Маладосць прафесіяналізму не перашкода

Пасля паспяховага заканчэння дыягнастычнага аддзялення Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па размеркаванні прыехаў на першае месца працы ў Ляхавіцкую райбальніцу ў якасці  ўрача-рэнтгенолага Сяргей Памазанскі.

— У мяне былі перспектывы працаваць ў Гомелі ці прадоўжыць вучобу ў аспірантуры, аднак  хацеў абавязкова вярнуцца на сваю малую радзіму і практыкаваць. І да бацькоў, якія жывуць у Ліпску, хацелася быць бліжэй, я так  рэдка бываў дома, пакуль вучыўся, — расказвае малады ўрач.

Да сваёй мэты стаць доктарам Сяргей ішоў паступова, але ўпэўнена і мэтанакіравана. Пасля школы спачатку стаў навучэнцам Баранавіцкага медыцынскага вучылішча, дзе атрымаў спецыяльнасць фельчара-акушэра, а потым і студэнтам медуніверсітэта.

— Мне падабаецца мая прафесія і тое, чым я займаюся. Я засвоіў не толькі  прафесійныя навыкі, але і многае з псіхалогіі, што вельмі дапамагае падчас  зносін з людзьмі, асабліва, калі гэта датычыцца здароўя, — дзеліцца  Сяргей Памазанскі.

Маладому спецыялісту даверылі важны ўчастак работы. Ён не толькі, як на далоні, бачыць органы пацыента на рэнтгенаўскім здымку і на маніторы камп’ютара, але і ўсе змяненні ў іх, калі праводзіць ультрагукавое абследаванне.

— У райбальніцы  ёсць сучаснае медыцынскае абсталяванне, на якім працаваць адно задавальненне. У бліжэйшы час з’явіцца  і новы стацыянарны рэнтгенапарат. У бліжэйшыя дні  я паеду на курсы, дзе навучуся рабіць УЗІ малочных залоз і сасудаў, што важна ў дыягностыцы хвароб, —  расказвае пра перспектывы  ўрач Памазанскі.

Пакуль Сяргей задаволены і вырашэннем кватэрнага пытання: разам з маладымі стаматолагамі здымаюць кватэру, прычым пэўную частку платы за яе ўносіць бальніца, якая поўнасцю забяспечыла маладыя кадры новай мэбляй.

— Не буду гаварыць за іншых, а я хачу застацца жыць і працаваць на Ляхавіччыне, — сцвярджае Сяргей Памазанскі.

Уявіце, як складана было працаваць доўгі час загадчыку неўралагічнага аддзялення райбальніцы Канстанціну Марчыку практычна аднаму. Сёння сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Спачатку Вольга Дубіна перакваліфікавалася, прайшоўшы спецыяльную перападрыхтоўку, з загадчыцы Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі ва ўрача-неўролага (дарэчы, да гэтага часу жыхары аграгарадка Навасёлкі і блізкіх вёсак вельмі шкадуюць, што ад іх забралі такога ўважлівага, шчырага і клапатлівага доктара). Вось ужо другі год запар Вольга Валер’еўна прымае  пацыентаў у паліклініцы, лечыць хворых у стацыянары, паспявае і на прафілактычныя агляды. За дзень іншы раз даводзіцца пракансультаваць да… 100 чалавек.

Працоўны стаж у неўролага Дзіяны Марчык адлічваецца са жніўня 2011 года, калі малады ўрач па размеркаванні прыехала працаваць у райбальніцу. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта  адразу, як гаворыцца, знайшла сябе ў прафесіі. Дзіяну Уладзіміраўну калегі паважаюць за адказнасць і надзейнасць, шматлікія пацыенты удзячны за кампетэнтнасць, уважлівасць і дабрыню.

— Я з кожным днём упэўніваюся ў правільнасці выбару прафесіі, медыцына — гэта маё.  Для мяне важна і прыемна, што больш вопытныя калегі ніколі не адмаўляюць у дапамозе і парадзе. Тут створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту кадраў. Адміністрацыя бальніцы абяцае ў бліжэйшы час дапамагчы з вырашэннем жыллёвага пытання, — гаворыць Дзіяна Уладзіміраўна. Дарэчы, яна — кадр важны ўдвая. Яна не толькі вельмі патрэбны неўролаг, але і жонка ўрача-хірурга, які зараз праходзіць інтэрнатуру ў Баранавічах. І са жніўня прыйдзе на работу ў Ляхавічы.

One thought on “Маладосць прафесіяналізму не перашкода

  • 24/08/2012 в 12:50
    Permalink

    Радует приход молодых медиков. Только бы не сбежали.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *