Белавежскі фэст журналістаў

У журналістаў Брэстчыны ёсць свята, не памечанае ў календары. Прыпадае яно на адзін з дзён апошняга месяца вясны і ў асяроддзі калег атрымала назву «Майскія сустрэчы». Маецца на ўвазе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, аб’яднаных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесіянальных журналістаў. Ініцыяваў яго старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар.

І 23 мая, восьмы год запар, святочная цырымонія адбылася, на гэты раз — у Белавежскай пушчы. Папярэднія праводзіліся таксама па знакавых, вядомых не толькі на Брэстчыне адрасах: у абласным тэатры, на вяслярным канале, у славутай Тамашоўцы — на малой радзіме касманаўта Пятра Клімука, на Пружаншчыне… Дзякуючы такой цікавай «геаграфіі», журналісты маюць магчымасць па-новаму ад-крываць для сябе любімую Брэстчыну, гартаць старонкі яе гісторыі, развіцця, стваральных рэалій.

Як правіла, у праграме свята заўсёды экскурсіі, і сёлетняя — па Белавежскай пушчы  — нібы запраграмавала па-асабліваму ўзнёслы настрой. Веліч прыроды, непаўторная прыгажосць запаветнага куточка не толькі вобласці — планеты Зямля — не маглі не ўзрушыць і не закрануць самых тонкіх струн душы людзей, чыёй прафесіяй з’яўляецца творчасць — журналісцкая, хто з дня ў дзень, з нумара ў нумар, па сутнасці, занатоўвае гісторыю сучаснасці, уплывае на грамадскую думку, вядзе шчыры дыялог са сваімі чытачамі, слухачамі, гледачамі.

Выстава конкурсных работ — альбомы  з публікацыямі, падрыхтаваныя ўдзельнікамі спаборніцтва, у нейкім сэнсепрэзентавалі прэсу Брэстчыны,  прэзентавалі  ярка, выразна, усебакова. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар і намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык таксама пазнаёміліся з гэтай друкаванай выставай, якую падрыхтавала да экспазіцыі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы аблвыканкама на чале з Аляксандрам Цыральчуком.

На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў Канстанцін Сумар параўнаў след, які ў жыцці пакідаюць журналісты, з  тымі цудоўнымі збудаваннямі, якія ўзводзяць і пакідаюць будучым пакаленням будаўнікі. Канстанцін Андрэевіч падкрэсліў, што кожную публікацыю журналіст абавязаны прапускаць праз сваё мудрае сэрца, быць аб’-ектыўным і сумленным. Гаварыў пра вялікую ролю і адказнасць прэсы перад грамадствам, пра поспехі, якія па выніках мінулага года дасягнуты брэсцкай журналістыкай. Старшыня аблвыканкама асобна адзначыў перамогу «Ляхавіцкага весніка» ў VIII Нацыянальным конкурсе друкаваных СМІ «Залатая Літара».

Канстанцін Сумар акрэсліў задачы, якія стаяць перад эканомікай вобласці, і ход іх вырашэння, станоўчыя тэндэнцыі развіцця, акцэнтаваў увагу на ролі СМІ у гэтых працэсах. Канстанцін Андрэевіч гаварыў пра патрыятызм і актыўную грамадзянскую пазіцыю, Год кнігі і пазітыўнае ўспрыманне жыцця, звяртаўся да гісторыі і падкрэсліваў пераемнасць пакаленняў. Выразнай ілюстрацыяй стваральнага развіцця Брэстчыны з’яўляецца ажыццяўленне новых важкіх праектаў, абнаўленне. Нават  векапомная Белавежская пушча нібы маладзее — вакол яе пабудавана выдатная аб’язная дарога, якая, на думку кіраўніка вобласці, павінна стаць з цягам часу яшчэ адным афіцыйным беларускім брэндам. Планы  ў гэтым напрамку вялікія, і не выклікае сумнення тое, што яны будуць рэалізаваны.

Незабыўна і ўрачыста прайшла і сама цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога журналісцкага спаборніцтва, дыпломы якім уручыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Віншаванні прымалі калегі з Бярозы і Камянца. Не застаўся без узнагароды і «Ляхавіцкі веснік». Спецыяльны дыплом аблвыканкама ўручаны рэдакцыі за цыкл публікацый, прысвечаных Году прадпрымальнасці.

Для ўдзельнікаў журналісцкага фэсту быў падрыхтаваны цудоўны канцэрт. Музыка, песні, Белавежская пушча, шчырыя ўсмешкі… Незабыўнае свята!

…Між іншым, абласное спаборніцтва сярод журналістаў працягваецца. І праз год вынікі яго будуць падводзіцца дзявяты раз. Прычакаем!

Вольга БАРАДЗІНА

One thought on “Белавежскі фэст журналістаў

  • 30/07/2012 в 09:30
    Permalink

    Олечка Петровна! Ты умничка! Я горжусь тобой ! Дай бог, чтобы на твоей улице был всегда праздник!!! С ув. Л.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *