І спартыўныя, і адукаваныя

Па традыцыі май — адметны месяц для аматараў турызму і краязнаўства. Менавіта ў гэты час  турыстычна-краязнаўчы  раённы злёт збірае  прыхільнікаў вандровак, песень вакол кастра, незабыўных падарожжаў. Спаборніцтвы сярод лепшых турыстычных каманд заўсёды праходзяць цікава і непрадказальна.

Сёлета ў іх у лясным масіве каля вёскі Мыслабаж прынялі ўдзел 250 турыстаў і краязнаўцаў  са школ Ляхавіччыны. На працягу 2 дзён  хлопчыкі і дзяўчынкі дэманстравалі тэарэтычныя веды і практычныя навыкі па тэхніцы горна-пешаходнага турызму.  Юныя турысты ўстанаўлівалі палаткі, укладвалі рукзакі, распальвалі кастры, вязалі вузлы і спаборнічалі ў іншых конкурсах.

Кожная каманда прадставіла  матэрыялы на конкурс даследчых работ «Таямніцы малой радзімы», якія збіраліся на працягу навучальнага года і абараняліся непасрэдна падчас злёту. На выдатна справіліся і з хатнім заданнем — падрыхтавалі на беларускай мове літаратурнае эсэ, прымеркаванае да Года кнігі. Запомнілася рабятам і гульня-віктарына «Літаратурнаяскарбонка», падчас якой гучалі вершы і ўрыўкі з твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Міхася Лынькова, Максіма Танка і Кузьмы Чорнага, Веры Дыдышка і Леа-ніда Пранчака

Умовы спаборніцтваў былі максімальна набліжаны да сапраўдных паходных. Юным турыстам было няпроста, але да перамогі імкнуліся ўсе. І, як вядома, шанцуе настойлівым, мэтанакіраваным і лепш падрыхтаваным.  Пераможцы вызначыліся ў трох блоках. У краязнаўчым перамогу падзялілі турысты гімназіі (кіраўнік Міхаіл Курловіч) і Тухавіцкай СШ (кіраўнік Святлана Зу-бік). У конкурсным блоку роўных не было рабятам з СШ №2 (кіраўнік Алена Сокал), у турыстычным першынствавала зборная Дараўскага ДС-СШ (кіраўнік Валерый Кендыш).

Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны падарункамі.

Ларыса ДЗЯРЭЧЫК, метадыст цэнтра
турызму і краязнаўства

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *