«Місіс» Лазурка пакарыла «Белагра»

Аператары машыннага даення СВК «Ляхавіцкі» Зоя Сіцько і Вольга Грыкель.

Пародзістая, патэнцыяльная рэкардсменка і проста прыгажуня – гэта пра ўладальніцу дыплома ІІІ ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшую племянную карову малочнай пароды ў намінацыі сярод рагуль па першай лактацыі, які праводзіўся ў межах 28-й Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі «Белагра-2018». Клічуць канкурсантку з СВК «Ляхавіцкі» Лазуркай. Ёй два гады, 30 сакавіка ўпершыню стала мамай. Сёння дае па 38 літраў малака за дзень. Прадстаўніца галштынскай пароды набрала на выстаўцы 80 балаў і толькі на адзін бал адстала ад канкурсанткі, якая заняла другое месца. Дарэчы, такіх пародзістых высокапрадукцыйных прыгажунь у СВК «Ляхавіцкі» хапае: тут даўно, сістэмна, мэтанакіравана і паспяхова вядзецца селекцыйная работа ў малочнай жывёлагадоўлі. Што датычыць Лазуркі, то галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Ксёнжык з добрым гумарам расказвае:
– Выбіралі канкурсантку, бы мадэль на подыум. Трэба было, каб супалі і добрая ўдойнасць, і знешні выгляд: літаральна да міліметра вызначалі параметры. Усё сышлося найлепшым чынам у Лазуркі. Вельмі рады, што не памыліліся ў выбары.
Сёння «бландзінка» з Русінавіцкага малочнатаварнага комплексу, як гавораць, у трэндзе. А аператары машыннага даення, начальнік комплексу Мікалай Азімка, спецыялісты-жывёлаводы чакаюць ад яе высокай прадукцыйнасці і, у сваю чаргу, забяспечваюць гэта дасканалым доглядам і збалансаваным кармленнем.
Ад нашага раёна на «Белагра» сёлета экспанавалася і даволі эксклюзіўная кампанія ў складзе 16-ці авечак, бараноў і ягнят парод тэксель, мерыналандшаф і асканійская. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў атара прапісана на Канюхоўскай ферме. Гаспадарка ўдастоена дыплома актыўнага ўдзельніка выставы.
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і НАДЗЕІ ЦЯМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *