Зручна, класна, здорава. У нядзелю ў Ляхавічах адкрылася варкаўт-пляцоўка

Варкаўт-гісторыя ў Ляхавіцкім раёне пачалася ў мінулым годзе. Сярод колішніх чатырох пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, які праводзіцца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», – і сацыяльна-спартыўная ідэя, калі дакладней – уладкаванне на тэрыторыі гарадскога стадыёна «Колас» варкаўт-пляцоўкі. Аўтар ініцыятывы «Даступны спорт для кожнага» – міжнароднае грамадскае аб’яднанне «ЭКАПРАЕКТ». А рэалізовалася яна пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН.

Эксперт па арганізацыі мясцовых мерапрыемстваў «ЭКАПРАЕКТА» Максім Рэут тлумачыць, што варкаўт-пляцоўка – спецыялізаванае месца для заняткаў вулічнай гімнастыкай, якая адносіцца да аматарскага спорту, фізічнай культуры і ўяўляе сабой спартыўную субкультуру. Кожны жадаючы бясплатна ў любы час зможа займацца тут умацаваннем уласнага здароўя.
Чаму ў якасці рэалізацыі выбраны менавіта наш райцэнтр? Тут ёсць уся неабходная інфраструктура для стварэння такога спартыўнага міні-гарадка, побач СДЮШАР з добрай базай. Плюс зацікаўленасць улады ў тым, каб дзеці і дарослыя займаліся фізкультурай. І яшчэ, як адзначыў Максім Рэут, для яго гэты праект – даніна павагі да гасціннай Ляхавіччыны, дзе нарадзілася яго маці, што асабліва сімвалічна ў Год малой радзімы.
«ЭКАПРАЕКТ» на працягу года рэалізоўваў ініцыятыву сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Кошт міні-гарадка 22 348 еўра, з якіх 19663 еўра – інвестыцыі Еўрасаюза, астатняе выдаткавана аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а ДРБУ-200 зрабіла дарожку да пляцоўкі.
Што атрымалася? Турнікі, брусы, шведская сценка, кольцы, «рукаход» і іншыя спартыўныя прылады, раздзеленыя на некалькі аранжава-зялёных трэнажорных комплексаў рознага памеру, усталяваны на гумавым пакрыцці (агульная плошча 120 квадратных метраў). Усё нетраўматычнае, што вельмі важна для бяспекі. Канцэпцыя даступнасці спорту для кожнага падтрымліваецца і тым, што побач размясціўся спецыяльны корпус для заняткаў фізкультурай людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Улічаны і экалагічны бок: вакол добраўпарадкавана тэрыторыя, устаноўлены кантэй- неры для паасобнага збору смецця.
– Цудоўна! У нашым райцэнтры нарэшце з’явілася месца, дзе і дарослыя, і дзеці, могуць не проста далучыцца да здаровага ладу жыцця, а займацца спортам у любы зручны час. Пра гэта марылі многія пакаленні.Тут заўжды многа людзей з самай раніцы да позняга вечара. І гэта здорава! – зазначыў ветэран спорту Андрэй Куркач.
Да размовы далучыўся і метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Уладзімір Погас:
– Надзвычай задаволены зробленым. Вялікая колькасць людзей, якія прыйшлі сюды сёння, – яшчэ адно сведчанне актуальнасці нашай ініцыятывы.
У мінулую нядзелю ўпрыгожаная паветранымі шарамі варкаўт-пляцоўка дачакалася сваёй зорнай гадзіны. У суправаджэнні музыкі, цудоўнага настрою, пазітыўных эмоцый чырвоную стужку перарэзалі Уладзімір Погас і член «ЭКАПРАЕКТА» Ірына Усава. Максім Рэут аб’явіў доўгачаканае: варкаўт-пляўцока ў Ляхавічах афіцыйна адкрыта!
І пачалося спартыўна-забаўляльнае дзейства. Удзельнікі каманды федэрацыі «Стрыт-варкаўт» з Мінска прадэманстравалі разнастайныя практыкаванні на трэнажорах. Так выдатна валодаць уласным целам, выконваць складаныя комплексы магчыма толькі пры рэгулярных трэніроўках і здаровым ладзе жыцця. А колькі апладысментаў у свой адрас атрымалі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія не горш за спартсменаў прадэманстравалі сілу і спрытнасць. Свой фізкультазарт паказалі і маленькія ляхавічане, якія з задавальненнем скакалі, прысядалі, бегалі.
Сярод шматлікіх гледачоў абыякавых не было, напэўна, знайшліся і тыя, у каго ўзнікла жаданне пасябраваць са спортам.
Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця юныя землякі актыўна пачалі абжываць падарунак.
– Добрыя турнікі, паспелі іх апрабаваць. Зручна, класна, здорава! – радуецца 17-гадовы Уладзіслаў Тумаш.
Яго падтрымлівае равесніца Ангеліна Якубчык, якая займаецца лёгкай атлетыкай у секцыі СДЮШАР:
– Нам пашанцавала. Прабеглі крос і адразу сюды, на турнікі, замацаваць трэніроўку. А яшчэ тут можна падкачаць прэс.
– Усёй сям’ёй аблюбавалі гэта месца. Муж на турніках, пяцігадовая дачушка на дзіцячых прыстасаваннях паўтарае рухі за бацькам, я за імі назіраю і думаю далучыц-ца, – гаворыць ляхавічанка Марына Бурвель.
– Цыгарэты і алкаголь не робяць чалавека «крутым» хлопцам ці дзяўчынай. Выбірайце спорт – гэта правільны выбар, – раіць Максім Рэут.
Наш райцэнтр стаў адным з першых сярод невялікіх гарадоў краіны, дзе ёсць такое месца. Важна, каб яно не пуставала, і не менш важна беражліва да яго адносіцца.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і аўтара.

Р.S. У мінулы панядзелак 80 шчасліўчыкаў – выхаванцаў СДЮШАР адкрылі аздараўленчы сезон у летніку «Чайка». Першая змена тут спартыўная, доўжыцца ўсяго дзевяць дзён, затое якіх цікавых!

One thought on “Зручна, класна, здорава. У нядзелю ў Ляхавічах адкрылася варкаўт-пляцоўка

  • 06/06/2018 в 22:30
    Permalink

    Новае ёсць новае. І прыгожа, і карысна, і зручна. Зараз каб падцянуліся землякі да гэтай пляцоўкі з замежнай назвай варкаут.
    Раёнцы дзякуй і міліцыі за новыя пешаходныя пераходы — колькім людзям спрасцілі жыццё і палепшылі настрой!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *