“Міс” Алеся
Конкурсы прыгажосці, на якім бы ўзроўні яны ні праводзіліся, заўсёды ўзначальваюць рэйтынгі папулярнасці сярод забаўляльных мерапрыемстваў. Падабаюцца яны і ляхавічанам. Што і пацвердзіў чарговы конкурс «Міс Ляхавічы-2012», які прайшоў у мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры.
Вядучыя па традыцыі гаварылі пра жанчын, прыгажосць, а гледачы заварожана чакалі першага выхаду на сцэну фіналістак шоу прыгажосці. І чаканні сябе апраўдалі. 6 стройных, прывабных, абаяльных дзяўчат са школ раёна і Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа пакарылі залу. Адразу стала зразумелым, што журы будзе даволі цяжка вызначыць уладальніцу галоўнага тытула.
Кожнай з дзяўчат належала прайсці 5 іспытаў конкурснай праграмы. Традыцыйна ў «Візітоўцы» прыгажуні прэзентавалі сябе, расказвалі пра захапленні і мары, адказвалі на пытанні вядучых. Як ім пасавалі беларускія ўборы падчас выхаду на сцэну ў нацыянальных касцюмах! Творчы конкурс дазволіў больш поўна раскрыць таленты ўдзельніц, паказаць не толькі знешнюю прывабнасць, але і ўнутраны свет.
Захапленне выклікаў усходні танец у выкананні Вікі Маслоўскай. Пластычнасць, добрае адчуванне музыкі, танцавальнырытм дэманстравалі Крысціна Сокал і Алеся Фокіна. Дарэчы, апошняя разам са сваімі сяброўкамі ў пастаноўцы ўдала спалучыла народныя матывы і сучасныя мелодыі. Вакальнымі данымі пакарыла журы і гледачоў Крысціна Саракавік. Алена Гаўрыльчык паказала сябе сапраўднай камедыйнай артысткай, якая выканала ролю вясковай дзяўчыны на выданні. Віка Хвядук расказала пра сваё захапленне — вырошчванне кветак. Конкурсаў было шмат. Пад шчырыя апладысменты прайшло і дэфіле ў вясельных сукенках.
Аднак, конкурс ёсць конкурс. І вердыкт журы не прымусіў сябе чакаць. Вікторыя Маслоўская прызнана «Міс талент», Крысціна Сокал — «Міс грацыя», Вікторыя Хвядук — «Міс зачараванне», Алена Гаўрыленя — «Міс эрудыцыя», Крысціна Саракавік стала ўладальніцай не толькі тытула «Міс мадэль», але і атрымала прыз глядацкіх сімпатый. А самай прывабнай дзяўчынай і ўладальніцай тытула «Міс Ляхавічы-2012» стала навучэнка ЛДАКа Алеся Фокіна.
Суцэльная прыгажосць!
Галіна КАНЬКО