Зусім нямодна і вельмі шкодна. 31 мая – Сусветны дзень без тытуню

Кожныя шэсць з паловай секунд ад хвароб, звязаных з курэннем, у свеце памірае адзін чалавек, штогод такіх – 4,9 мільёна… На сённяшні дзень 1,3 мільярда жыхароў планеты нікаціназалежныя. Галоўнае згубнае для арганізма рэчыва ў тытунёвым дыме –   нікацін, менавіта ён фарміруе прывычку.

Прычын курэння ў раннім узросце шмат: кураць бацькі, цікаўнасць, хочацца здавацца дарослым… У сем’ях курцоў 50 працэнтаў дзяцей таксама кураць, у тых, дзе на цыгарэты –  табу, – 25.
Што ж адбываецца, калі вы ўдыхаеце тытунёвы дым? Першы ўдар на сябе прымаюць бронхі і лёгкія. Уплыў тэмпературы тытунёвага дыму (55-60 градусаў), асяданне сажы на слізістую бронхаў, альвеолы лёгкіх вядуць да развіцця «кашлю курыльшчыка», запаленчых захворванняў, павышэння рызыкі рэспіраторных інфекцый і нават раку лёгкіх. У тытунёвым дыме ўтрымліваецца больш за 4000 актыўных хімічных злучэнняў (фармальдэгід, бензол, мыш’як, сінільная кіслата, цыянід), многія з якіх высокатаксічныя і канцэрагенныя. Адзінай эфектыўнай мерай зніжэння смяротнасці ад гэтай формы раку з’яўляецца адмова ад шкоднай звычкі.
Другі ўдар нікаціну бярэ на сябе сардэчна-сасудзістая сістэма. Нікацін спачатку ненадоўга расшырае сасуды, а затым звужвае іх, з-за чаго пакутуюць усе органы ад недахопу кіслароду і сілкавальных рэчываў, якія паступаюць па сасудах з крывёю. Тыя, хто працяглы час і шмат курыць, у 13 разоў часцей хварэюць стэнакардыяй, у 12 – інфарктам міякарда. Пачынаюць утварацца тромбы, закупорваюцца вены. Уплыў нікаціну на мозг пачынаецца ўжо праз 7 секунд пасля першай зацяжкі. Уключаюцца біяхімічныя працэсы мозга, у чалавека пачынае развівацца псіхічная залежнасць. З цягам часу ён адчувае, што пасля курэння становіцца лепш, быццам гэта здымае стрэс. Але даказана, што курэнне само з’яўляецца стрэсам для арганізма.
Ад курэння пакутуе і страўнікава-кішачны тракт. Развіваюцца гастрыт, язвавая хвароба страўніка і 12-перснай кішкі.
Не на карысць гэта звычка і для рэпрадуктыўнай функцыі.
Усе ведаюць пра шкоду пасіўнага курэння. Устаноўлена, што 2/3 дыму ад згарэўшай цыгарэты трапляе ў знешняе асяроддзе і забрудж-вае яго нікацінам і смоламі. Падлічана, што знаходжанне на працягу гадзіны ў накураным памяшканні раўназначна чатыром выкураным цыгарэтам.
Як жа кінуць курыць? Гэта можна зрабіць хутка, калі ёсць цвёрды валявы настрой. Напрыклад, выкарыстаць сучасныя сродкі фармацэўтыкі (таблеткі, пластыры, жавальныя гумкі), якія дапамогуць справіцца з праблемай. Яшчэ адзін варыянт адвыкаць ад курэння – штодзённа змяншаць колькасць выкураных цыгарэт. Важны ўдзел блізкіх людзей.
Калі самастойна развітацца з курэннем не атрымліваецца, дапамогу гатовы аказаць урач-нарколаг.
У рамках акцыі, якая праводзіцца ў раёне з 18 па 31 мая «Беларусь супраць тытуню» арганізаваны сустрэчы са школьнікамі, навучэнцамі каледжа. Прачытаны лекцыі, праведзены прэзентацыі, гутаркі па пытаннях негатыўнага ўплыву тытунекурэння на арганізм чалавека і мерах барацьбы з ім. Навучэнцы прынялі ўдзел у анкетаванні на ступень залежнасці ад курэння. Былі апытаны 34 чалавекі, сярод якіх у 30 працэнтаў выяўлена сярэдняя рызыка развіцця нікацінавай залежнасці, 50 працэнтаў спрабавалі курыць.

ДАРЭЧЫ, 31 мая па тэл. 2-46-43 з 9.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00 будзе працаваць прамая тэлефонная лінія па пытаннях адмовы ад курэння.

Вікторыя ШЧАРБІНСКАЯ, урач-нарколаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *