У апошні дзень вясны

Адзін юнак і сем дзяўчат — гэта выпускнікі Ліпскай СШ. Зразумела, што хлопец крыху хваляваўся  ў акружэнні аднакласніц, якія на ўрачыстую развітальную лінейку прыйшлі па-святочнаму прыбраныя: настальгічная школьная форма — карычневыя сукенкі ў складачкі, з белымі каўнерыкамі, белыя фартушкі. Усе, як адна, дзяўчынкі заплялі ў косы белыя стужкі…

І цэлае мора кветак — у руках бацькоў, настаўнікаў, выпускнікоў і нават тых вяскоўцаў, якія проста прыйшлі на ўрачыстасць. Дырэктар Ліпскай СШ Аляксандр Гатоўчыц хваляваўся, калі віншаваў усіх з заканчэннем навучальнага года, а выпускнікам жадаў шчаслівага жыццёвага шляху. Выказвалі спадзяванне, што маладыя людзі стануць выдатнымі спецыялістамі і дастойнымі грамадзянамі сваёй Айчыны намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны і старшыня СВК «Ліпнянка» Уладзімір Варвашэвіч. Поспехаў і ўдачы, упэўненасці і трываласці духу,  настойлівасці і, зразумела, здароўя  зычылі рабятам настаўнікі і бацькі.

Радаснымі, вясёлымі і таксама вельмі ўрачыстымі былі першакласнікі. І не выпадкова. Іменна да іх прыехалі госці, ды не з пустымі рукамі. Начальнік разлікова-касавага цэнтра №3 у г. Ляхавічы аддзялення ААТ «Белаграпрамбанк» у г. Баранавічы Ніна Саўчык прывезла ў падарунак кожнаму першакласніку скураны футбольны мяч. Акцыя, падчас  якой такія ж падарункі атрымаюць першакласнікі 2000 сельскіх школ, арганізавана асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футбола» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ «Белаграпрамбанк», а таксама вытворцам марожанага «Юкі» і называецца «Падары дзіцяці футбольны мяч». Арганізатары акцыі перакананы, што падобныя мерапрыемствы будуць садзейнічаць прапагандзе фізічнай культуры і спорту сярод падрастаючага пакалення.

Цудоўны падарунак напярэдадні лета!

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *