Аперацыя прызначаецца на выхадныя. У міліцэйскім рэйдзе ўдзельнічаў і «ЛВ»

У мінулыя выхадныя супрацоўнікі РАУС правялі рэйды па выяўленні парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства. У аперацыі быў задзейнічаны ўвесь асабовы склад райаддзела, а таксама атрад міліцыі асобага прызначэння ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. У зону ўвагі гэтых патрулёў у суботу і нядзелю трапіла ўся тэрыторыя нашага раёна. У адной з груп разам з участковым інспектарам РАУС Дзмітрыем Гатоўчыцам і старшым інспектарам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Юрыем Дзямідам працаваў і карэспандэнт «ЛВ».

Месца аперацыі – Ганчароўскі сельсавет. Спачатку наведваемся ў вёску Смаленікі. Ва ўчастковага ёсць інфармацыя, што тут у адным з дамоў гоняць самагон і прадаюць яго.
Гаспадара засталі на месцы. Наогул, ён з сям’ёй жыве ў Баранавічах, а бацькоўскую сядзібу выкарыстоўвае ў якасці дачы – прыязджаюць сюды на адпачынак і выхадныя.
– Азнаёмцеся з пастановай на агляд памяшканняў, – прапануе Дзмітрый Гатоўчыц і з санкцыяй на руках пачынае агляд тэрыторыі і пабудоў.
У летняй кухні ў «кампаніі» трох бідонаў, праўда пустых, знайшлі самагонны апарат.
– У адносінах парушальніка складзены адміністрацыйны пратакол па частцы 1 артыкула 12.43 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. За захоўванне прылады, якая выкарыстоўваецца для вырабу самагону, прадугледжаны папярэджанне ці штраф у памеры да пяці базавых велічынь. Пакаранне прызначае суд, – тлумачыць маёр міліцыі.
Гаспадар тым часам адмаўляе сваё дачыненне да вырабу самагону. Ні яго, ні брагі міліцыянеры сапраўды не знайшлі. Але пры святле ліхтара заўважылі… ствол вінтоўкі. Па словах гаспадара, ён тут валяецца гадоў 20, калісьці знайшлі дзеці. На пытанне ўчастковага, чаму не здалі ў міліцыю, адказвае, што пра гэта не задумваліся.
Адразу пасля знаходкі Дзмітрый Гатоўчыц выклікаў на месца аператыўна-следчую групу. Прыбыўшыя следчыя пры панятых склалі пратакол, сфатаграфавалі і забралі знаходку для правядзен-ня балістычнай экспертызы. Калі пацвердзіцца, што ствол прыгодны для стральбы, гаспадара чакае крымінальная адказнасць. РАУС праводзіць праверку па факце захоўвання часткі агнястрэльнай зброі.
Што датычыцца часам нават бясспрэчных доказаў самагонаварэння, прызнаюць сябе вінаватымі далёка не ўсе самагоншчыкі. Многія апраўдваюцца, маўляў, выключна для ўласнага спажывання – націрацца ад хваробы… Толькі вось ці не мнагавата трымаць для гэтага дзясятак літраў самагону?
Дарэчы, пры выяўленні факта набыцця самагону таксама прадугледжана адміністрацыйная адказнасць: штраф да 5 БВ з абавязковай канфіскацыяй набытага алка- голю.
Барацьба з самагоншчыкамі і самагонаварэннем вядзецца даўно, але, на жаль, пакуль выкараніць гэта зло не ўдаецца. Заўзятых гандляроў самаробным алкаголем штрафы не надта палохаюць. Дзмітрый Гатоўчыц расказаў, што самагонаварэнне – даволі прыбытковы бізнес. Прапанова купіць градусны напой у любы час сутак і ў любой колькасці, на жаль, застаецца запатрабаванай. А прага нажыцца за кошт чужога гора большая, чым пачуццё страху перад матэрыяльнай і маральнай адказнасцю. Што ўжо тут казаць пра спагаду да сем’яў, якія разбурае алкаголь…
Падчас рэйду зазірнулі да жыхаркі Ганчароў, сумна вядомай самагоннымі справамі. Нягледзячы на тое, што гаспадыня відавочна была дома, дзверы, колькі ў іх ні стукалі, так і не адчыніла.
Мэтай аперацыі было выяўленне не толькі самагоншчыкаў, але і асоб, якія знаходзяцца ў грамадскіх ці на працоўных месцах у стане алкагольнага ап’янення, нецвярозых вадзіцеляў.
22 гадзіны 20 мінут. Ма-шынны двор СВК «Тальмінавічы». Цёмна, ліхтары не гараць электрычнасць адключана. Пад святло мабільнікаў знайшлі дзверы і зайшлі ў памяшканне. На вокліч адгукнуўся мужчына. Па яго словах, «вартаўнікі пахварэлі», а яго папрасілі за іх падзяжурыць. Алкатэстар паказаў у часовага дзяжурнага… 2,1 праміле алкаголю. Складзены адміністрацыйны пратакол.
Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі паведаміў, што за 19 і 20 мая па санкцыях пракурора праведзены 10 аглядаў месцаў, дзе магчымы выраб, захоўванне ці продаж спіртаўтрымліваючай вадкасці. Канфіскавана 72,5 літра брагі, 3,5 літра самагону, 13 літраў спірту, 4 самагонныя апараты. Да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане прыцягнута 25 жыхароў раёна (4 пратаколы складзены на грамадзян, якія распівалі спіртное ў зонах адпачынку: у райцэнтры на рацэ Ведзьма і ў Дараве на рацэ Шчара).

З пачатку года затрыманы 393 жыхары раёна, якія нецвярозымі знаходзіліся ў грамадскіх месцах. Супрацоўнікі РАУС выявілі і знішчылі 72,5 літра самагону, 765 літраў брагі, 15 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, 15 самагонных апаратаў. Складзена 62 адміністрацыйныя пратаколы на грамадзян за выраб, продаж і набыццё самагону.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *