Ёсць пытанне ад «ЛВ». 31 мая – Сусветны дзень без тытуню

Кінуць курыць лёгка, я сам кідаў разоў сто, сказаў некалі Марк Твэн… Далёка не кожны курэц, нават пры вялікім жаданні, знаходзіць у сабе сілы развітацца з гэтай шкоднай звычкай. Як нашы землякі ставяцца да курэння і курцоў – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Святлана ПАСТАРНАКЕВІЧ, інструктар-валеолаг райбальніцы:
– Дзень без тытуню, які штогадова адзначаецца 31 мая, – яшчэ адна нагода нагадаць пра шкоднасць курэння. Сама ніколі не курыла і нікому не раю пачынаць. Выдатна ведаю: курцы найбольш рызыкуюць захварэць анкалагічнымі, сардэчна-сасудзістымі, іншымі хваробамі. Ды і кошт цыгарэт не танны, іх пакупка для сямейнага бюджэту не самы патрэбны артыкул.

Вольга, індывідуальны прадпрымальнік:
– Пытанне для мяне даволі блізкае, бо куру даўно. Разумею, якая гэта шкода для здароўя, спрабавала кідаць. Пакуль нічога не атрымліваецца. Не буду курыць, напрыклад, на аўтобусным прыпынку –
гэта выглядае, на маю думку, неэстэтычна. Дома таксама абмежавана: па-першае, дзеці, я ж ім не вораг; па-другое, не хочацца маёмасць «загазоўваць» дымам.

Іван РУСІН, пенсіянер:
– Кінуць цыгарэту для мяне, курца з 40-гадовым стажам, было справай гонару. Паспрачаўся з сябрам, што «завяжу» з гэтай звычкай. Было цяжка, асабліва некалькі першых тыдняў. Ноччу нават снілася, як зацягваюся цыгарэтай. І дасёння не ведаю, ці парада жонкі браць цукерку, як толькі захочацца зацягнуцца, ці мая сіла волі паўплывалі, але з курывам я развітаўся вось ужо амаль два дзесяцігоддзі назад. Пра што ніколькі не шкадую, акрамя аднаго моманту – што не зрабіў гэтага раней. Дарэчы, сын узяў з мяне прыклад і таксама спыніў «дымнае» сяброўства. Унукі пакуль інтарэсу да курэння не праяўляюць.

Наталля НЕСЦЯРОВІЧ, жыхарка г. Ляхавічы:
– У маёй сям’і, на шчасце, гэту шкодную звычку не маюць ні муж, ні дзеці. Адмоўна стаўлюся і да цыгарэт, і да тых, хто курыць.
Лічу пасіўнае курэнне нават больш небяспечным. Чаму павінны пакутаваць людзі, якія самі не кураць? Як зразумець жанчыну з цыгарэтай, якая вязе ў калясцы дзіця? Няўжо яна не думае пра яго здароўе? Хоць і прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за курэнне на лесвічных пляцоўках у пад’ездах, але гэта не надта палохае курцоў. Неаднойчы рабіла заўвагі, што нельга курыць у грамадскіх месцах. Большасць на заўвагі рэагуе адэкватна. Але ёсць і такія, каму ўсё роўна. І скардзіцца на іх у міліцыю няёмка, жывём побач не адзін год.
Ведаю людзей, якія хацелі б кінуць цыгарэту, але самі не могуць. Чаму б не арганізаваць медыцынскую дапамогу, напрыклад, стварыць у паліклініцы «школу некурэння»?

Дзмітрый, студэнт:
– Паспрабаваў курыць у сёмым класе. Спачатку па цыгарэце ў дзень, потым пяць, дзесяць… Не ведаю, да якой лічбы дайшло б гэта захапленне, калі б не падхапіў запаленне лёгкіх на першым курсе ўніверсітэта. Урач катэгарычна забараніў курэнне. Задумаўся, пачытаў шмат інфармацыі ў інтэрнэце. І прыняў валявое рашэнне: кідаю. Не прыбягаў ні да дыет, ні да трэнінгаў, ні да кадзіравання. Сказаў цыгарэце «не» – і як адрэзаў. Сёння гляджу на тых, хто курыць, і не разумею, навошта яны гэта робяць.
Запісала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *