Вясковы прыпынак

Здаўна гавораць, што ў гэтым куточку раёна жывуць людзі заможна. Землі тут урадлівыя: маўляў, уваткнеш у зямлю аглоблю, а яна прарасце. Усё гэта так ці амаль што так. Адно ведаю дакладна: тут жывуць людзі  працавітыя, увіхаюцца на рабоце, дома трымаюць вялікія падсобныя гаспадаркі.

Колькі існуе калектыўная гаспадарка, столькі Жарабковічы і Падлессе славяцца багатымі ўраджаямі збожжа, у пашане былі льнаводы, і сёння радуюць плантацыі буракоў і кукурузы. Тут заўсёды будаваліся і будуюцца прыгожыя дамы, добраўпарадкуюцца сядзібы, клапоцяцца вяскоўцы і ўвогуле  пра парадак у сваіх населеных пунктах. Але ж лепш раз пабачыць, чым сем разоў пачуць, таму і накіраваліся дэпутаты на чале са старшынёй райсавета Яўгеніем Юрлевічам на Дзень Савета  ў Падлескі і Жарабковіцкі сельсаветы. Тэмай яго стала пытанне  «Аб эфектыўнасці работы органаў кіравання і самакіравання па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў».

Аграгарадок Падлессе. Новы статус, зразумела, унёс пэўныя карэктывы і ў выгляд населенага пункта: паабапал вуліц бетонныя агароджы, адрамантаваны Дом культуры, некалькі шматкватэрнікаў, працуюць комплексны прыёмны пункт, аддзяленні Беларусбанка, паштовае, гандлёвыя кропкі — ёсць усё, што трэба вяскоўцам для жыцця-быцця. Іншая справа, што змяншаецца колькасць насельніцтва, многія дамы пустуюць, зачыніліся і больш не працуюць некаторыя аб’екты гаспадарчага і гандлёвага прызначэння. Людзі скардзяцца на дрэнную ваду ў водаправодзе, на тое, што ў памяшканні ўрачэбнай амбулаторыі цячэ дах, няма ўрача… Разам з тым, з радасцю адзначаюць, што ў гандлёвых кропках заўсёды багаты асартымент тавараў, прыязджае нават аўталаўка з Барана-віцкай  птушкафабрыкі «Дружба», адчыняецца ў вёсцы і фірменная крама СВК «Жарабковічы», наведзены парадак у цэнтры, дагледжанай выглядае  школа. А яшчэ тое, што мясцовыя жыхары самі клапоцяцца, каб у іх вёсцы быў парадак.

Далейшы шлях праходзіў па вёсках Дамашы, Пірштукі, Валасачы. Тут таксама сустракаюцца дамы з наглуха занавешанымі і закрытымі вокнамі.  У Дамашах наведалі магазін. Асартымент тавараў тут добры, як і грашовая выручка: здавалася б, людзей мала, а штомесяц рэалізуецца тавараў у сярэднім на 30 мільёнаў рублёў. Вось толькі з размовы з прадаўцом стала вядома, што вялікай папулярнасцю карыстаюцца вінна-гарэлачныя вырабы:  дзве трэці ад выручкі — за алкагольныя напіткі…

У Сваятычах праблемы, як і ў кожнай вёскі, што знаходзіцца воддаль ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі: змяншаецца колькасць насельніцтва,  зачынены Дом культуры, мала вучняў у мясцовай базавай школе. Дарэчы, у гэтай навучальнай установе хоць і канікулы пачаліся, але гасцей сустрэлі вучні і настаўнікі, расказвалі пра гісторыю і сённяшні дзень сваёй вёскі.

Але ж як папрок і школе, і сельвыканкаму, і ўсім вяскоўцам: ля памяшкання былога СДК у засені ліпаў сіратліва стаіць помнік загінуўшым вяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сціплы пастамент з прозвішчамі і пяцівугольная зорка. Час і непагода зрабілі сваю справу: абсыпалася тынкоўка. Няўжо ніхто гэтага не бачыць?..

Зарытава, аграгарадок Жарабковічы, Гулічы — некалі вельмі буйныя населеныя пункты, прыгожыя і самабытныя. Але вылучаецца, зразумела, аграгарадок, дзе сёння жыццё б’е крыніцай. Дагледжаная Жарабковіцкая школа. Хоць памяшканне СДК — пабудова яшчэ пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, але добра адрамантаваная. І работа тут пастаўлена выдатна: штодзень вяскоўцы наведваюць клуб з задавальненнем.

Сур’ёзная работа праводзіцца і па зносе пустуючых старых дамоў. Як расказаў старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі, ужо сёлета знесена 8 такіх сядзібаў, землі ўведзены ў севазварот. У вёсках арганізаваны вываз цвёрдых бытавых адходаў.

Наогул, дзякуючы таму, што гэтыя два сельсаветы аб’яднаны адной гаспадаркай СВК «Жарабковічы», многія пытанні вырашаюцца паспяхова. Сельвыканкамы і праўленне сельгаскааператыва працуюць узгоднена. Задаволены вяскоўцы і тым, што СВК забяспечвае іх падсобныя гаспадаркі патрэбнымі кармамі, выдзяляюцца сена, канцэнтраты, транспарт   і г. д.

Памочнікі мясцовай улады  —  6 старастаў вёсак, якія таксама жывуць праблемамі землякоў. Вось і цяпер яны паставілі пытанне аб рэйсавым аўтобусе    (сёння ён курсіруе толькі з Ляха-віч і да Зубелевіч), патрабуе падсыпкі вуліца Лугавая ў Жарабко-вічах…

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *