Уступная – гэта сур’ёзна

У Камітэце дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці адбылася нарада па пытанні арганізацыі кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2018 годзе.

Для ажыццяўлення кантролю за ходам уступнай кампаніі на ўсіх яе этапах – ад правядзення цэнтралі-заванага тэсціравання да залічэння студэнтаў (навучэнцаў) ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29.03.2018 № 121 створана дзяржаўная камісія і вызначаны яе паўнамоцтвы. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці створаны абласная камісія і камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у чатырох установах вышэйшай адукацыі і ў 22 сярэдніх спецыяльных установах адукацыі вобласці.
Да работы ў камісіях па кантролі задзейнічаны больш за 30 супрацоўнікаў органаў КДК вобласці і каля 800 работнікаў сферы адукацыі, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый.
На першым этапе ўступнай кампаніі асноўная ўвага будзе нададзена кантролю за ходам цэнтралізаванага тэсціравання, якое праходзіць з 12 чэрвеня па 2 ліпеня па 11 вучэбных прадметах у чатырох установах адукацыі Брэсцкай вобласці.
Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ва ўстановах вобласці зарэгістраваны абітурыенты для выканання 48010 тэстаў (на 6470 менш, чым у 2017 годзе).
Для абітурыентаў, якія па аб’ектыўных абставінах (дакументальна пацверджаных) не змаглі прайсці ЦТ па адным вучэбным прадмеце ва ўстаноўленыя тэрміны, вызначаны рэзервовыя дні – 6, 8 і 10 ліпеня.
У бягучым годзе парадак правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі не зменены.
Адрозненнем ад мінулага года з’яўляецца тое, што пры паступленні ў 2018 годзе абітурыентамі могуць быць выкарыстаны сертыфікаты, выдадзеныя па выніках тэсціравання ў 2017 годзе.
Скарэкціраваны ў бок змяншэння кантрольныя лічбы прыёму як у цэлым па ВНУ рэспублікі, так і па установах вышэйшай адукацыі Брэсцкай вобласці. У прыватнасці, па чатырох вну вобласці ў 2018 годзе кантрольныя лічбы прыёму зменшаны ў параўнанні з 2017 годам на 734 месцы, з іх 152 – бюджэтныя. У Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт план набору ў параўнанні з 2017 годам зменшаны на 254 месцы (з іх бюджэтных – 33), Брэсцкі ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна – 164 (42), Палескі ўніверсітэт – 222 (51), Баранавіцкі ўніверсітэт – 94 (26). У большай ступені скарачэнне набору закранула завочную форму навучан- ня – 458 месцаў, з іх 48 бюджэтных. У асноўным праведзена аптымізацыя спецыяльнасцяў юрыдычнага і эканамічнага профіляў.
Кантроль за ходам уступнай кампаніі будзе працягвацца на этапах прадстаўлення абітурыентамі дакументаў у прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі, здачы ўнутраных уступных іспытаў (пры іх наяўнасці), конкурснага адбору і залічэння студэнтаў (ліпень-жнівень), навучэнцаў у кожнай з устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Завершыцца дзейнасць камісій па кантролі пасля прадстаўлення (да 19 жніўня) у дзяржкамісію справаздачы аб выніках работы з унясеннем пры неабходнасці прапаноў па далейшым удасканаленні парадку падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.

На перыяд правядзення ўступнай кампаніі працуюць тэлефоны гарачай лініі Брэсцкай абласной камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў (Камітэт дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці): у г. Брэсце (8-0162) 21-18-76, 21-18-94; у г. Баранавічы – (8-0163) 64-06-20; у г. Пінску – (8-0165) 32-26-22.
Усе звароты, якія тычацца пытанняў уступнай кампаніі, будуць аб’ектыўна і аператыўна разгледжаны.
КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *