Месяц май – на пашы рай

На пашавы перыяд слесар па рамонце даільнага абсталявання СВК «Ляхавіцкі» Сяргей Ходар перакваліфікуецца ў пастуха.

Зялёная маладая сакавітая трава – лепшы ласунак для рагулі. Як толькі надыходзіць пара, руплівыя гаспадары адпраўляюць кароў на пашавае, багатае пратэінам утрыманне. Менавіта гэты перыяд – адзін з адказнейшых у жывёлагадоўлі, час вялікага малака.

На пашу раёна сёлета ўжо выйшлі 44 гурты, у якіх налічваецца 7261 карова і 2000 цялушак, прызначаных для аднаўлення статка. КСУП «Востраў-Агра», «Ліпнянка», «Тальмінавічы», дзе закончыліся зімовыя прыпасы кармоў, а таксама СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», ДП «Нача» са стойлавага ўтрымання поўнасцю перайшлі на пашавае. У «Шляху новым» на свежае паветра перайшлі «жыльцы» трох малочнатаварных фермаў, у райаграсэрвісе і «Белпрампрыборы» – палова статка.
У райсельгасхарчы нагадалі: каб удосталь забяспечыць пагалоўе зялёнай масай, патрэбна мець для кожнай рагулі па 50 сотак травастою. У цэлым сельгаспрадпрыемствы раёна прытрымліваюцца такой рэкамендацыі. Але толькі ў «Ляхавіцкім», «Начы», «Белпрампрыборы» ўгоддзі своечасова перазалужаюцца. У астатніх гаспадарках уяўляюць сабой або натуральны травастой, або пашу, перазалужаную пяць і больш гадоў назад. Таму шматкампанентнай (а гэта адна з абавязковых умоў пажыўнасці) яе не назавеш, і пра багаты кармавы стол для рагуль у гэтых гаспадарках гаварыць не даводзіцца. Дарэчы, у трох згаданых сельгаспрадпрыемствах на кантролі і іншыя пытанні: усе пашы забяспечаны электрапастухамі, замацаваны транспарт для падвозу вады да кожнага гурта, укамплектаваны штат пастухоў. Зразумела, што на першым этапе пашавага перыяду жывёле недастаткова толькі зялёнай масы, таму ў большасці гаспадарак (выключэнне «Тальмінавічы» і «Ліпнянка») каровы атрымліваюць канцэнтраты перад выхадам на пашу і ў канцы дня.
– Неабходна адразу пасля першай касавіцы прыступаць да карэннага паляпшэння нізкапрадукцыйных кармавых угоддзяў – перазалужэння: за- араць глебу, унесці ўгнаенні, пасеяць аднагадовыя культуры (сумесь зернебабовых, проса), потым падсеяць шматгадовыя травы (злакі, бабовыя). Работы пачалі ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Перазалужэнне павінна быць праведзена да 1 жніўня, а там, дзе выкарыстоўваюцца толькі злакавыя, магчыма, – да 15 верасня, – расказвае выконваючы абавязкі начальніка райсельгасхарчу Ігар Яварчук.
У «Ляхавіцкім» на выпасе пад кантролем электрапастухоў з 14 да 18 гадзін 9 гуртоў.
– Без перазалужэння цяжка дабіцца якаснага травастою. Сёлета на большасці ўгоддзяў спачатку пасеялі гарох, гэта культура спрыяльна ўплывае на якасць траў. Наогул жа, рацыён жывёлы – асаблівая ўвага. Добра зарэкамендавала сябе меню з асарці (сілас, сянаж, маладая трава) – і пажыўна, і збалансавана, – расказвае намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі» Уладзімір Ксёнжык.
Хоць грамадскі статак і выйшаў на пашу, гэта не ва ўсіх выпадках азначае, што праблемы з кармамі закончыліся. Да таго ж, як адзначаюць спецыялісты райсельгасхарчу, сёлета вясна спазнілася, што таксама адмоўна паўплывала на рост траў: нават на перазалужаных і падкормленых угоддзях яны намнога бяднейшыя. Таму і сутачны надой павялічыўся на карову ў сярэднім усяго на кілаграм. Напрыканцы красавіка ён складаў 14 кілаграмаў малака, а за 22 мая – 15,2 кілаграма. Найбольш павялічыліся надоі ў «Начы» – на 1,6 кілаграма ад кожнай рагулі і цяпер складаюць 21,6 кілаграма.
Перыяд вялікага малака толькі пачаўся. Спецыялісты гаспадарак і райсельгасхарчу павінны трымаць пад кантролем усе арганізацыйныя моманты, у тым ліку, захаванне рэжыму выпасу, падкошванне пашы, наяўнасць вады для жывёлы. Вялікае значэнне мае добрасумленнасць і зацікаўленае стаўленне да работы людзей, якія даглядаюць статак.
Акрамя таго, менавіта ў пашавы перыяд руплівыя гаспадары рамантуюць, рэканструююць памяшканні, дзе ў стойлавы перыяд ўтрымліваецца жывёла. Хапае спраў і ў ветэрынарна-заатэхнічнай службы, перад спецыялістамі якой стаіць задача фарміравання высокапрадукцыйнага статка.

ФАКТ

Сёлета ў сельгаспрадпрыемствах раёна плануецца перазалужыць 3000 гектараў пашы, ужо зроблена больш за чвэрць.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *