«Старадаўняя» пад баян

Каторы год напачатку лета Гродна ператвараецца ў вялікую святочную пляцоўку рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Сёлета госці з 36 краін свету прадставілі тут свае творчыя калектывы, народныя рамёствы. На свяце, натуральна, было і шмат беларускіх гуртоў, прычым трапілі яны ў Гродна праз адборачныя туры. Як, напрыклад, нашы землякі – творчы дуэт «Славянская душа» ў складзе мастацкага кіраўніка Ураджайнінскага СДК і прыпевачніцы у асобе Марыі Лутавінавай і баяніста Аляксандра Гуліцкага, якія прадстаўлялі рускую дыяспару на конкурсе «Зоркі фестывалю».

Ляхавічане ўдала падабралі рэпертуар – прыпеўкі аб’яднаны ў адну тэму «Старадаўнюю»; пашылі касцюмы (эскізы Марыя прыдумвала сама, а ўвасабляла ідэю загадчыца Адахаўшчынскага Дома народнай творчасці Святлана Страмавус).
Дуэт Марыі і Аляксандра заняў першае месца на абласным этапе ў Маларыце, што дало магчымасць выступіць у фінале. У Гродна яны адзначаны дыпломам за ўдзел у намінацыі «вакальны жанр».
Марыя Лутавінава нарадзілася ў Латвіі, жыла ў Іркуцку, дзе закончыла музычны каледж, цяпер яна студэнтка-завочніца Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры, а жыве ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна, адкуль родам яе бацькі.
Дарэчы, культурны тур напачатку чэрвеня для дуэта «Славянская душа» горадам Гродна не абмежаваўся. У складзе дэлегацыі Ляхавіцкага раёна ён прыняў удзел у абласных святах-конкурсах «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!» і сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго» ў Парэччы Пінскага раёна. Дуэты ў складзе Марыі Лутавінавай і Аляксандра Гуліцкага, Надзеі і Андрэя Цямчыкаў, а таксама народны ансамбль народнай музыкі «Народныя музыкі» Ляхавіцкага ГДК вярнуліся дамоў з дыпломамі І ступені ў сваіх намінацыях. За ўдзел у свяце адзначаны і сямейны калектыў «Забава» Навасёлкаўскага СДК.
Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва Ураджайнінскага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *