А шарык ляціць…

Гэта была пласцінка на 78 абаротаў. Я адкрывала радыёлу «Беларусь», ставіла дыск на прайгравальнік, і маё дванаццацігадовае сэрца набірала рэкордную хуткасць удараў па меры таго, як умяшчала ў сябе пакладзеныя на музыку вершаваныя радкі папулярнага ў той час «Вальса выпускнікоў»:

Для того, чтоб детством дорожили мы,
Надо с ним расстаться навсегда…

Тысячны раз гучалі словы песні, і тысячны раз я пачынала плакаць ад першага ўсведамлення непазбежнай канчатковасці. Горка плакала над гэтымі «назаўсёды» і «ніколі больш». І нават нязручнасці падлеткавага ўзросту накшталт «дзецям пара спаць», «вось станеш дарослай, тады», «гэты фільм не для цябе – да шаснаццаці нельга» ні на кроплю не прымяншалі таго шчырага гора, што накатвала пад гукі пласцінкі.
І потым, калі збіралася на свой выпускны, паставіла зацёрты, падрапаны дыск, і ў фармаце тэт-а-тэт развіталася з дзяцінствам. Калі гляджу на фотаздымак свайго 10 «А», нібы зноў чую тую мелодыю, тыя словы, што засталіся за далёкімі далямі.
А сёння раённы выпускны 2018 года. Здаецца, нават паветра напоўнена прадчуваннем радаснай падзеі. Канцэнтрат надзей, мараў, жаданняў, ці не ён прычына бляску ў вачах юнакоў і дзяўчат, якія спяшаюцца ў родную школу на свой развітальны баль?
Вальс выпускнікоў –  класіка жанру. Вальс выпускнікоў – той масток, які назаўсёды злучае дзяцінства і дарослае жыццё. І для рамантыка, і для прагматыка ён тое, што заўсёды будзе ўзвышаць над буднямі. І дзе б ні апынуўся па волі лёсу чалавек, у памяці шматкроп’ем паміж дзвюма іпастасямі –  ты школьнік і ты самастойная асоба – гэты дарагі сэрцу сюжэт. Ён прыпісаны да бацькоўскага дому, да часу, у якім тата і мама маладыя, а ты ў дзіцячых ваганнях стаць касманаўтам або цырульнікам, з абсалютным даверам да сваёй першай настаўніцы і абсалютна шчыры ў старшакласным дыспуце пра сэнс жыцця, робіш крок у гэта самае жыццё з вызначэннем «дарослае».
Атрыбуты выпускнога – вера, надзея, любоў. Сонечны зайчык дзяцінства калісьці зноў гарэзліва падміргне сыну, дачцэ, унукам. А пакуль на развітанне ён ласціць твар дзяўчыны, твар юнака, што яшчэ ўчора былі адзінаццацікласнікамі. Іх малой радзімай назаўсёды застанецца гэты куточак беларускай зямлі – Ляхавіччына. Менавіта адсюль пачынаецца іх палёт. Нехта застанецца дома, і гэта проста цудоўна, калі «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Многія юныя землякі пасля вучобы вяртаюцца назад і, па прызнанні, нанова адкрываюць сваю малую радзіму, на карысць якой (няхай не прагучыць гэта шаблонна-фармальна) накіроўваюць свае веды, свае навыкі. Такі вось патрыятызм, калі слова гэта не гучыць, а гучаць справы. Яго праяўленне зусім не меншае і ў тых сённяшніх зорачак, якія прычальваюць у дарослым жыцці не па ляхавіцкіх адрасах і не заўсёды нават па беларускіх. Шанаваць сваю малую радзіму, услаўляць яе можна і трэба заўсёды і ўсюды незалежна ад месца жыхарства.
…На галоўнай плошчы нашага райцэнтра сёння прызямляецца «бальны» дэсант. Форма адзення – парадная: дзяўчаты ў шыкоўных сукенках, юнакі – у строгіх касцюмах. Паважаныя настаўнікі, дарагія бацькі, бабулі-дзядулі, любімая краіна Беларусь! Вы таксама, і не ў апошнюю чаргу, героі гэтага цудоўнага дзейства. Вашымі ўрокамі, увагай і любоўю выпрацаваны почырк і веданне галоўных правілаў жыцця тымі, хто ўступае ў яго. У іх руках будучыня. А ў даны момант – рознакаляровыя шары, якія хутка-хутка адправяцца ў падарожжа – высока ў неба і за гарызонт. Каардынаты шчасця ў кожнага свае. Не здарожцеся, не стаміцеся, ідзіце да яго, знайдзіце яго. Станьце годнымі людзьмі, будзьце годнымі людзьмі, мілыя і летуценныя выпускнікі!
Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “А шарык ляціць…

  • 13/06/2018 в 21:59
    Permalink

    Прачытала і, здаецца, вярнулася ў мінулае. Урокі, экзамены, атэстат і я ў новай сукенцы ўся такая прыгожая. Бацькі казалі -мадэль. Суседзі хвалілі, прахожыя праводзілі позіркамі…Верыла, што мары спраўдзяцца. А па-іншаму і быць не магло — вельмі падтрымлівала сям’я… Залатыя гады юнацтва, дзе ж вы сёння?!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *