Медыцына па «лакальцы». У мінулы аўторак адбылося афіцыйнае адкрыццё і запуск работы лакальнай вылічальнай сеткі ў Ляхавіцкай паліклініцы

Здаецца, нядаўна мы толькі марылі трапіць на прыём да ўрача без доўгага стаяння ў чарзе па талончыку або атрымаць кансультацыю вузкага спецыяліста, не выходзячы з дому. Мары, ідэі, планы, рэалізацыя –  менавіта такі шлях прайшла мясцовая ініцыятыва «Камп’ютарызацыя і інфарматызацыя аховы здароўя Ляхавіцкага раёна», якая летась стала пераможцай конкурсу ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Праект фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Фінансавая дапамога Еўрасаюза склала 22375 еўра. Усяго на рэалізацыю ініцыятывы было выдаткавана каля 45000 еўра.

А ў мінулы аўторак адбылося афіцыйнае адкрыццё і запуск работы лакальнай вылічальнай сеткі ў Ляхавіцкай паліклініцы. Гэта першы і, між іншым, выніковы крок да камп’ютарызацыі і інфарматызацыі райбальніцы, што дае магчымасць аказваць медпаслугі насельніцтву ў электронным выглядзе. Але пра ўсё па парадку.

Кіраўнік праекта ПРААН Людміла Сакалоўская (справа), галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч, медрэгістратар Іна Колб тэсціруюць новую сістэму.

Паліклініка пачынаецца з рэгістратуры. Можна сказаць, што менавіта адсюль пачынаецца і электроннае жыццё пацыента. Калі ён звяртаецца за талончыкам, адразу рэгіструецца ў базе даных. Агульныя звесткі пра пацыента – і электронная медыцынская картка заведзена. Няхай сёння такая працэдура займае больш часу, чым было раней, пасля гэта дазволіць значна паскорыць працэс запісу. А яшчэ тут можна ўмомант даведацца пра графік работы любога ўрача, калі можна трапіць на прыём, расказвае медрэгістратар Іна Колб. Увогуле, працаваць будзе прасцей і эфектыўней, дадаюць яе калегі.
Урач-дэрматавенеролаг Анастасія Пташнік, як гаворыцца, поўнасцю ўключылася ў працэс. Спецыяльная праграма «Дзённік дэрматолага» – сапраўдны памочнік для доктара. Тут у адзіным дакуменце фіксуецца ўся неабходная інфармацыя: імя пацыента, адрас, які раз за год звяртаецца, прычына звароту, форма і месца абслугоўвання, дыягназ і г.д. Гэта ж інфармацыя дубліруецца і ў папяровым варыянце.
– Вельмі зручна, што ёсць алгарытм апытання і ўрач можа яго дапоўніць, што толькі на карысць пры аглядзе пацыента. І гэта ўсё ў канчатковым выглядзе зводзіцца ў адзіную табліцу, дзе бачна колькі пацыентаў урач прыняў за дзень. Праграмісты райбальніцы да гэтай праграмы дадалі і выпіскі з картак пацыентаў. Значыць, можна прасачыць, калі апошні раз ён звяртаўся за меддапамогай, убачыць вынікі аналізаў, дыягназ. Гэта вельмі зручна, – расказвае пра сваё знаёмства з лакальнай вылічальнай сеткай паліклінікі Анастасія Пташнік.

Урач-дэрматавенеролаг Анастасія Пташнік.

Загадчыца паліклінікі Наталля Гарбачова першымі вынікамі выкарыстання лакальнай сеткі задаволена. Дзякуючы спецыяльнай праграме, ёсць магчымасць адсочваць, як вядуць прыём пацыентаў урачы, ці ўсе, хто ўзяў талончыкі, прыйшлі ў назначаны час. І, у залежнасці ад занятасці медыцынскіх спецыялістаў, спланаваць за кароткі тэрмін, хто з супрацоўнікаў можа выехаць на дыспансерызацыю.
– На экране – агульная карціна працы дактароў. Уся інфармацыя змяшчаецца ў адной табліцы, а гэта значыць можна якасней планаваць работу нашых спецыялістаў, – адзначае загадчыца паліклінікі.
За бесперапыннасць і зладжанасць гэтага складанага механізма адказвае адміністратар сеткі Генадзій Труш.
А яшчэ, як зазначыў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч, у планах далучыць да праекта бальніцу, пасля – амбулаторыі і ФАПы раёна. Так зменшыцца чарга да ўрачоў вузкіх спецыялізацый – можна будзе атрымаць анлайн-кансультацыю, калі скарга выходзіць за межы кампетэнцыі ўрача агульнай практыкі. Дарэчы, сёння практыка анлайн-кансультацый у райбальніцы пачынае набіраць абароты.
Дзякуючы сродкам, выдаткаваным на рэалізацыю мясцовай ініцыятывы, закуплена камп’ютарнае абсталяванне. А ўрачы і сярэдні медперсанал на семінарах і трэнінгах навучыліся карыстацца праграмным забеспячэннем лакальнай сеткі.
– Няхай мы робім толькі першыя крокі, але плюсы ўжо відавочныя. Перш за ўсё, палепшыцца абмен інфармацыяй паміж урачэбнымі кабінетамі. Гэта на карысць і адміністрацыйнаму кантролю. З 1 чэрвеня пачалася выдача электроннага рэцэпта. Дарэчы, набыта 6000 электронных картак, якімі нашы жыхары змогуць карыстацца ў любой аптэцы краіны і купляць са скідкай лекі, – адзначае галоўны ўрач райбальніцы.
Кіраўнік праекта ПРААН Людміла Сакалоўская павіншавала ўсіх з рэалізацыяй ініцыятывы:
– Спадзяемся, што тая база, якая створана ў рамках ініцыятывы, палепшыць эфектыўнасць працы медперсаналу і пойдзе на карысць усім жыхарам горада і раёна.
Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень нагадала, што на тэрыторыі нашага раёна рэалізуецца пяць мясцовых ініцыятыў. Папулярнасць набірае ініцыятыва «Доўгая карова», а днямі зазвінелі галасы і на варкаўт-пляцоўцы. Галоўнае, што ўсе яны накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця ляхавічан.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *