Бронзавы бляск “Перамогі”

Рознага поля ягады — барацьба самба і дзюдо. Можна весці гутарку пра непадабенства правіл вядзення схватак, пра ўласцівыя аднаму з відаў асаблівасці тэхнічных дзеянняў.

У параўнанні з сілавым самба, стыль дзюдо выглядае дынамічней, з’яўляецца больш пластычным, хуткім. І, дарэчы, больш прэстыжным, паколькі мае алімпійскі статус. Пры ўсім гэтым дзюдо і самба ўсведамляюцца хоць і не ў вобразе братоў-блізнят, але блізкіх сваякоў — абавязкова. Выступленні дзюдаістаў у спаборніцтвах па самба з’яўляюцца звычайнай, даўняй і, як правіла, паспяховай практыкай.

11-12 мая Бабруйск прымаў чарговую спартакіяду навучэнцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь па самба сярод юнакоў 1995-97 гадоў нараджэння. Любыя старты ў фармаце спартакіяды вызначаюцца ў тым ліку масавасцю і шырокім геаграфічным прадстаўніцтвам удзельнікаў. Так і ў Бабруйску, дзе, як расказаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Георгій Барысевіч, былі прадстаўлены практычна ўсе спецыялізаваныя барцоўскія школы краіны. У горад на Беразіне Ляхавіччына камандзіравала квартэт выхаванцаў аддзялення дзюдо мясцовай ДЮСШ. Выступленне кожнага з хлопцаў аказалася прызавым. Трэцімі сталі Кірыл Ланкуць і Кірыл Пілінога, другое месца заваяваў Пілінога Уладзіслаў, а Уладзіслаў Цярпіцкі выйшаў у пераможцы спартакіяды.

Прыкладна ў паралельныя з гэтым тэрміны спаборнічалі і нашы 14-гадовыя дзюдаісты і дзюдаісткі. У шэрагу разнапланавых мерапрыемстваў, прысвечаных вялікаму дню 9 Мая, значыўся і Маскоўскі міжнародны турнір па дзюдо «Перамога». Максімальнае прадстаўніцтва там мелі спартыўныя клубы, школы і секцыі Масквы і некаторых іншых гарадоў Расіі, былі дзюдаісты з Украіны. Былі юнакі і дзяўчаты з Ляхавіцкай ДЮСШ. І калі першым п’едэстал маскоўскага турніру не скарыўся, Алеся Барысевіч, Кацярына Мацулевіч і Крысціна Янушка здолелі падняцца да трэцяга прызавога месца.

Акрамя выключна спартыўнага інтарэсу, Масква для нашых юных землякоў уяўляла і экскурсійна-пазнавальную цікавасць. Арганізацыя турніру прадугледжвала, у тым ліку, і наведванне ўдзельнікамі некаторых знакамітых месцаў расійскай сталіцы.

Тур адбыўся па запрашэнні кіраўніцтва маскоўскіх спартклубаў «Мар’іна» і «Барэц». З імі ў ляхавічан устанавіліся добрыя партнёрскія адносіны. Сумесныя на базе нашай ДЮСШ трэніроўкі становяцца ўжо традыцыяй. Напрыклад, гэтым летам чакаецца чарговы вучэбна-трэніровачны збор дзюдаістаў Масквы ў Ляхавічах.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *