Чыстае неба

На ўзгорках, сярод палёў, у маляўнічым куточку  Ляхавіччыны  дыслакуецца батальён  кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады. Гісторыя яго стварэння бярэ свой пачатак у 1962 годзе, калі ў лістападзе быў сфарміраваны 266-ы батальён кіравання ў складзе 8-й радыётэхнічнай брыгады.

У  1986 годзе ён перафарміраваўся ў 1658-ы вузел сувязі і апрацоўкі інфармацыі, потым былі і іншыя перафарміраванні. Пачынаючы з 1990 года, батальён уваходзіць у склад кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ваенна-паветраных сіл і войскаў супраць-      паветранай абароны.

Ваеннаслужачыя і служачыя  батальёна нясуць пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў Беларусі.  8-я радыётэхнічная брыгада ганарыцца сваімі слаўнымі традыцыямі і рытуаламі. Абавязкова ва ўрачыстай абстаноўцы заступае асабовы састаў на баявое дзяжурства, гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. На камандным пункце дзяжурныя няспынна сочаць за паветранай сітуацыяй у зоне сваёй адказнасці, праводзячы за суткі больш як 100 паветраных суднаў.

Нягледзячы на цяжкасці воінскай службы, звязаныя з вялікай адказнасцю, пастаянным напружаннем, ваеннаслужачыя батальёна ў адзіным і непадзельным «арганізме»  ва ўзаемадзеянні з часцямі ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА і часцямі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі выконваюць задачы па ахове  паветранай прасторы Саюзнай дзяржавы. Дзякуючы зладжаным дзеянням, адшліфаваным на разнастайных трэніроўках і вучэннях, салдаты і афіцэры з гонарам  і годнасцю выконваюць свой воінскі абавязак, і іх прафесіяналізм не раз пацвярджаўся на штогадовых буйных вучэннях, якія праходзяць у нашай краіне.

Словаў асаблівай удзячнасці і пашаны за выдатную службу заслугоўваюць начальнік камандна-тэхнічнага вузла маёр Дзмітрый Брадніцкі,  яго намеснік, начальнік комплексу сродкаў аўтаматызацыі капітан Юрый Малевіч, начальнік групы апрацоўкі інфармацыі старшы прапаршчык Аляксей Ляшкоў,  старшы тэхнік перадаючага радыёцэнтра вузла сувязі прапаршчык Дзяніс Кучура, начальнік радыёстанцыі перадаючага радыёцэнтра прапаршчык Сяргей Пранчак,  старшы планшэтыст групы апрацоўкі інфармацыі  яфрэйтар Вольга Дзенісюк, аператар групы кантролю яфрэйтар Наталля Ляшкова. Надзейная ахова каманднага пункта 8 РТБР граматна арганізавана начальнікам штаба — першым намеснікам  камандзіра батальёна кіравання маёрам Андрэем Мядзведзевым. Намеснік камандзіра па ўзбраенні маёр Сяргей Емяльянчык кіруе эксплуатацыяй тэхнікі і каардынуе работу па падтрыманні яе ў пастаяннай баявой гатоўнасці.

Правільная арганізацыя  харчавання, штодзённы быт і адпачынак асабовага саставу як у  ваенны, так і ў мірны час маюць важнае і важкае значэнне і адыгрываюць значную ролю ў дасягненні перамогі. Надзейны тыл забяспечваюць старшына батальёна прапаршчык Юрый Самусік, начальнік сталовай старшы прапаршчык Юрый Марчанка, начальнік аддзялення матэрыяльнага забеспячэння — начальнік склада прапаршчык Дзмітрый Чарняўскі.

Адказнасць і дысцыплінаванасць, арганізаванасць і прафесіяналізм, ініцыятыўнасць і творчы падыход у рашэнні складаных задач, самаахвярнасць і патрыятызм, заснаваныя на маральных каштоўнасцях беларускага народа і Узброеных Сіл краіны, — гэтымі якасцямі валодаюць ваеннаслужачыя  батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады. Мы вучымся і ўмеем абараняць неба нашай Радзімы — Рэспублікі Беларусь.

Сяргей ЗАДОРСКІ,
камандзір батальёна кіравання

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *