Вучоныя атрымалі малако коз з генам чалавека

Беларускія і расійскія вучоныя ўпершыню атрымалі ў малацэ трансгенных коз лактаферын чалавека. Аб гэтым карэспандэнту паведаміў навуковы кіраўнік беларускай часткі праграмы «БелРасТрансген-2», загадчык лабараторыі аднаўлення і геннай інжынерыі сельскагаспадарчых жывёл Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Будзевіч.
Патомства з’явілася ў трох трансгенных коз, і ў іх пачалася лактацыя. У малацэ гэтых коз бялок лактаферын, які мае ўнікальныя проціракавыя, антыбактэрыяльныя і антыалергенныя ўласцівасці. Малако было адпраўлена на даследаванне ў маскоўскую лабараторыю, і атрыманы сенсацыйны вынік: у ім пацверджана наяўнасць лактаферыну чалавека. Такім чынам, паспяхова завершаны яшчэ адзін этап беларуска-расійскай праграмы «БелРасТрансген-2».
«Гэта яшчэ адна значная перамога пасля сямі гадоў даследаванняў, — падкрэсліў Аляксандр Будзевіч. — Цяпер даказана, што ген чалавека, ужыўлены ў ДНК коз, працуе». Гэта дае магчымасць ствараць тэхналогіі па выдзяленні лактаферыну з малака коз, каб на наступных этапах асвоіць прамысловую вытворчасць лекавых сродкаў і харчовых дабавак з лактаферынам. Неабходна таксама больш актыўна вывучаць ўласцівасці гэтага каштоўнага малака і сумесна з расійскімі вучонымі распрацоўваць тэхналогіі па вытворчасці харчовых і лекавых сродкаў на яго аснове, падкрэсліў вучоны.
У адным літры атрыманага казінага малака змяшчаецца амаль шэсць грамаў лактаферыну — гэта самы высокі паказчык у свеце. Цяпер у Біятэхналагічным цэнтры НВЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі знаходзіцца яшчэ 9 трансгенных коз, якія чакаюць патомства. Усяго ж у Біятэхналагічным цэнтры ўтрымліваецца статак з 200 коз. Цяпер паралельна і ў Беларусі, і ў Расіі ствараецца статак трансгенных коз, малако якіх будзе мець, як мяркуецца, лекавыя ўласцівасці.
Паводле слоў Аляксандра Будзевіча, наспела неабходнасць пачаць будаўніцтва новага біятэхналагічнага комплексу, дзе будуць утрымлівацца жывёлы-прадуцэнты. У бліжэйшы час для прадаўжэння эксперыменту і навуковых даследаванняў неабходна ажыццявіць два праекты: пабудаваць спецыяльную ферму на 250 трансгенных коз і біялагічную лабараторыю, дзе можна будзе атрымліваць прадукты з лактаферынам.
Праграма «БелРасТрансген-2» атрымала афіцыйную назву «Распрацоўка тэхналогій і арганізацыя доследнай вытворчасці высокаэфектыўных і біялагічна бяспечных лекавых сродкаў новага пакалення і харчовых прадуктаў на аснове лактаферыну чалавека, які атрымліваецца з малака жывёл-прадуцэнтаў». Яна разлічана да 2013 года. Ёю прадугледжана стварэнне на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы доследных вытворчасцяў харчовых і лекавых сродкаў.
На фінансаванне праграмы «БелРасТрансген-2» выдзелена 500 млн. расійскіх рублёў, што амаль у 10 разоў больш, чым было выдаткавана на першы этап. Гэта звязана з тым, што другі этап прадугледжвае больш высокія расходы на будаўніцтва ферм для ўтрымання трансгенных статкаў, стварэнне саміх прамысловых статкаў жывёл — прадуцэнтаў лекавых бялкоў чалавека, распрацоўку тэхналогій выдзялення бялкоў чалавека з малака жывёл і стварэнне лекавых і харчовых сродкаў з арганізацыяй іх доследнай вытворчасці. Расійскаму боку выдзелена 325 млн. расійскіх рублёў, беларускаму — 175 млн. рублёў.
Поўная рэалізацыя праграмы дасць магчымасць упершыню ў Беларусі і Расіі пачаць стварэнне вытворчасцяў эксклюзіўных фармпрэпаратаў, харчовых дабавак з лактаферынам, атрыманым на аснове трансгенных тэхналогій.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *