Меню для міжсезоння. У Ляхавіцкім раёне ідзе корманарыхтоўка

Начальнік участка СВК «Ляхавіцкі» Генадзій Козел і механізатар Віктар Кардаш.

На канюшынным полі каля Рачкан работа кіпіць з раніцы да вечара. Зялёная сакавітая трава-першагодка, як сведчаць спецыялісты, самая спажыўная, добра ўрадзіла –
хоць невысокая, але густая. Цяпер для руплівых аграрыяў СВК «Ляхавіцкі» галоўная задача – не даць ёй перастаяць. На палетку працуюць два камбайны. Гаспадарка спраўляецца ўласнымі сіламі: у дастатковай колькасці тэхнікі, паліва і кадраў. Чаго не хапае, дык гэта дажджу.
Частка травы ідзе на закладку ў сянажныя траншэі, якія знаходзяцца недалёка ад поля. За тры дні тут утрамбуецца больш за тысячу тон сенажу. Астатняе адразу на месцы апранаецца ў белы поліэтылен і застаецца на часовае захоўванне на палетках. Галоўны аграном «Ляхавіцкага» Аляксандр Шымкевіч расказаў, што сёлета травы добрыя, плануецца нарыхтаваць 27-28 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. З траў першага ўкосу – 4800 тон сенажу і 200 тон сена. Усе 12 траншэй гатовы прыняць новы ўраджай.
Гаспадаркі раёна асноўныя аб’ёмы корманарыхтовак вядуць траншэйным спосабам. Як зазначылі ў райсельгасхарчы, пры захаванні тэхналогій менавіта гэты спосаб гарантуе якаснае меню на міжсезонны стол для рагуль.
Не адстае па якасці і плёначны метад кансервацыі сянажнай масы. Такі спосаб нарыхтоўкі ў нашым раёне практыкуюць акрамя «Ляхавіцкага» ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Нача», пачынаюць ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», «Шлях новы», «Жарабковічы».
Ход касавіцы разглядаўся на майскім пасяджэнні райвыканкама. Аналізуючы зробленае, старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі падкрэсліў: неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб своечасова, без страт і, галоўнае, якасна ўбраць травы, не ўпусціць аптымальныя фазы ўборкі. Не сакрэт, што кармы – гэта той базіс, на якім будуецца далейшае развіццё жывёлагадоўлі, у тым ліку і ў стойлавы перыяд.
Перад гаспадаркамі стаіць задача стварыць паўтарагадавы запас кармоў. Адстаючыя абавязаны падцягнуцца да флагманаў у корманарыхтоўцы – «Ляхавіцкага», «Начы», «Белпрампрыбора», «Жарабковічаў». Нельга дапусціць сітуацыю, якая склалася ў КСУП «Тальмінавічы», дзе травы перастаялі (касавіца, адпаведна і трамбоўка зялёнай масы ў траншэі пачаліся тут толькі напрыканцы мінулага тыдня). Сумеснае з КСУП «Востраў-Агра» корманарыхтоўчае звяно працавала ў гэты час на востраўскіх палетках, дзе закладзена траншэя на 340 тон сенажу.
У цэлым у раёне няма   істотных праблем з корманарыхтоўчай тэхнікай, задзейнічаны сем комплексаў КВК-800, 19 КГ-6 «Палессе», пяць «Ягуараў», 43 трактарныя касілкі, 40 прэс-падборшчыкаў. Пэўныя  праблемы з гатоўнасцю тэхнікі былі ў райаграсэрвісе, «Шляху новым».
Спецыялісты райветстанцыі рэгулярна выязджаюць на палі для праверкі якасці кармоў на вільготнасць, утрыманне пратэіну і інш. Тэрмометры і вільгацямеры для кантролю за якасцю закладкі кармоў ёсць ва ўсіх гаспадарках, акрамя «Ліпнянкі».
Па стане на 29 мая ў раёне скошана 4640 гектараў травастойных плошчаў, убрана 3595 гектараў. Пакладзена на захоўванне 15106 тон сенажу, з якіх 1108 тон – у рулоны. На адну ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім па раёне назапашана 1,9 цэнтнера кармавых адзінак з 27 запланаваных. Бясспрэчны лідар «Нача», дзе нарыхтавалі ўжо 7,9 цэнтнера кармавых адзінак. Закончыць першую касавіцу трэба да 5 чэрвеня, а некаторым гаспадаркам да 10 чэрвеня.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *