На «Рубеж» выклікаюцца…

На гэтым тыдні на беразе возера Вулькаўскага ў Івацэвіцкім раёне збярэцца вельмі неспакойная кампанія. У чацвер і пятніцу тут будзе праходзіць абласны турыстычны злёт падлеткаў, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, «Рубеж-2018».

Мэта злёту, які стаў добрай і яркай традыцыяй, – прапаганда здаровага ладу жыцця і далучэнне юных да актыўных формаў адпачынку. Гэта яшчэ і выдатны спосаб прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у асяроддзі «цяжкіх» падлеткаў, а менавіта яны – асноўны «кантынгент» злёту.
Пра тое, каб мерапрыемства было захапляльным, запамінальным і карысным, паклапаціліся яго арганізатары – Івацэвіцкі райвыканкам, камісія па справах непаўналетніх, галоўнае ўпраўленне ідэа-лагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўленні ўнутраных спраў, адукацыі, спорту і турызму аблвыканкама, а таксама гаррайвыканкамы.
Дарэчы, сярод удзельнікаў злёту – і ляхавіцкія рабяты, якія пазмагаюцца за перамогу ў шматлікіх турыстычных конкурсах. У праграме спаборніцтваў – валейбол і паласа перашкод, конкурс бівуакаў, паходных бутэрбродаў і камандных візітовак. Асабліва старанна юныя турысты рыхтаваліся да конкурсу пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі (устаноўка палаткі, вязка вузлоў і распальванне кастрышча).
Судзейская калегія назаве лепшыя каманды ў розных намінацыях, якія будуць адзначаны дыпломамі і сувенірамі. Пераможца агульнакаманднага заліку атрымае пераходны кубак упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *