Для сваёй зямлі. 5 чэрвеня адметная старонка ў экалагічным календары: сусветная грамадскасць адзначае Дзень аховы навакольнага асяроддзя

5 чэрвеня адметная старонка ў экалагічным календары: сусветная грамадскасць адзначае Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Гэта дата –выдатная нагода, каб азірнуцца наўкол, правесці «рэвізію» сваіх экалагічных звычак і паводзін, ацаніць аб’ём зробленага і перспектывы.

Літаральна некалькі цікавых фактаў.
Сёння плошча асабліва ахоўваемых тэрыторый у раёне – больш як 14240 гектараў. Як нагадаў галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч, такі статус маюць паркавыя ансамблі «Рэпіхава» і «Савейкі», што з’яўляюцца помнікамі прыроды, а таксама гідралагічныя заказнікі «Лагоня», «Выганашчанскае» (ён размешчаны на Ляхавіччыне часткова), заказнікі «Вусце Мышанкі», «Цыгань», «Ліпск». Гэтыя і не толькі тэрыторыі сталі месцам жыхарства раслін і жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу. Жоўты рададэндран і белы гарлачык, пярэсна еўрапейская і белая піхта, горны купальнік і чарамша – далёка не поўны пералік нашай чырванакніжнай флоры. Калі некалькі гадоў назад на тэрыторыі Востраўскага сельсавета ствараўся заказнік «Вусце Мышанкі», акрамя яшчэ адной немалой плантацыі мядзведжай цыбулі, навукоўцы выявілі тут рэдкія не толькі для нашага раёна расліны: кадзіла сармацкае, якое ў народзе называюць беларускім бальзамам, зубніцу клубняносную, берулу прамую, чараўнік зеленакветкавы. І хто ведае, якія яшчэ тайны хавае ў сабе вусце невялікай рачулкі… Што датычыць чырванакніжнай фаўны, то сярод насельнікаў ляхавіцкіх лясоў і балот – рысь і шэры журавель, вяртлявая чаротаўка і балотная чарапаха, барадатая няясыць і барсук, малы і вялікі бугай, сінічка-рэмез, арлан-белахвост і іншыя жывёлы і птушкі, чые віды ўключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу.
Наогул, робіцца многае, каб абудзіць інтарэс да экалагічных пытанняў у падрастаючага пакалення. І вынікі яскрава сведчаць – атрымліваецца. Днямі намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка падзялілася прыемнай навіной: усе чатыры работы, дасланыя мясцовымі школьнікамі на абласны этап конкурсу «Квітней, мой лес!», увайшлі ў лік пераможцаў. Цяпер Брэстчыну на рэспубліканскім этапе экалагічнага конкурсу прадстаўляюць даследаванні Арсенія Лахманкова з Жарабковіцкай школы і яго педагога Галіны Бунель, Ягора Гатоўчыца з Крывошынскай СШ і педагога Юрыя Сельмановіча пра жука-караеда, Алёны Васілеўскай з Тальмінавіцкай СШ і Святланы Ходар пра расліну амялу, Мацвея Зелянеўскага з Востраўскай СШ і настаўніцы Ганны Пашкоўскай пра асноўныя мясцовыя лесаўтваральныя пароды і карысць «мёртвай» драўніны. Апошняя тэма здаецца дзіўнай? Ніколькі, сцвярджае Наталля Адаменка. Пакідаць частку лясных плошчаў (як правіла, каля 5 працэнтаў) у некранутым стане – з сухімі дрэвамі, бураломам і драўнянай парахнёй – рэкамендацыя міжнароднай сістэмы сертыфікацыі. Эколагі сцвярджаюць: калі лясы поўнасцю ачысціць ад пашкоджанай і «мёртвай» драўніны, іх біяразнастайнасць зменшыцца амаль на трэць! Безумоўна, гэта не азначае, што зялёнаму сябру не патрэбна дапамога. Барацьба са шкоднікамі і хваробамі, наступствамі бураломаў, санітарныя высечкі і актыўнае лесааднаўленне – далёка не ўсё, чым займаецца лясгас. Толькі летась і сёлета новыя лясы пасаджаны на плошчы амаль 250 гектараў. Зараз на тэрыторыі Крывошынскага лясніцтва закладваецца пяцігектарная лесанасенная плантацыя еўрапейскай елкі, што праз пэўны час дазволіць мець сваё насенне палепшанай селекцыі.
А гэтая інфармацыя не такая аптымістычная: з пачатку года супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў склалі 24 адміністрацыйныя пратаколы на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Часцей за ўсё нашы землякі грашаць тым, што выкідаюць смецце, дзе яго быць не павінна, напрыклад, вывозяць у лес. Знайшліся грамадзяне, якія самавольна спілавалі дрэвы. Акрамя штрафаў, некаторым таварышам давялося кампенсаваць яшчэ і шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю. Уявіце, як здзівіліся чацвёра не асабліва сумленных грамадзян, якія цішком нашкодзілі ў лесе, калі лясгасаўцы прад’явілі ім прэтэнзіі з неаспрэчнымі доказамі, «здабытымі» з дапамогай фотапастак…
Між іншым, беражлівае стаўленне да прыроды, у тым ліку паасобны збор смецця і другаснай сыравіны, – тое нямногае, што для сваёй зямлі і землякоў у Год малой радзімы здольны зрабіць кожны з нас.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *