А ў паштовай скрыні – ваш «ЛВ»! Днямі «веснікаўцы» чарговы раз сустрэліся са сваімі чытачамі ў Дзень падпісчыка

Сустрэчы з вамі, нашы шаноўныя падпісчыкі, заўсёды такія шчырыя, па-асабліваму цёплыя і запамінальныя. Кожны, хто прыходзіць аформіць абанемент менавіта ў Дзень падпісчыка, не проста чакае свой квіточак, а за гэтыя некалькі хвілін дзеліцца меркаваннямі і пажаданнямі. Як жа прыемна, калі вы прапаноўваеце, падказваеце новыя тэмы, дапамагаеце «веснікаўцам» сваімі ідэямі. Мы гэта цэнім і прыслухоўваемся да кожнай заўвагі. Газета-чытач-газета – гэтыя стасункі і павінны быць моцнымі.
У мінулую сераду ў гарадскім аддзяленні сувязі «ЛВ» сустрэўся са сваімі даўнімі сябрамі і тымі, хто ўпершыню падпісаўся на раёнку. Ляхавічанка Леаніда Булатая з унучкай Надзеяй аформіла падпіску на квартал:
– Колькі сябе памятаю, заўсёды чытаем «Ляхавіцкі веснік». Без яго, шчыра кажучы, ужо ніяк. Добрая звычка, кожную сераду і суботу, даставаць з паштовай скрыні газету са свежанькімі навінамі.
Пакуль паштальён Анастасія Буйкевіч займаецца падпіснымі фармальнасцямі, яны пазіруюць з любімай раёнкай на камеру.
І важна, што дачны сезон і агародныя справы – зусім не перашкода, каб прадоўжыць абанемент на раёнку. Можна даручыць гэту справу сваёй суседцы – былі заўважаны і такія выпадкі.
Кожны, хто ў гэты дзень далучыўся да «веснікаўскага» кола, атрымаў памятныя падарункі.
Дзякуй, што вы з намі, абяцаем – не падвядзём!
«Веснікаўцы».

Фота Маргарыты КУХТА. Больш фота тут 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *