У тарфянікаў сваё жніво

Не толькі аграрны сектар сельскагаспадарчай вытворчасці можна назваць цэхам пад адкрытым небам. Магчыма, яшчэ ў большай ступені, чым аграрыі, на надвор’е спадзяюцца здабытчыкі торфу. Цяпло і сонца – іх саюзнікі і партнёры.

Сыравінай для вытворчасці паліўных брыкетаў з’яўляецца фрэзерны торф неабходнай фракцыйнасці і вільготнасці. Стандартны сезон яго нарыхтоўкі доўжыцца 4 месяцы – з мая па жнівень. Але здараюцца і адхіленні: калі запланаваныя аб’ёмы крошкі па завяршэнні жніўня здабыць не атрымалася, тарфаздабытчыкі могуць захапіць і частку верасня, калі, вядома, ён дастаткова шчодры на сонца і цяпло. Сонца і цяпло могуць таксама перанесці старт сезона здабычы на красавік. Сёлета здарылася іменна так, расказаў дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Надвор’е надвор’ем, але і праведзеная заводам міжсезонная падрыхтоўка дазволіла некалькі раней выйсці на балота. Падрыхтоўка азначае комплекс мерапрыемстваў: работа на працягу ўсяго сезона адпачынку помпавых станцый, своечасовая і якасная падрыхтоўка асушальнай сеткі, давядзенне да ладу комплексу «балотных» машын і механізмаў. Як вынік, па стане на 30 мая завадчане ўжо забяспечылі сябе сыравінай на 42 працэнты ад планавай лічбы. Апошняя раўняецца 246 тонам фрэзернага торфу адноснай вільготнасці да 45 працэнтаў. На фоне добрай працы ўсяго калектыву (а пры спрыяльным надвор’і работа на ўчастку доўжыцца да глыбокага вечара) асобныя вызначыліся асабліва. Напрыклад, машыніст штабелюючай машыны Генадзій Гутырчык яшчэ 18 мая справіўся з сезонным заданнем.
Сваё «жніво» тухавіцкія тарфянікі працягваюць, высокі старт мяркуе і працяг у параўнальным тэмпе.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *