Спортпляцоўка

Далучаемся да віншаванняў. І згодны, што фізічная культура — гэта магутны пласт агульнай культуры чалавека.Заўважана, радуе і абнадзейвае тэндэнцыя апошняга часу — быць спартыўным модна.

Гэта, канешне, другаснасць, аднак, любая модная ідэя вельмі часта выступае ў якасці лакаматыва, кропкі прыцягнення, дакрануцца да якой лічаць неабходным многія. А лепш за здаровую ідэю можа быць толькі рэалізацыя гэтай ідэі. У здаровы лад жыцця, які не ўяўляецца без заняткаў фізічнымі практыкаваннямі. Галоўнае, каб з розумам, у адпаведнасці з магчымасцямі, пажадана на рэгулярнай аснове і ў камбінацыі з выкананнем іншых нормаў і правілаў. Банальна, але тыдні трэніровак могуць лёгка «пайсці» дымам адной выкуранай цыгарэты.

«Прышчапіць» здаровую ідэю адным, засцерагчы ад непатрэбнага фанатызму іншых прызваны, у тым ліку, і людзі, што адзначаюць сёння сваё прафесійнае свята. Школьныя фізрукі, інструктары-метадысты на канкрэтных тэрыторыях, у арганізацыях, на прадпрыемствах, трэнерска-выкладчыцкі склад ДЮСШ. Прызванне апошняй, дарэчы, — не масавая фізкультура, а мэтанакіраваная работа па падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву па відах спорту. Ляхавіцкая спецыялізацыя — футбол, гандбол, дзюдо, лёгкая атлетыка.

— У школе займаецца 555 хлопчыкаў і дзяўчынак. Як і ва ўсім свеце, спортам нумар адзін у нас з’яўляецца футбол, — адзначае дырэктар ДЮСШ Валянціна Русакевіч. — Па папулярнасці, па колькасці жадаючых стаць Месі і Раналда. Што да вынікаў выступленняў на рознага рангу спаборніцтвах, — лідарства ўтрымліваюць дзюдаісты і лёгкаатлеты. Гэтымі днямі — 17, 18, 19 мая — усе 3 нашыя трэнеры дзюдо будуць са сваімі выхаванцамі на спаборніцтвах. На абласной спартакіядзе школьнікаў, спартакіядзе Рэспублікі Беларусь сярод ДЮСШ, а Віктар Богуш і яго вучаніца член  зборнай краіны Кацярына Рабцэвіч адпраўляюцца ў Польшчу для ўдзелу ў Кубку Еўропы сярод спартсменаў 1996-97 гадоў нараджэння. Лёгкаатлеты літаральна на днях вярнуліся з Гродна з першынства краіны. Каманда Брэстчыны, у складзе якой выступалі Лізавета Кандрацьева, Кірыл Максіменка і Уладзіслаў Марціновіч стала там другой. Такі ж вынік на дыстанцыі ў 2000 метраў з пера-шкодамі паказаў і асабіста Марціновіч.

Апошняе заметнае выступленне гандбалістаў мела месца ў канцы красавіка ў Брэсце. На абласным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў «Імклівы мяч» каманда 12-13-гадовых гандбалістак трэнера Аксаны Лойка таксама адзначылася другой пазіцыяй. Гэта толькі з апошняга, а можна было б і «глыбей» паглядзець…

Вось так: матэрыял быў задуманы ў выглядзе кароткай замалёўкі пра дырэктара ДЮСШ, а атрымалася пра школу са слоў дырэктара.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *