Такому сузор’ю – шырокую дарогу

У аўторак у гарадскім Доме культуры панавала святочна-творчая атмасфера. На традыцыйны раённы фестываль «Сузор’е талентаў» сабралася каля 100 юных зорачак, якія перамогамі на раённых, абласных і рэспубліканскіх  алімпіядах, конкурсах, выставах славяць сваю малую радзіму, сваю школу.

Як заўсёды, побач з рабятамі іх любімыя настаўнікі, якія не толькі навучылі іх азам майстэрства, але і натхнілі на новыя дасягненні і перамогі. І гэта поспех, удача і нават шчасце, калі адораны вучань  трапляе да таленавітага настаўніка. Такі тандэм здольны на многае.

Хваляваліся ад вялікай увагі да іх галоўныя «віноўнікі» свята — юныя, але  мэтанакіраваныя інтэлектуалы і музыканты, даследчыкі і спартсмены. Радаваліся за сваіх выхаванцаў педагогі і трэнеры, ганарыліся бацькі і сябры.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук адзначыў: «Нашы агульныя намаганні накіраваны на тое, каб захаваць і прымножыць інтэлектуальны і творчы рэзерв падрастаючага пакалення, ствараць умовы для  выяўлення, развіцця, падтрымкі юных талентаў. Многа здольных, ініцыятыўных рабят і сёлета  дасягнула значных поспехаў у адукацыі і творчасці. Яны — гонар і прыклад для іншых. Прыемна, што з кожным годам папаўняюцца рады юных талентаў, і гэта цудоўна, бо за імі  будучыня нашай Беларусі».

З гонарам кіраўнік раённай вертыкалі назваў прозвішчы педагогаў Валянціны Русакевіч, Генадзія Коршуна, Людмілы Раманенка (гімназія), Соф’і Шыбкоўскай, Алены Якубец, Наталлі Сідор (СШ № 1), Наталлі Ланкуць (СШ № 2), Тамары Васько (Тухавіцкая СШ), Галіны Наумік (Жарабковіцкая СШ). Педагогі прыклалі  нямала намаганняў, каб іх вучні дасягнулі такіх высокіх вынікаў.

Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас рабят, іх настаўнікаў і бацькоў сказалі  старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч.

І вось «Сузор’е талентаў» пачало запальваць новыя зорачкі, талент якіх і сапраўды падобны на святло зорак — таксама заварожвае, радуе і натхняе. Пад апладысменты шматлікай аўдыторыі ў зале загучалі прозвішчы  юных дараванняў.

У намінацыі «З навукай у будучыню» ўшаноўвалі  пераможцаў і прызёраў раённых, абласных, рэспубліканскіх прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Сярод іх удзельнікі і пераможцы прадметных абласных і рэспубліканскіх   алімпіяд  Аляксей Заяц, Ягор Рамановіч, Марыя Пішч, Кацярына Салодкая (гімназія),  Вольга Баргамон і Уладзіслаў Чаркас (СШ № 1),  Дар’я Баўтрукевіч (СШ № 2), Антон Захаранкаў (Малагарадзішчанскі ДС-СШ).

Не засталіся без увагі лепшыя спартсмены і турысты,  пераможцы рэспубліканскіх,  абласных і раённых спаборніцтваў, злётаў, дыпламанты ў намінацыі «Са спортам і турызмам па жыцці».  Яны — спартыўны гонар Ляхавіччыны.

Творчыя работы юных умельцаў, як і выдатныя выступленні танцораў, спевакоў і музыкантаў  былі высока адзначаны на выставах, фестывалях,  тэатральных і музычных конкурсах. Юныя самадзейныя артысты — пастаянныя ўдзельнікі разнастайных конкурсных праграм і форумаў. Пераможцаў, лепшых з лепшых віталі ў намінацыі «Адоранасць у творчасці».

Лаўрэаты ва ўсіх намінацыях былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі райвыканкама і грашовымі прэміямі, а настаўнікі атрымалі кветкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *