Вы – наша заўтра!

З самай раніцы мінулы чацвер быў у прадчуванні свята: добрае надвор’е, мноства кветак, сонечныя шчырыя ўсмешкі, строгія касцюмы і прыгожыя сукенкі, традыцыйныя школьная форма і белыя банты. Яшчэ не раз сённяшнія  адзінаццацікласнікі адчуюць настальгію па школе і прыгадаюць дзень развітання з дзяцінствам, сваю першую прыступку ў дарослае жыццё.

Лінейкі, прысвечаныя святу апошняга званка, такія падобныя і такія асаблівыя. Усюды яны хвалююча-ўрачыстыя, спалучаюць імгненні радасці і слёзы на вачах выпускнікоў. Што ўжо гаварыць пра бацькоў, якія разумеюць: іх дзеці ўжо дарослыя і хутка паляцяць з роднага дому ў самастойнае жыццё. А які сум у вачах настаўнікаў! Гэта яны з дня ў дзень вялі па краіне ведаў сваіх вучняў, імкнуліся быць для іх не толькі педагогамі, але і дарадцамі, сябрамі, прыкладам ва ўсім.

У гэты дзень пажаданні добрага шляху гучалі ад кіраўніцтва школ, настаўнікаў, бацькоў. Былі ўзнагароды, падарункі — як і належыць на свяце. Пранікнёна гаварылі і першакласнікі. Яны таксама завяршылі важны і вельмі значны адрэзак у школьным жыцці — за плячыма застаўся першы год вучобы.

…СШ  № 1. 9 гадзін раніцы. Фанфары ўрачыста абвясцілі пачатак лінейкі, пры-свечанай заканчэнню навучальнага года. Сярод 630 вучняў школы з больш чым 140-гадовай гісторыяй — асаблівыя ўвага і пашана сённяшнім адзінаццацікласнікам і дзевяцікласнікам.  І аднымі з першых іх павіншавалі першаклашкі. Нямала цёплых і шчырых слоў у адрас усіх школьнікаў і настаўнікаў, асабліва выпускнікоў было сказана дырэктарам СШ № 1 Ганнай Крук, начальнікам інспекцыі МПЗ па Ляхавіцкім раёне Анатоліем Жабікам, шматлікімі гасцямі, бацькамі. Адзінаццаць імправізаваных званочкаў (за кожны год вучобы) расказалі пра школьнае жыццё. Чуеце: «Я звінеў вам першы раз, калі вы ішлі ў першы клас».

…Пад трэль развітальнага школьнага званка прайшоў перад сябрамі, адна-класнікамі, настаўнікамі і бацькамі выпускнік школы, чэмпіён Рэспублікі Беларусь па дзюдо Уладзіслаў Цярпіцкі, трымаючы на руках першакласніцу.

…А літаральна праз 2 гадзіны свята апошняга званка пачалося ў СШ № 2. У цэнтры ўвагі былі 65 юнакоў і дзяўчат з трох выпускных класаў на чале з класнымі кіраўнікамі Нінай Туцінай, Галінай Шыдлоўскай, Таццянай Шпак.

— Вы — наша будучыня! Няхай жыццёвы шлях будзе як мага больш светлым і радасным. Кожны з вас — творца ўласнага  шчасця і жыцця. Будзьце мудрымі і рабіце толькі добрыя справы, — звярнуўся да выпускнікоў старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук.

Віншавалі рабят дырэктар школы Святлана Якубоўская, класны кіраўнік 11 «Б» Галіна Шыдлоўская, ад імя бацькоў пажадаў выпускнікам шчаслівага шляху Генадзій Новік.

Адзінаццацікласнікі пад апладысменты перадалі першакласнікам сімвалічны ключ ведаў, каб тыя беражліва захоўвалі і прымнажалі школьныя традыцыі. На свяце было нямала шчымлівых момантаў, але адзін — асаблівы: выпускнікі прысвяцілі вальс удзячнасці сваім настаўнікам. Па традыцыі на апошняй для выпускнікоў школьнай лінейцы зазвінеў развітальны званок. Узмылі ўверх, расквеціўшы яскравымі фарбамі майскае неба, паветраныя шары. І кожны выпускнік пры гэтым задумаў сваё самае патаемнае жаданне.

Сёлета апошні званок з асаблівым хваляваннем слухалі 288 юнакоў і  дзяўчат раёна — тыя, у каго за плячыма застаўся  11 клас, і 312 дзевяцікласнікаў, хтосьці з якіх таксама развітаецца са школай, іншыя 1 верасня сядуць за парты, каб яшчэ 2 гады вучыцца і быць сярод аднакласнікаў і любімых настаўнікаў.

На кожнай лінейцы сярод гасцей былі і партнёры школы, якія не пакідаюць навучальныя ўстановы без фінансавай падтрымкі. На апошні званок многія кіраўнікі ўстаноў і прадпрыемстваў прыйшлі з падарункамі.

…Выпускнікі пачалі здаваць школьныя экзамены, паралельна рыхтуюцца да  тэсціравання. Няхай ім шчасціць з першых крокаў самастойнага жыцця!

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *