«Наш тата – супергерой»

Для іх сям’і ўласціва яшчэ адна характарыстыка –   РАЗАМ. Казловы пры-знаюцца, што быць заўсёды побач – гэта сямейнае разуменне шчасця.

У гэтай сям’і слова «цішыня», здаецца, увогуле не існуе, ды і ці патрэбна яна ў сям’і, падумалася, калі пабывала ў Казловых.
– Праходзьце, калі ласка. У нас гучнавата, дзяцей жа поўная хата, – са шчырай усмешкай запрашае Галіна.
І тут жа з розных пакояў пасыпаліся дзіцячыя галасы. Сястрычкі Караліна і Яна адарваліся ад ноўтбука і ўжо выглядаюць з дзіцячай, на сваім чатырохколавым транспарце з гасцінай выехаў самы малодшы з Казловых – двухгадовы Арцёмка. А дзе ж тата? Арцёмка пальчыкам паказвае на вуліцу, а Яна тлумачыць:
– Тата без справы сядзець не можа. Заўсёды нешта рамантуе, зварвае, падкручвае. Вунь ён і цяпер завіхаецца з матацыклам.

У руках таты Руслана любая непатрэбная рэч набывае новае аблічча і новае жыццё. Старыя аўтамабільныя крэслы, напрыклад, сталі элементам арэляў, камяні ператварыліся ў абстрактную скульптурку на кветніку. Тэхніка і ўвогуле паслухмяная яго рукам.
– Любая паломка – як выклік: ці змагу пачыніць. Здаецца, гадзінамі сядзеў бы за гэтай справай, разбіраўся, што і як функцыянуе ў механізме, як яго адрамантаваць, – прызнаецца старэйшы з Казловых.
Яшчэ да ўласцівай іх сям’і гучнасці цяпер дадаюцца рамонтныя работы. Планаў у Галіны і Руслана проста безліч. Чакаюць дазволу на будаўніцтва, ужо і матэрыялы закупілі, хутка іх домік на Цэнтральнай вуліцы Альхоўцаў прырасце лазняй, гаражом, гаспадарчымі пабудовамі.
Кожны элемент інтэр’ера прыдумляюць самі, ды і рамантуюць сваімі сіламі. Пра мужа Галіна з жартам гаворыць: сам сабе рэжысёр, дызайнер, будаўнік…
Для іх сям’і падыходзіць яшчэ адна характарыстыка – РАЗАМ. Казловы прызнаюцца, што быць заўсёды побач – гэта сямейнае разуменне шчасця.
Раніца пачынаецца разам са сняданка, пасля яны разбягуцца-раз’едуцца хто на працу, хто ў школу, лагер ці дзіцячы садок. Руслан – зваршчык у Ляхавіцкай ЖКГ. Галіна, як сама прызнаецца, працуе мамай, прычым мнагадзетнай:
– У галаве штодня дакладны план: каго, у колькі і куды завесці, забраць, што зрабіць па гаспадарцы – трымаем свіней, курэй, качак.
І ні ў якім разе не забыць пра сабаку Біма і ката Альберта, дадаюць дзяўчынкі. Яны – маміны сапраўдныя памочніцы: вось і цяпер збіралі клубніцы, дапамагалі іх перабіраць і варыць варэнне. Зімой слоічкі з духмяным салодкім змесцівам разыходзяцца ў іх вялікай сям’і на ўра.
Разам дома ўходж-ваюцца, разам адпачываюць: за шчасце выбрацца ўсім на рыбалку, прагуляцца на свежым паветры, летам – у ягады і па грыбы.
– У гэтым і хараство вясковага жыцця. Ні пры якой умове не зменім яго на гарадское. Што можа быць лепш свайго ўтульнага дворыка, засаджанага півонямі, свайго агарода, у якім хутка будуць агурочкі, памідорчыкі, – разважае Галіна.
– Што можа быць лепш за адчуванне, калі сам будуеш свой дом. І як жа класна займацца дома любімай справай, – расказвае Руслан.
– Што можа быць лепш, калі тут мама і тата, калі праз дарогу жыве любімая бабуля. Такое толькі дома, у Альхоўцах, –  дадаюць да формулы шчаслівага жыцця Карына і Яна. А маленькі Арцёмка ў адказ падараваў сваім бацькам шчырую ўсмешку.
– Наш тата – супергерой, – у адзін голас заяўляюць дачушкі. Ён выратаваў жыццё чалавеку. Руслан Казлоў пра падзеі таго сакавіцкага вечара ўспамінаць не любіць. І зусім не лічыць, што зрабіў штосьці неардынарнае.
– Мы заўважылі, што дом суседкі ахапіў агонь. Руслан адразу кінуся туды. Зайсці ў памяшканне праз дзверы было немагчыма, ён разбіў акно… і знік у дыме. Такія доўгія хвіліны чакання. Дзякуй Богу, атрымалася, – расказвае Галіна.
Здаецца, самае страшнае мінавала. Але ён ведаў, у доме ёсць газавы балон, і ведаў, што можа здарыцца. Вярнуўся за ім, адключыў, аднёс на бяспечную адлегласць.
– У такія моманты не думаеш пра сябе, там, у небяспецы, быў чалавек. Лічу, што я не зрабіў нічога незвычайнага – так паступіў бы кожны, – разважае Руслан.
…На гадзінніку за 17.00. Значыць, усе Казловы дома… значыць, за дзень было столькі ўсяго цікавага… значыць, усё трэба расказаць, падзяліцца хваляваннямі. Зноў у двары гаманліва – сям’я ў зборы.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

«Наш тата – супергерой»: 1 комментарий

  • 13/06/2018 в 21:53
    Permalink

    Оказывается, среди нас живут герои. Настоящий мужик!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *