшце з’явілася доўгачаканая «зебра» на пераходзе ад загса на вуліцу Дзесюкевіча. Цэлы год прайшоў ад публікацыі «Зручныя зручнасці», і вось дачакаліся-такі пешаходы – не трэба ісці ў абход, каб трапіць у «Верас», СШ № 1, паліклініку-бальніцу і г.д. Цяпер новае чаканне: просіцца ў кампанію яшчэ адна «зебра», па якой можна з галоўнай дарожкі гарадскога парку перайсці на вуліцу Камсамольскую.
Прыгадала гэту акалічнасць таму, што адкарэкціраваны пераход можна лічыць практычным рэзанансам на газетную публікацыю. Роўна як і падфарбаваную сцяну гандлёвай кропкі, на якой «прапісаны» бігборд. А водгукам на артыкул «Жывыя і мёртвыя» (гаворка ішла пра памяць, канкрэтызаваную ў адрас смутку –  размова пра закінутую магілу франтавіка, які пасля вайны загінуў ад рук бандытаў) стаў працоўны дэсант каляджан-бээрэсэмаўцаў і прывядзенне ў парадак тэрыторыі, якая па вызначэнні не можа быць нічыйнай.
У лістападаўскіх «Ста радках…» узнята праблема, на мой погляд, вельмі важная і надзвычай уплывовая ў плане выхавання, фарміравання асобы, зрэшты, кругагляду, эрудыцыі, культурнага ўзроўню многіх землякоў. І заключаецца яна ў адсутнасці кнігарні ў нашым райцэнтры. Нонсэнс? Гэта яшчэ мякка сказана… У населеным пункце, дзе пражывае каля 11 тысяч чалавек, кніжная прапанова абмяжоўваецца практычна пустымі паліцамі ў магазіне «Аліса», дзе калісьці было выдаткавана месца сярод цацак і дзіцячага адзення для літаратурнага асартыменту, і сціплай стопачкай кніг у кіёсках аблсаюздруку? Добра яшчэ, што рэзанансам абурэння чытачоў «ЛВ» і ўмяшальніцтва газеты стала аднаўленне звычайнага рэжыму работы ляхавіцкай купалаўкі. Напомню, што яна паспела, праўда, кароткі час, папрацаваць з нязручным для чытачоў выхадным у нядзелю і з перапынкам на абед з 13 да 14 гадзін. Паколькі гэта нялюба кнігалюбу і, наогул, супраць здаровага сэнсу, усё вернута на свае кругі. І правільна. Правільным будзе і рэзоннае рэагаванне на першую частку праблемы, якую ўмоўна назавём «Ляхавічамі безкнігарнымі». Хацелася б, каб райпо ўлічыла гэту акалічнасць і адрэагавала дастойна. Калі ёсць сумненні наконт прыбытковасці такога магазіна, то ў ім да кніжнага асартыменту можна дадаць, напрыклад, канцылярскія тавары ці, як ужо гаварылі раней, сувеніры, зробленыя нашымі землякамі – тое, што называецца hand-made (ручная работа), сёння ў трэндзе.
Краіна прыгожа адсвяткавала і адзначыла выпускам новых цудоўных выданняў 500-годдзе кнігадрукавання ў Беларусі. Сапраўды, нам ёсць чым ганарыцца ў сённяшнім кнігавыдавецтве. Шкада толькі, што ляхавічанам, каб стаць уладальнікам жаданага тома, трэба ехаць у кнігарні Баранавічаў, Брэста, Мінска ці карыстацца паслугамі інтэрнэт-магазінаў. А зрабіць сабе «лепшы падарунак» дома, перабраўшы на паліцах мноства выданняў і выбраўшы па настроі, – магчымасць нулявая. Адным словам, чакаем разумення, рэзону і рэзанансу ад работнікаў прылаўка і падтрымкі ў сваім чаканні ад зацікаўленых службаў.
І яшчэ. Хочацца ўбачыць здаровы сэнс, відушчае сэрца ў адносінах, сказала б, да высокіх матэрый. На вачах старэе нежылы будынак на скрыжаванні вуліц 17 Верасня і Дзесюкевіча. Вельмі шэры ад яго настрой, тым больш, калі ўлічыць, што знаходзіцца ён у самым цэнтры нашага горада: аблезлая тынкоўка, мёртвыя вокны. А ці могуць быць светлымі пачуцці, калі бачыш на абшарпанай сцяне гэтага будынка мемарыяльную дошку ў гонар аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сакратара падпольнага райкама КП(б)Б, камісара 19-й партызанскай брыгады Сцяпана Канстанцінавіча Дзесюкевіча.
Давайце паправім гэту недарэчную сітуацыю. Таму што іншага проста не дадзена.
…Што датычыць рэзанансу на крытычныя заўвагі «ЛВ», то адзін з апошніх прыйшоў у рэдакцыю з камунгаса на публікацыю «Гарадскі пейзаж жадае разабрацца…» («ЛВ» № 28 за 11.04.2018 г.). в. а. дырэктара Ляхавіцкай ЖКГ Аляксандр Жук паведаміў, што пасля публікацыі выкананы работы па рамонце ганка гасцініцы «Эдэльвейс», люка водаправоднага калодзежа на вул. Цітовіча і клумбы на вул. 17 Верасня ў райцэнтры. Такім чынам, работа над некалькімі памылкамі зроблена. І гэта ёсць добра.
Вольга БАРАДЗІНА.

4 thoughts on “Нелірычнае адступленне пра рэзонны рэзананс

  • 22/05/2018 в 16:05
    Permalink

    Я тут штраф получил от ГАИ которое возле охраны пряталось..На улице с односторонним движением..Мне его вернут ???? Переход ведь нарисовали..Пусть штраф возвращают

  • 24/05/2018 в 00:24
    Permalink

    Такім чынам, работа над некалькімі памылкамі зроблена. І гэта ёсць добра. Не, не добра. Бо існуюць яшчэ назрэўшыя пытанні. Першае, трэба прадоўжыць веласцяжынку па ліпавай алеі ад стадыёна «Колас» да стэлы «Ляхавічы 1492″ далей да (праз) ручая Каменкі, далей па алеі да урочышча Каменскія Лозы- Белы луг. Хай дзятва катаецца на веліках, а не сядзіць па хатам нарошчваючы здор! І галоўнае не лезе на шашу!!!!! Так другое, трэба закончыць тратувар ад боку стадыена » Колас» па вуліцы Кальцавой. Трэццяе. Вельмі добра зрабілі дарожнікі калі разшырылі з’езд і зварот на лева ад Патапавіч на новабудоўлі. Цяпер збачыўся, прапусціў сустрэчную і зварочвай, галоўнае не перашкаджаеш таму хто ззаді цябе. Такі з’езд трэба зрабіць у на шляху у Русінавіч. У лесе Каменскія Лозы, дзе некалі стаяла (з права) леснічоўка (3 км ад Ляхавіч), а на супраць( на лева) цяпер ляжыць гара салёнага пяску. Цікава чый гэта пясок і чаму ён там з’явіўся!? Некалі там боло добрае возерца, бяседка, лавачкі, студня…Калі хочаш з дзятвою прайсціся на лесе так недзе паставіць аўто. Паказваеш паварот на лева прапускаеш сустрэчныя што рухаюцца на Ляхавічы, так адразу табе сігналяць ў задніцу, бо ты спыняеш рух. Гэта прыкра, небяспечна і нешта трэба тэрмінова рабіць. Калі німа сродкаў на з’езд на лева, так хай адсыплюць з’езд на права. Там застаўся масток што вядзе ў стары сад леснічоўкі. Таксама пакуль з’явіцца веласцяжынка ў Камянку, хай намалююць на шашы ( у бок Русінавіч, Баранавіч, і т. д.) дзе ехаць веласіпедам…а то штрафаваць ўсе ласыя на халяўныя грошы, а найсці разумнае і карыснае для ўсіх выйсце не хапае мабыць прастога чалавечага сораму і…я так думаю сучаснай, еўрапейскай адукацыі!

  • 25/05/2018 в 16:22
    Permalink

    Сто радкоў рэдактарскага артыкула – нібы гаючы бальзам. Узнятыя тэмы не проста хвалявалі мяне – не давалі спакою. Кожны раз, калі даводзілася наразаць кругі ад магазіна да пешаходнага перахода, задавала сама сабе пытанне: ну чаму ж так нязручна ён размешчаны, няўжо нельга інакш. Таму за «зебру» – асаблівая ўдзячнасць. Упэўнена, пад ёй паставілі б подпісы яшчэ многія ляхавічане.
    Асобная гаворка пра кніжны магазін. Недарэчна неяк атрымліваецца, што Ляхавічы – горад з багатай гісторыяй – не мае ні раённага музея, ні кнігарні. Можна было б прыемна іх сумясціць. Наогул, дзякуй раёнцы за востры погляд, за ўменне бачыць і адчуваць.

  • 25/05/2018 в 19:21
    Permalink

    Кніжная крама-гэта занадта, а вось кіёсак тыповы з прадбаннічкам як на рагу Леніна і Чкалава гэта было б пад’ёмна. І паставіць яго трэба пад каштанам за «Дошкай Гонару». Ці насупраць, дзе і была некалі крама «Кнігі» Раманоўскай і Кулічыхі. Застаецца толькі адшукаць грошы і людзей што зоймуцца гэтае справаю. Чужы не дасведчаны чалавек не пацягне. Ляхавіцкі малочны завод, можа гэта ўсё ўзяць пад свой патранаж. Хай далучыць такі кіёсачак да фірмовай крамы «Верас» і ўсё пойдзе на лад. Завод не гаротны…малако вечна як месяц…так яму і кніга ў рукі! Вось, вось і імя ўжо краме ёсць » Кнігі ў Раманоўскай». Памяць па СССР і гістарычная повязь часоў!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *