Служба дні і ночы. Што хвалюе землякоў: кампетэнтныя адказы на пытанні, якія паступілі ад іх на прамую лінію «ЛВ»

Іх штодзённая работа, магчыма, не такая прыкметная, як многія іншыя. Тым не менш, менавіта ад яе залежыць вельмі многае: спакой на нашых вуліцах, магчымасць не перажываць кожную хвіліну за сваіх дзяцей і сваю маёмасць, зрэшты – упэўненасць у тым, што ў выпадку неабходнасці абавязкова прыйдзе дапамога. Размова – пра нашу міліцыю.
Госцем чарговай прамой лініі «ЛВ» быў начальнік райаддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Андрэй СТУДЗЯНІЧНІК, які на працягу гадзіны адказваў на пытанні чытачоў раёнкі.

– Андрэй Леанідавіч, пракансультуйце, калі ласка, па такім пытанні. Ці з’яўляецца правапарушэннем курэнне ў грамадскіх месцах?
Наталля, г. Ляхавічы.

– Так. У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкул 17.9. Курэнне (спажыванне) тытунёвых вырабаў у забароненым месцы. За гэтае правапарушэнне пагражае штраф у памеры да чатырох базавых велічынь.
Пералік месцаў, дзе курэнне забаронена, прадугледжаны Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 28 «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці, абароту і спажывання тытунёвай сыравіны і тытунёвых вырабаў». У згаданым пераліку – установы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту, аб’екты гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, памяшканні органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, усе віды вакзалаў, аэрапорты, станцыі метрапалітэна, а таксама ўсе віды грамадскага транспарту. Выключэнне складаюць месцы, спецыяльна прызначаныя для курэння.
Дарэчы, нельга курыць і ў пад’ездах. Гэта прапісана ў правілах карыстання жылымі памяшканнямі, зацверджанымі пастановай Саўміна. А за парушэнне гэтых правілаў таксама штрафуюць.

– Ужо неаднойчы заўважалі, што на дарогах Ляхавіччыны дзяжураць супрацоўнікі ДАІ з іншых раёнаў. З чым гэта звязана: не хапае сваіх або такое складанае становішча?
Ніна Шпак, г. Ляхавічы.

– Сапраўды, аператыўнае становішча на дарогах раёна складанае. Павялічваецца колькасць ДТЗ, у тым ліку са смяротным зыходам. Асабліва напружаная сітуа- цыя – на дарогах рэспубліканскага значэння Баранавічы-Ляхавічы і Крычаў-Слуцк-Івацэвічы. На апошняй зусім нядаўна зноў загінуў пешаход – 17-гадовы юнак ноччу трапіў пад колы фуры. Так што ўзмацненне патрулявання на дарогах цалкам абгрунтаванае.
Што датычыць аддзялення ДАІ, то тут сапраўды пакуль кадравы некамплект. Пытанне гэтае будзем вырашаць.

– Андрэй Леанідавіч, мой сын збіраецца паступаць у Акадэмію МУС. Падкажыце, ці не стане перашкодай тое, што аднойчы яго спынілі супрацоўнікі ДАІ за пераход дарогі ў недазволеным месцы?
Таццяна Лукашэвіч, г. Ляхавічы.

– Думаю, што гэта сітуацыя не стане перашкодай для паступлення. І калі сын мае сур’ёзныя планы, няхай звернецца ў райаддзел. Паразмаўляем, падкажам, дадзім рэкамендацыю.

– Сын марыць стаць выратавальнікам. Ці можа паўплываць на паступленне адно правапарушэнне па лініі ДАІ?
Іна Клімовіч, г. Ляхавічы.

– Калі аднойчы папаўся без флікера – безумоўна, не. А вось, напрыклад, распіццё спіртных напіткаў, з’яўленне ў грамадс- кіх месцах у нецвярозым стане, хуліганст-ва – справа іншая, з такімі «заслугамі» на паступленне ў ВНУ сілавых ведамстваў не трэба разлічваць.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Наколькі актыўна наша насельніцтва дапамагае міліцыі?

– Дапамагае. І гэта вельмі каштоўна, у першую чаргу таму, што пацвярджае: міліцыі давяраюць. Сувязь нашых супрацоўнікаў, асабліва ўчастковых інспектараў, з насель-ніцтвам надзвычай важная для забеспячэння стабільнай і спакойнай аператыўнай сітуацыі ў раёне.
Ёсць рэальныя факты, калі паведамленні грамадзян дапамагаюць папярэдзіць ці раскрыць злачынства. Напрыклад, сёлета дзякуючы своечасовай інфармацыі на тэлефон 102 удалося аператыўна затрымаць зламысніцу, якая выкрала ў пенсіянеркі ў вёсцы Туркі грошы. Гэтае паведамленне дазволіла не толькі вярнуць грошы пацярпелай, але, магчыма, і прадухіліць не адно падобнае злачынства.
Канешне, часам хацелася б большага разу-мення і падтрымкі з боку грамадзян. Напрыклад, у пытаннях папярэджання насілля ў сям’і, незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, прафілактыкі крадзяжоў… Усе мы разумеем, што папярэдзіць і выкараніць згаданыя з’явы – надзвычай важна, не хочам, каб якімсьці чынам яны закранулі нашу сям’ю, але пазіцыя «мая хата з краю» і «без мяне разбяруцца» застаецца, на жаль, даволі распаўсюджанай.
Нагадаю, што ў РАУС пастаянна дзейнічае гарачая лінія па папярэджанні насілля ў сям’і, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, спыненні незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі. Нумары гарачай лініі 102 і 2-48-37. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца. Як і тое, што па кожным будуць праведзены праверкі і прыняты адпаведныя меры.

– Нядаўна міліцыя чарговы раз нагадала ў газеце, што пакідаць веласіпеды ў пад’ездах нельга, за гэта прадугледжаны штраф. Сын з задавальненнем катаецца па двары, перыядычна заводзіць веласіпед у пад’езд – там яго пакідаць больш бяс-печна. Мы на рабоце, а насіць веласіпед на трэці паверх дзіця само не зможа. Што рабіць, каб не быць парушальнікамі?
Жыхарка г. Ляхавічы.

– Веласіпед у пад’ездзе – сапраўды правапарушэнне, загрувашчваць месцы агульнага карыстання нельга. У вашай сітуацыі на дзень лепш пакінуць яго ў двары, так, каб не перашкаджаць праезду транспарту і праходу людзей. І абавязкова прыняць меры па захаванасці маёмасці – як мінімум прышпіліць. Але лепш, калі для веласіпедаў абсталяваны спецыяльныя месцы. Напрыклад, ЖБСК у стане вырашыць такія пытанні.
Як варыянт – пакідаць сваю маёмасць у зоне дзеяння відэакамер. Для інфармацыі магу сказаць, што зараз у райцэнтры пад відэаназіраннем 38 аб’ектаў: грамадскія месцы, стадыён, гарадскія ўезды-выезды і г.д. Ды і многія жыллёвыя кааператывы ўжо абсталявалі відэакамерамі свае двары. Дарэчы, адзін з мясцовых прадпрымальнікаў устанавіў відэакамеру ў грамадскім месцы за ўласныя грошы – для агульнай бяспекі і парадку.

– Ведаю, што ў некаторых дачных таварыствах людзі збіраюць грошы і наймаюць вартаўніка, каб абараніць ад набегаў дачных злодзеяў свае домікі і ўчасткі. Наколькі гэта сябе апраўдвае?
Алена, г. Ляхавічы.

– Лічу, што такі спосаб даволі эфектыўны. Калі ёсць магчымасць, наймаць вартаўніка можна хаця б на дачны сезон. Але, безумоўна, самы надзейны спосаб захаваць дачную маёмасць ад крадзяжоў – здаць пад ахову дэпартамента аховы.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Якія існуюць рэальныя рычагі ўздзеяння на сітуацыю ў сямейна-бытавой сферы, у прыватнасці – з сямейным насіллем?

– Папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы – той накірунак, у якім міліцыі і многім іншым службам даводзіцца працаваць даволі актыўна. І эфект, магу сказаць, ёсць. З пачатку года ў раёне не зарэгістравана злачынстваў, звязаных з насіллем у сям’і; выяўлена 4 злачынствы прэвентыўнай накіраванасці (летась за такі ж перыяд – 6). Значна актыўней стала выкарыстоўвацца такая мера індывідуальнай прафілактыкі як вынясенне ахоўных прадпісанняў: правапарушальніку забараняецца на працягу пэўнага тэрміна пражываць у домаўладанні сумесна з ахвярай сямейнага насілля. У сям’і ёсць магчымасць адпачыць, а ў скандаліста – падумаць пра свае паводзіны. Сёлета такія прадпісанні выносіліся 11 разоў. Калі ў сямейнага дэбашыра няма сяброў ці сваякоў, якія б згадзіліся даць яму прытулак на гэты час, – калі ласка, маецца спецыяльны жыллёвы фонд, дзе можна часова пажыць на ўмовах аплаты. Трое грамадзян, якія спрабавалі праігнараваць прадпісанне, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Каб папярэдзіць злачынствы ў сямейна-бытавой сферы, трэба актыўна працаваць на выяўленне і спыненне правапарушэнняў у адносінах сваякоў і членаў сям’і. Сёлета ў раёне да адміністрацыйнай адказнасці за гэта прыцягнуты 83 чалавекі (летась – 74). На прафілактычным уліку ў РАУС 157 асоб, у тым ліку 37 тых, хто ўчыняў насілле ў адносінах родных і блізкіх. З кожным з іх праводзіцца індывідуальная работа.
Даволі эфектыўнае прафілактычнае мерапрыемства – выязныя суды па пытаннях накіравання пэўнага кантынгенту ў ЛПП, па разглядзе спраў сямейных агрэсараў.
Безумоўна, на сітуацыю ў сямейна-бытавой сферы можна рэальна паўплываць толькі агульнымі і мэтанакіраванымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых службаў, арганізацый, устаноў і грамадства.
Матэрыял прамой лініі падрыхтавала  Святлана БЕЛЬМАЧ.

One thought on “Служба дні і ночы. Што хвалюе землякоў: кампетэнтныя адказы на пытанні, якія паступілі ад іх на прамую лінію «ЛВ»

  • 13/06/2018 в 21:49
    Permalink

    Такія прамыя лініі патрэбны нам, звычайным людзям — можаш задаць хвалюючае пытанне і атрымаць на яго адказ. Ды яшчэ яго надрукуюць у газеце, каб потым я паказала адказ тым, каго ён датычыць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *