Замер на бяспеку

Першы намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц, ветурач хімік-тэхнолаг Алеся Канцэлярчык правяраюць тэмпературу цюкоў сена.

Гарачае і сухое надвор’е патрабуе ад корманарыхтоўшчыкаў асабліва ашчаднага выканання тэхналогіі закладкі грубых кармоў, правілаў пажарнай бяспекі. Ад якасці кармавога стала залежыць прадукцыйнасць і здароўе жывёлы, таму работа зялёнага канвеера і ўмовы захоўвання кармоў – пад пільным кантролем многіх службаў, у тым ліку ветэрынарнай і пажарнай.

Напрыканцы першага ўкосу карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд з першым намеснікам РАНС Сяргеем Гатоўчыцам і ветурачом хімікам-таксіколагам райветстанцыі Алесяй
Канцэлярчык, каб праманіторыць выкананне патрабаванняў пры закладцы грубых кармоў у сельгаспрадпрыемствах раёна.
Першым пунктам прыпынку на шляху стала канюхоўская ферма ААТ «Жарабковічы». Сенасховішча тут запаўняецца. Пачатак зімовым запасам паклалі травяныя рулоны з падлескіх палеткаў, расказвае брыгадзір паля-водчай брыгады Ала Сіліцкая, якая на гэты перыяд замацавана за ўчасткам. На прыёмцы яна не навічок. Штодзень і калі прыбывае чарговая «порцыя» цюкоў спецыяльным тэрмометрам правярае тэм-пературу ўнутры іх. Такая ж працэдура і яшчэ замеры на вільготнасць праводзяцца на полі пры загрузцы сена. Перад сенасховішчам кантрольны тэст для бяспечнай закладкі.
Сяргей Гатоўчыц уключае  прыбор, на экране высвечваецца +22 градусы.
Норма. Падставай для заклапочанасці з’яўляецца блізкая да 40-градуснай адзнака, тлумачыць спецыяліст. Павышаныя вільготнасць і тэм-пература могуць выклікаць узгаранне, таму перастрахоўка тут не пашкодзіць.
У час размовы да павеці пад’язджае начальнік участка Уладзімір Адаська. Гатоўчыц экзаменуе падведамасны яму аб’ект на наяўнасць першасных сродкаў пажаратушэння, звяртае ўвагу на тэрмін прыдатнасці вогнетушыцеля. Усё ў парадку. Адна заўвага – не завялі журнал уліку, у якім пазначаюцца вынікі кантролю за тэмпературнымі ваганнямі сена. Ветурач Алеся Канцэлярчык праводзіць адбор проб сухой травы для аператыўнага аналізу якасці грубых кармоў.
Падчас праверкі сельгаспрадпрыемстваў супрацоўнікі РАНС нагадваюць элементарныя правілы бяспекі на такіх аб’ектах, пра тое, што нельга курыць па-за спецыяльна адведзеных месцаў, правяраюць навыкі карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, веданне алгарытму дзеянняў у выпадку пажару.
На маршруце рэйда – сенасховішча фермы «Цэнтр» ДП «Нача». Працэс закладкі тут у самым разгары – за першы тыдзень лета пакладзена на захоўванне 250 тон. Механізатар Ілья Засухін на «Амкадоры» майстарскі нібы жангліруе цюкамі, адпраўляе іх у ангар. Сенасховішча выглядае капітальна і ўну-шальна: масіўныя дзверы, вялікая плошча. Брыгадзір паляводчай брыгады Таццяна Кудравец сёмы год кантралюе складзіраванне грубых кармоў і замеры важных паказчыкаў выконвае бездакорна – гэта пацвярджаюць запісы ў спецыяльным журнале. На працы Таццяна з ранку – з паловы сёмай гадзіны. Спачатку нарад і размеркаванне абавязкаў. На гадзінніку няма яшчэ поўдня, а яны паспелі ўкласці белыя рулоны з травяным начыннем, закласці сянажную траншэю, правесці дэзынфекцыю зернесклада пад будучы ўраджай.
Сяргей Гатоўчыц і Алеся Канцэлярчык па ўжо вядомай схеме інспектуюць цюкі сена, пад пільнай увагай таксама пажарны шчыт. Тэрмометр выдае: 10,7 працэнта вільготнасці. Перавышэння няма. У парадку і іншыя нарматыўныя паказчыкі.
Пры такіх адносінах да корманарыхтовак рагулі атрымаюць якаснае меню і малака будзе ўдосталь высокага гатунку. А гэта дадатковы рубель у кашалёк сельгаспрадпрыемстваў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *