Хутчэй, яшчэ хутчэй!

Самая хуткая беларуская бягуння сярод 16-17-гадовых дзяўчат, аказваецца, наша зямлячка Ганна Макоўская. Гэта высветлілася на спартакіядзе краіны па лёгкай атлетыцы сярод моладзі 2001- 2002 гадоў нараджэння. Вучаніца Навасёлкаўскай СШ на дыстанцыі 5000 метраў стала першай. Аня з’яўляецца і навучэнкай Ляхавіцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Яна разам з Таццянай Смірновай і Юрыем Тарлюком (СШ № 1) была ўключана ў склад каманды Брэсцкай вобласці на такія прэстыжныя рэспубліканскія спаборніцтвы. Гонар каманды, а таксама свайго раёна і СДЮШАР ляхавіцкія спартсмены абаранілі дастойна. У першы дзень спаборніцтва, акрамя Анінай перамогі, другі вынік у бегу на 2000 метраў з перашкодамі паказала Таццяна Смірнова, трэцім у бегу на 400 метраў стаў Юрый Тарлюк. На наступны дзень у скарбонку брэсцкай каманды ляхавіцкія лёгкаатлеты дабавілі яшчэ два пераможныя старты: Ганна Макоўская стала трэцяй на дыстанцыі 3000 метраў, як і Юрый Тарлюк – у эстафетным бегу.
Выхаванцы СДЮШАР Ляхавіцкага раёна ўнеслі ў залік каманды свайго рэгіёна найбольшую колькасць ачкоў з усіх аналагічных «прытокаў» Брэстчыны. Дарэчы, менавіта дружына Брэсцкай вобласці заняла першае месца на спартакіядзе, а з 67 каманд спартыўных школ Беларусі СДЮШАР Ляхавіцкага раёна – дзясятае.
Валянціна РУСАКЕВІЧ, дырэктар СДЮШАР.

Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *