Школа круглы год

Свае апошнія крокі адлічвае чарговы навучальны год.  Некаторыя рабяты ўжо збіраюць рэчы і будуюць планы  наадпачынак у летніках, у кагосьці наперадзе самы гарачы і адказны час — уступная кампанія.

Не менш напружаныя дні цяпер і ў дарослых. Адны бацькі прыкладаюць усе намаганні, каб зрабіць адпачынак дзяцей цікавым і разнастайным, іншыя сочаць за новаўвядзеннямі ўступнай кампаніі і вывучаюць мінулагоднія конкурсы ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Нямала пытанняў і ў бацькоў, чые дзеці праз 3 месяцы пойдуць у школу.

Школьная тэма хвалюе нас круглы год.  Таму госцем чарговай «прамой лініі «ЛВ» зноў стала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама  Святлана Юрлевіч, якая ў мінулы панядзелак адказвала на тэлефанаванні чытачоў раёнкі.

— Добры дзень, Святлана Іванаўна! Скажыце, калі ласка, якія экзамены цяпер здаюць выпускнікі базавых і сярэдніх школ.

Іван Паўлавіч, Ляхавіцкі раён.

— Адразу хачу адзначыць, што сёлета экзаменацыйная кампанія ў школах прадоўжыцца з 1 па 12 чэрвеня. Рабятам, якія закончылі 9 класаў (базавая адукацыя), належыць  вы-трымаць 4  іспыты: па беларускай і рускай мовах (пісьмова), матэматыцы (пісьмова) і гісторыі Беларусі (вусна). А выпускнікі 11-х класаў будуць здаваць 3 экзамены: 2 абавязковыя пісьмовыя — па мове (рускай ці беларускай на выбар вучня) і матэматыцы, яшчэ адзін  іспыт пройдзе ў вуснай форме па любым школьным прадмеце на выбар экзаменуемага. У якасці выпускнога экзамену па выбары школьнікі, якія прайшлі навучанне па праграме прафесійнай падрыхтоўкі, маюць права здаваць кваліфікацыйны экзамен.

У працяг тэмы экзаменаў: з 13 ліпеня пачнецца цэнтралізаванае тэсціраванне па вучэбных прадметах. Ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны ёсць уся неабходная інфармацыя, якая датычыць парадку правядзення гэ-тай адказнай кампаніі. Сярод іншага, тут можна азнаёміцца і з пералікам вышэйшых навучальных устаноў, якія праводзяць рэгістрацыю абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэс-ціраванні ў рэзервовы дзень.

— Хачу пацікавіцца, калі сёлета для школьнікаў прагучыць апошні званок, і на якую дату прызначаны выпускныя балі?

Святлана,  г. Ляхавічы.

— 31 мая для вучняў усіх класаў усіх навучальных устаноў горада і раёна прагучыць апошні ў 2011-2012 навучальным годзе званок.  9 і 10 чэрвеня развітальныя выпускныя балі пройдуць у школах, а раённае свята выпуск-нікоў прызначана на 9 чэрвеня.

— Добры дзень! Мяне  як маму школьніцы хвалюе пытанне: як са звычайнай школы трапіць на вучобу ў гімназію?

Марына Сяргееўна, г. Ляхавічы.

— Па-першае, Марына Сяргееўна, неабходна напісаць заяву ў гімназію, а потым  вашай дачцэ  трэба паспяхова вытрымаць уступныя экзамены ў гэту навучальную ўстанову.  З 2 па10 чэрвеня для тых рабят, якія мараць стаць гімназістамі, праводзяцца 3 уступныя экзамены: па рускай мове (5  чэрвеня), матэматыцы (7 чэрвеня), беларускай мове (9 чэрвеня). На наступны навучальны год у 5-я класы гімназіі плануецца прыняць 40 чалавек. Заявы на вучобу прымаюцца з 25 мая па 1 чэрвеня.

З 16 па 20 жніўня будзе праводзіцца прыём на свабодныя месцы для атрымання базавай адукацыі ў 6-9 класы гімназіі. Заявы прымаюцца з 2 чэрвеня па 10 жніўня.

— Скажыце, ці плануецца ў бліжэйшы час за-крываць якія-небудзь ўстановы адукацыі?  Калі так, то што будзе з вучнямі і работнікамі гэтых устаноў?

Ірына, Ляхавіцкі раён.

— На жаль, у наступным навучальным годзе з-за змяншэння колькасці вучняў і выхаванцаў раён недалічыцца некалькіх устаноў адукацыі.  З 1 верасня спыніць сваю дзейнасць Канюхоўскі дзіцячы сад-пачатковая школа, Галаўнінскі ДС-ПШ будзе рэарганізаваны ў дзіцячы сад. Закрыецца дашкольная ўстанова і ў Свяціцы, аднак гэта не  азначае, што свяціцкія дашкольнікі будуць забытыя. Спа-дзяюся, што ім будзе ўтульна і цікава пад новым дахам —  замест сярэдняй школы ў вёсцы будзе дзейнічаць вучэбны комплекс школа-сад.

Што датычыць размеркавання дзяцей пасля закрыцця і рэарганізацыі ўстаноў, то рабяты, якія наведвалі Канюхоўскі ДС-ПШ будуць падвозіцца спецыяльным транспартам у Начаў-скую СШ і Начаўскі дзіцячы сад, а хлопчыкі і дзяўчынкі з Галаўнінцаў — у Крывошынскую СШ. Разглядаецца пытанне аб працаўладкаванні работнікаў гэтых навучальных устаноў.

Пытанне ад «ЛВ»:

— Святлана Іванаўна, наколькі адчувальны ў адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны недахоп кваліфікаваных педагагічных кадраў?

— Аддзел адукацыі райвыканкама заўсёды адным з асноўных накірункаў сваёй дзейнасці лічыў падрыхтоўку і падбор педагагічных кадраў, бо ад настаўніка залежыць многае ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення.  Таму штогод фарміруем і карэкціруем перспектыўную патрэбу ў педработніках.  Сёння адчувальны недахоп настаўнікаў фізіка-матэматычнага профілю. Праблему імкнёмся вырашыць шляхам  мэтавага накіравання ў ВНУ выпускнікоў школ раёна, каб яны потым вярнуліся на Ляхавіччыну дыпламаванымі спецыялістамі.  Эфект дае і перападрыхтоўка настаўнікаў па ўказаных спецыяльнасцях. Так, напрыклад, у наступным навучальным годзе перападрыхтоўку на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка пройдуць 2 настаўнікі пачатковых класаў.

На «прамой лініі» працавала
Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *