Камунальная гісторыя і геаграфія

Здаецца, што ў горадзе і раёне няма той сферы жыцця, дзе б не прыклалі сваёй рукі камунальнікі. Прынамсі, кола дзейнасці гэтай арганізацыі акрэслена і ў яе назве — камунальнае унітарнае многагаліновае вы-творчае прадпрыемства. А калі больш падрабязна, то тут працуюць паўтысячы чалавек, якія ўмеюць і могуць зрабіць літаральна ўсё.

За прыкладам і хадзіць далёка не трэба. Добраўпарадкаванне горада — пытанне, якое заўсёды ўсіх хвалюе: навядзенне і падтрыманне парадку, вываз снегу з горада зімой, а вясной упрыгожванне кветкамі, якія вырошчваюцца ва ўласнай цяпліцы. Калі часам здараецца праблема ацяпляльна-водна-каналізацыйная, то на выклік немарудзячы выязджае аварыйна-тэхнічная служба, на-дзейна працуюць кацельная гаспадарка, энергетычная служба, участкі аўтатранспар-ту, рамонтны, кантрольна-вымяральных прыбораў і іншыя.  Грошы трэба зарабіць — пра гэта тут ведае кожны з працуючых.

Пра  арганізацыю жыцця-дзейнасці прадпрыемства, якое дае жыхарам нашага горада і раёна цяпло, ваду, адрамантаваныя гарадскія дарогі і тратуары, дамы і добраўпарадкаваныя двары, дагледжаныя паркі, скверы, газоны і многае іншае, расказвае дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»  Аляксандр МЯДЗВЕЦКІ.

— Аляксандр Яўгеньевіч, на лініі спынілася падача электраэнергіі, а вы ўключылі вентылятар, працуе камп’ютар. Вы чараўнік?

— Ніколі ім не быў і ніколі не спадзяваўся на нешта нерэальнае ці на тое, што без затрачанай працы можа зваліцца з неба прыбытак. Проста на ўзбраенні нашага прадпрыемства ёсць 7 спецыяльных  аўтаномных крыніц бесперабойнай падачы электраэнергіі. І гэта, скажу вам, выратаванне, калі трэба правесці тэрміновыя зварачныя работы, асвятліць ноччу аб’ект, які рамантуецца. Ды вось і ў нашым выпадку: ніхто з супрацоўнікаў нават не адчуў, што на лініі непаладка. Гэта сучаснае абсталяванне, без якога сёння не абысціся, а набылі яго літаральна за апошнія гады.

— Здаецца, сёння прадпрыемства стала больш тэхнічна ўзброеным і мабільным. Гэта бачна і калі патрэбна вырашаць тэрміновыя задачы, спакойна, без аўралаў ліквідуюцца бягучыя праблемы, знаходзяцца пэўныя  сродкі для гэтага. Вы пабагацелі? Калі так, то дзе тая крыніца сілкавання?

— Пачну з таго, што мяняецца час, і ён дыктуе свае задачы. Калі ўзначаліў прадпрыемства 6 гадоў назад, у камунальную ўласнасць перадаваўся жылфонд, кацельні, воданапорныя вежы, камунікацыі і г.д. — уся тая гаспадарка, якую маем цяпер. Важна было правільна расставіць сілы, выдзеліць участкі канкрэтнай дзейнасці і арганізаваць іх работу. Так, грошы патрэбна зарабіць, таму асноўныя работы выконваем сваімі сіламі: перакладваем цепласеткі, добраўпарадкуем тэрыторыі двароў, праводзім капітальны рамонт жылфонда і г.д., аказваем платныя паслугі, якія, дарэчы, летась прынеслі прадпрыемству больш як 800 мільёнаў рублёў. Заўсёдная ўвага ўдзяляецца тэхнічнаму пераўзбраенню і ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. За 6 гадоў участак аўтатранспарту, напрыклад, папоўніўся 20-цю адзінкамі тэхнікі: куплены аўтакран, аўтавышка, 2 лесавозы, бульдозер, смеццявозы і іншыя спецсродкі. Усё зарабляем самастойна, эканомім, рацыянальна і беражліва выкарыстоўваем энергарэсурсы. У нашага калектыву дэвіз: менш слоў, а больш справы.

— Каб выконваць значныя аб’ёмы работ і, што вельмі важна, любой накіраванасці, патрабуюцца майстры  шырокага профілю. Як замацоўваеце спецыялістаў на сваім прадпрыемстве?

— Ідэалогія развіцця прадпрыемства — тая аснова, якая і фарміруе дзейнасць калектыву. У нас дысцыпліна працы — галоўнае патрабаванне, і яно прыносіць стабільнасць работы прадпрыемства. Хто з ім не згаджаўся, тыя ўсе звольніліся, засталіся прафесіяналы, людзі, якія валодаюць дзелавымі якасцямі. Быццам бы дробязь, але без бэйджыка, на якім указана прозвішча майстра, ніхто не пойдзе выконваць заданне. Гэта свайго роду кантроль: незадаволены работай заказчык будзе ведаць каму прад’явіць прэтэнзіі. Згадзіцеся, дысцыплінуе, абавязвае, вымушае трымаць марку. Між іншым, добрыя спецыялісты атрымліваюць і адпаведную зарплату. Да тых, хто пажадае стаць членам нашага калектыву,  патрабаванне адно: пакажы, што ты ўмееш рабіць. А калі чалавек яшчэ не браўся за работу, а ўжо гаворыць, што зрабіць яе немагчыма, той для нас не прэтэндэнт.

— Паколькі дзейнасць камунальнай службы прама ці ўскосна датычыць кожнага жыхара, то, напэўна, не апошняя роля адводзіцца і рабоце з насельніцтвам горада і раёна?

— Гэта таксама частка нашай ідэалагічнай работы — растлумачальная. Здаецца, што ўсе гараджане і вяскоўцы разумеюць: добраўпарадкаванне свайго двара, вуліцы, населенага пункта — абавязак, бо робіцца ўсё найперш для сябе, сваіх дзяцей. Але кожны год камунальнікі высаджваюць сотні дрэў і кустоў, кветкі, а далучаюцца да іх зусім ня-многія. Абывацельскія адносіны многіх прыводзяць да таго, што часта бяздушна знішчаецца зробленае з любоўю. Звяртаюся да ўсіх жыхароў: давайце будзем разам клапаціцца пра наша быццё, тады многія праблемы вырашацца самі сабой. Возьмем, напрыклад,  вываз смецця. На гэту паслугу многія жыхары горада і раёна заключылі   дагаворы з нашым прадпрыемствам. Між іншым, значная частка насельніцтва лічыць, што гэта неабавязкова… Становіцца відавочным, як мы клапоцімся пра добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў. У ідэальным варыянце было б 100-пра-цэнтнае супрацоўніцтва, якое і вырашыла б праблему.

— У бліжэйшы час наш горад абяцае пераўтварыцца: ужо сёння адзін за другім мяняюць аблічча мікрараёны, вуліцы, жылыя дамы, пабудовы культурнага і адміністрацыйнага прызначэння. Якая доля працы ў гэтых пераменах адводзіцца Ляхавіцкаму жылкамунгасу?

— Вельмі значная, і мы стараемся апраўдаць усе спадзяванні. Дарэчы сказаць, з 70 кіламетраў цепласетак, якія значацца на балансе нашага прадпрыемства, трэцяя частка ўжо заменена на новыя. У раёне пабудавана 3 станцыі  абезжалезвання вады, шмат свідравін, паралельна выконваем шматлікія будаўнічыя работы і добраўпарадкуем тэрыторыю. Навучыліся самі будаваць дахі, умацоўваць стыкі панэльных дамоў і многае іншае. Падрыхтавалі дакументацыю на капрамонт усіх дамоў па вуліцы Леніна. Наогул, без удзелу камунальнікаў не абыдзецца ні адна справа. Таму, карыстаючыся магчымасцю, я з вялікім задавальненнем і гонарам віншую ўсіх сваіх калег — работнікаў  Ляхавіцкага жылкамунгаса з 65-годдзем з дня ўтварэння прадпрыемства. Канечне, нават і параўноўваць нельга дзень сённяшні і тое фарміраванне, якое ўзнікла ў 1947 годзе. Развіццё, рэфармаванне, тэхнічнае пераўзбраенне за гэты час адбывалася, дзякуючы настойлівай працы ветэранаў вытворчасці некалькіх пакаленняў, старанням сённяшніх спецыялістаў, рабочых і служачых. Толькі за апошнія 6 гадоў прадпрыемства атрымала каля 30 дыпломаў і грамат за працоўныя поспехі і перамогі. Мы і далей будзем імкнуцца да дасягнення  новых пастаўленых мэт, прафесійна ўдасканальвацца дзеля  дабрабыту сваіх землякоў. Дзякуй усім за працу, энтузіязм, творчасць, натхненне, з якім сёння камунальнікі сустракаюць юбілейную дату. Здароўя, новых працоўных здзяйсненняў, дабрабыту, шчасця і радасці пад дахам кожнага дома!

Гутарыла Аліна ЛАПІЧ


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *