Лён – матэрыя тонкая

Апошнія два гады наш ільнозавод працуе ў рэжыме не максімальна магчымай загрузкі. Прычына банальная: і летась, і пазалетась не запасліся сыравінай у неабходнай колькасці.

Гадавая патрэбнасць прадпрыемства складае 11 тысяч тон трасты, з якой магчыма вырабіць каля 2,7 тоны льновалакна, у тым ліку больш за 850 тон – доўгага. А гэта асабліва каштоўны прадукт, які з’яўляецца асновай для вырабу якаснай тканіны. За чатыры месяцы бягучага года Ляхавіцкі льнозавод выпусціў 108 тон доўгага валакна. Не лепшы вытворчы складнік нават у параўнанні з далёка не паспяховым мінулым годам: за такі ж адрэзак 2017-га з канвеера прадпрыемства «доўгай» прадукцыі сышло на 10 працэнтаў больш. З другога боку, аб’ём агульнай ільновыпрацоўкі прыкладна на тыя ж 10 працэнтаў у адносінах да леташняга студзеня-красавіка павялічыўся і склаў некалькі за 660 тон. Прыбаўка ў аб’ёмах здарылася за кошт большага выхаду кароткага валакна. Але гэта ўжо мінорны тавар першаснай ільноперапрацоўкі: кароткае – валакно выкарыстоўваецца для вырабу грубай тканіны, вяровак, шпагату і ім падобнага тавару. Адпаведна і цана на кароткае істотна больш «кароткая». Пры гэтым вытворчы сабекошт абодвух прадуктаў калі і адрозніваецца, то не ў такой прапорцыі. Канешне, падобны расклад не мог не спраецыравацца на эканамічным становішчы льноперапрацоўшчыка.
– Пачынаючы з лютага завод не выходзіць на чысты прыбытак. Корань праблемы ў сыравіне, – гаворыць кіраўнік прадпрыемства Дзмітрый Скакун. Між іншым, за- бяспечыць вытворчасць сыравінай – першачарговая задача кіраўніцтва прадпрыемства.
Апошнім часам завод працаваў на сыравіне не самай лепшай якасці – тое, што засталося. Запасы лепшай якасці ўжо выпрацаваны, а атрыманае з яе льновалакно ў пераважнай большасці пайшло ў залік выканання дзяржаўнага заказу. Гэта святое, яшчэ і таму, што ў мадэрнізацыю прадпрыемства, якую больш правільна назваць новым будаўніцтвам, былі ўкладзены значныя бюджэтныя асігнаванні. Яшчэ банкаўскі крэдыт, на пагашэнне якога з рахунку прадпрыемства штомесячна пералічваецца немалая сума грошай. Нягледзячы на страты апошніх месяцаў, крэдытныя выплаты і ўсе іншыя неабходныя плацяжы завод ажыццяўляе своечасова. У тым ліку і сваё, заробленае, работнікі атрымліваюць своечасова, у сярэднім нязначна больш за 600 рублёў у месяц.
На працягу года льнозавод працаваў у рэжыме шасці машына-змен у суткі. Па тры – на старой і новай вытворчых лініях. Адрозненне паміж імі радыкальнае. Як у плане эфектыўнай прадукцыйнасці працы, так і што тычыцца ступені аўтаматызацыі вытворчага працэсу. У новым цэху ўсім кіруюць камп’ютары, роля чалавека хутчэй кантроль- ная – за адпаведнасцю працэсу зададзеным вытворчым параметрам. Ручную працу ў новым ільноперапрацоўчым цэху можна ўбачыць на самым старце і на фінішы цыкла. Спачатку пры непасрэдным удзеле работніка змены праводзіцца «роспуск» пададзенага на лінію рулона трасты і ўжо ў самым канцы тэхналагічнага ланцуга, калі траста становіцца валакном. Апошняе трапляе ў рукі сартавальніцы. Яе задача дыферэнцыраваць валакно, што называецца, па нумарах якасці.
Пасля некалькіх дзён работы ў чэрвені вытворчыя цэхі будуць спынены на планава-папераджальны рамонт працягласцю паўтара месяца. Персанал, за выключэннем спецыялістаў, занятых на рэгламентных работах, адправіцца ў чарговы гадавы водпуск.
Для работнікаў меха-нізаванага сельскагаспадарчага атрада водпуск улетку не прадугледжаны спецыфікай іх працы. Актыўна заняты на льняных палетках, клапоцяцца пра будучы ўраджай, дастатковы для поўнай гадавой загрузкі перапрапрацоўчых магутнасцяў. Параўнальна нядаўна «мехатрадаўцы» адсеяліся: уласна-завадскія пасевы сыравіннай культуры ў гэтым годзе складаюць 2150 гектараў. 260 гектараў ільну для патрэб ільнозавода пасеяла Ляхавіцкая міжрай-насенстанцыя, 400 – Баранавіцкі райаграсэрвіс.
Гэтым часам аграрыі льнозавода праводзяць работы па доглядзе пасеваў: падкормка, унясенне мікраэлементаў, хімічная праполка, іншае. Зранку і да вечара ў полі. На базу вяртаюцца часам ужо ў прыцемках. Працуюць на ўраджай, на пасевы. Сёлета яны выглядаюць больш здавальняюча, чым леташнія на гэты час, адзначаюць на прадпрыемстве.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *