Жыццёвыя перспектывы. У Ляхавічах пабываў Міністр інфармацыі

Праграма рабочай паездкі Міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча ў Ляхавіцкі раён была насычанай і пачалася з сустрэчы са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Камінскім. Потым – рэдакцыя газеты «Ляхавіцкі веснік», бібліятэка імя Янкі Купалы, аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту.

Пра перспектывы развіцця краіны, пра галоўныя задачы дня сённяшняга і расклад на заўтра гаварыў Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на сустрэчы з педагогамі, работнікамі культуры, раённага аддзялення аблсаюздруку і журналістамі «Ляхавіцкага весніка» ў мінулы чацвер у праграме адзінага дня інфармавання. Тэма – Пасланне Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Міністр засяродзіў увагу на тым, што датычыць усіх і кожнага, на здабытках і праблемах, блізкіх і больш аддаленых планах, а таксама на адказнасці, мэтанакіраванасці, выніковасці працы.

Размова была настолькі жывой і зацікаўленай, што падштурхнула аўдыторыю актыўна яе працягваць і ўвасобілася ў шматлікія пытанні да Міністра. Гаворка ішла пра маладых спецыялістаў і пра тое, што не зжыла сябе мэтавая форма іх падрыхтоўкі, пра перспектывы сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку, рэгіянальных, пра хуткія змяненні ў закон аб СМІ, накіраваныя на павышэнне адказнасці інтэрнэт-СМІ і карыстальнікаў сусветнай сеткі. Абмяркоўвалі ідэю-прапанову стварэння ў краіне музея газеты і аналагічных музейных куткоў у раёнах ці пры раёнках.
Не сакрэт, што Аляксандр Карлюкевіч з’яўляецца вядомым беларускім пісьменнікам, аўтарам шматлікіх кніг і літаратурных даследаванняў. Таму не выпадкова пацікавіліся ляхавічане, ці хапае часу на творчасць цяпер, калі ён узначальвае Міністэрства інфармацыі.
На гэта, як і на іншыя пытанні, Аляксандр Мікалаевіч адказаў шчыра, глыбока, поўна. Адно з іх датычыла сувязі з малой радзімай, тым больш, што гэты год у Беларусі праходзіць менавіта пад знакам малой радзімы – месца, якое назаўсёды прапісана ў сэрцы. І гэта не толькі эмоцыі, але і жаданне нешта зрабіць для дарагога куточка зямлі. Аляксандр Мікалаевіч расказаў, што сёлета ў дзень рэспубліканскага суботніка ён разам са сваімі землякамі працаваў на добраўпарадкаванні старых партызанскіх могілак у Пухавіцкім раёне, што гэта так важна і так патрэбна на любой пасадзе, у любым узросце не парываць сувязь са сваёй малой радзімай.
Пасля сустрэчы, якая адбылася ў ляхавіцкай купалаўцы, Міністр наведаў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, пазнаёміўся з умовамі, створанымі тут для правядзення вольнага часу, у тым ліку, для заняткаў творчасцю.
Яшчэ адным пунктам на маршруце рабочага візіту Міністра, канешне, стала рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік».
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА і Сяргея ВАРАНОВІЧА.Больш фота тут

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *