На тэрыторыі H2O. Дзе ў Ляхавіцкім раёне можна купацца

Той факт, што арганізм чалавека на 80 працэн-таў складаецца з вады, агульнавядомы. Вельмі многае ў ім залежыць ад колькасці H2O: стан скуры, валасоў, зубоў і г.д. У спякотны час вада – сапраўды жыватворная вадкасць. Але бываюць сітуацыі, калі яна з сябра можа стаць ворагам – не толькі падчас паводкі ці кватэрнага патопу, а і калі людзі грэбуюць бяспекай. Пра гэта сведчаць трагічныя факты ў стужцы навін. Дзіця ўтапілася ў штучным вадаёме, рыбакі не разлічылі таўшчыню лёду, школьнік зваліўся з моста ў раку… Бяспека – паняцце пастаяннае, актуальнае для любога ўзросту і сезона, а з надыходам летняга адпачынку набывае асаблівае гучанне.

Раённая камісія па праверцы гатоўнасці месцаў масавага адпачынку напрыканцы красавіка ацэньвала падрыхтаванасць іх да летняга сезона. На Ляхавіччыне афіцыйна зацверджаны тры зоны адпачынку: на рэках Ведзьма ў Ляхавічах, Шчара ў Дараве, на вадаёме аздараўленчага лагера «Чайка» (апошняя прызначана для адпачынку дзяцей і выхавальнікаў і знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама).
Старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко тлумачыць, што ў гэтых зонах адпачынку перад пачаткам купальнага сезона вадалазы абследавалі і ачысцілі дно вадаёмаў. Камунальнікі займаліся добраўпарадкаваннем пляжа: падладзілі «грыбкі», кабінкі для пераапранання, турнікі, лавачкі і іншае, падкасілі траву, падсыпалі пясок, рамантавалі пірс – пастараліся, каб было бяс-печна і камфортна знаходзіцца і дзецям, і дарослым.
Пастаянна пад увагай спецыялістаў райЦГіЭ стан прылягаючай тэрыторыі і якасць вады. У сезон яе правяраюць на ўтрыманне кішэчнай палачкі кожныя дзесяць дзён. Дарэчы, чарговыя пробы вады на Ведзьме пацвердзілі, што мікрабіялагічныя і фізіка-хімічныя паказчыкі адпавядаюць устаноўленым  нормам.
На гарадскім пляжы абсталяваны выратавальны пункт  Асвода. Матросы-выратавальнікі пільна сочаць за бяспекай і парадкам, назіраюць, каб купальшчыкі не заплывалі за буйкі, не распівалі спіртныя напіткі і г.д. На пляжы ў Дараве пакуль няма пастаяннага работніка, пазменна дзяжураць камунальнікі.
Алег Півавар нясе «матроскую» вахту на рэчцы ў райцэнтры другі сезон. Расказвае, што з-за халаднаватага надвор’я аматараў прыняць водныя працэдуры пакуль нямнога. Але ўсё ж прыходзіцца нагадваць адпачываючым правілы бяспекі. Напрыклад, тое, што дзяцей нельга пакідаць без нагляду дарослых каля вады, тым больш –  на вадзе.
Матросы-выратавальнікі штогод праходзяць перападрыхтоўку і навучаюцца на Баранавіцкай выратавальнай станцыі, здаюць спецнарматывы (плаванне, кіраванне выратавальнай лодкай, кіданне круга), і іх прафесійная дапамога неаднойчы аказвалася дарэчы. Два гады назад, расказвае Марыя Цітко, выратавальнік дастаў чалавека ў прамым сэнсе са дна. Яшчэ адзін плывец вырашыў на спрэчку пераплыць раку і пачаў тапіцца. Выцягнулі… Абодва экстрэмалы былі ў нецвярозым стане.
…Хлопцы, якія купаліся ў мінулыя выхадныя на Ведзьме, паведамілі, што тэмпература вады 20 мая была такая ж, як і 4 красавіка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

У тэму

У райаддзеле ўнутраных спраў нагадалі правілы, якія дапамогуць не стаць на пляжы ахвярай зладзеяў.
Не варта браць з сабой на адпачынак грошы і каштоўнасці, у тым ліку ўпрыгажэнні, а таксама фотаапараты, мабільныя тэлефоны і іншыя гаджэты. А калі без гэтага ніяк не абыдзецеся – не трэба пакідаць сваё дабро без нагляду.
Лепш за ўсё адпачываць кампаніяй (так за рэчамі будзе сачыць больш людзей), але без алкаголю. Яго ўжыванне аўтаматычна павышае верагоднасць трапіць у непрыемную і нават небяспечную сітуацыю. Летась у раёне за распіццё спіртнога ў месцах масавага адпачынку былі прыцягнуты да адказнасці 46 чалавек.
Тыя, хто прыязджае адпачываць на машыне, павінны памятаць, што аўто трэба пакідаць на спецыяльна адведзеных для гэтага месцах (у Ляхавічах паркоўка абсталявана на рыначнай плошчы, а тыя, хто жадае адпачыць на Шчары ў Дараве, могуць пакінуць транспарт на пляцоўцы за прыпыначным пунктам «Дарава-2»). Прычым, не лішнім будзе пераканацца, што дзверы машыны зачынены, а рэчы, якія маглі б зацікавіць нячыстых на рукі грамадзян, не пакінуты на бачных месцах.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *