Чэрвень. Флер’янова. Чытанні. Гэта было прызнанне ў любві сваёй малой радзіме. У Ляхавіцкім раёне прайшлі другія «Флер’яноўскія чытанні»

Генрых Траццяк сустракае гасцей

Флер’янова сустракала гасцей. Сённяшнія гаспадары былога маёнтка Бохвіцаў Генрых і Ларыса Траццякі толькі «за», калі гаворка ідзе пра захаванне культурнай спадчыны, пра выкарыстанне яе як асновы для развіцця ці хаця б дэманстрацыі сённяшніх здабыткаў, знаходак, дасягненняў таленавітых у мастацтве, народжаных на Ляхавіччыне – адным словам, землякоў. Таму другі раз запар яны ахвотна адгукнуліся на культурную прапанову бібліятэкараў раёна правесці «Флер’яноўскія чытанні».

Фэст адбыўся: задума расцудоўная, атмасфера самая што ні на ёсць спрыяльная для дасягнення прыгожай мэты, антураж адпаведны, канцэнтрацыя творчых памкненняў неверагодная. І гэта не перабольшанне: ідэя фэсту мае глыбокі і глыбінны сэнс, што пацвярджаецца пранікнёным прывітальным словам Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Карлюкевіча ўдзельнікам «Чытанняў». Іх агучыў наш знакаміты зямляк, паэт, пісьменнік, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, які выказаў меркаванне, што фэсту можна і трэба «расці» ў маштабе, магчыма, да міжнароднага. І гэта не будзе штучнасцю, таму што гісторыя нашай малой радзімы вялікая і велічная. Сабраць яе па крупінках, да маленькага эпізоду, па магчымасці да асобы – гэта мы можам, гэта мы абавязаны, і гэта будзе цікавая кніга пра зямлю і людзей, такое падарожжа ў часе тутэйшых каардынат.
Сувязь часоў. Карані і крона. Даўно і цяпер. Неўміручая, па-за модай прага творчасці, спаталяючая сіла натхнення. Другое стагоддзе шапоча векапомны дуб, пасаджаны некалі ў маёнтку Бохвіцаў Элізай Ажэшка. Яна тут была частым і жаданым госцем. «У гэтай прыгожай вёсцы я адчуваю сябе больш моцнай, чым калі-небудзь. Вёска патанае ў зялёных раскошных дрэвах, квітнее слупкамі касачоў і дыванамі незабудак, спявае мільёнамі галасоў, якія звіняць, шэпчуць у крышталі духмянага паветра, – пісала Эліза з Флер’янова. – …Я прагну яшчэ раз у жыцці правесці лета, карыстаючыся гасціннасцю панства Бохвіцаў, якія тут уладкавалі выгодны і ладны пансіянат для людзей такіх, як я, у вясковым значэнні бяздомных».
Ужо толькі гэтых радкоў славутай пісьменніцы і рамантычнай жанчыны было б дастаткова, каб флер’яноўскія мясціны назаўсёды надзяліць флёрам таямнічасці і загадкавасці. Перапіска ж Ажэшкі і Тадэвуша Бохвіца потым, праз дзесяцігоддзі, была выдадзена і заняла 300 старонак асобнага тома. Дарэчы, не толькі Ажэшка бывала ў Флер’янове. Сюды наведваліся вядомыя пісьменнікі, паэты, артысты, мастакі… Тут ставіліся спектаклі, ладзіліся літаратурныя вечарыны, гучала класічная музыка і народныя спевы. Дык ці выпадкова прыдуманы сённяшнія «Флер’яноўскія чытанні»?!
У Алеся Бадака сувязь з малой радзімай трывалая-непарыўная. Тут, у Турках, жыве яго мама, тут усё дарагое і блізкае, знаёмае і любімае з самага ранняга дзяцінства. Гэта таксама ў паэзіі яго душы.
Я неаднойчы думала, як нарадзілася самае шчымлівае з прызнанняў у любві да Ляхавіцкай зямлі (такім лічу бадакоўскія радкі з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»)? Паэт (толькі паэт мог так напісаць!) успамінаў гісторыю з’яўлення гэтых радкоў, нібы гэта было ўчора. А мінулі з таго часу тры дзесяцігоддзі. І менавіта на «Флер’яноўскіх чытаннях» прагучалі зноў, бы ўпершыню, напоўненыя абсалютнай любоўю, прыгожыя, пранікнёныя, шчымлівыя радкі. Нібы задалі настрой фестывальнаму сюжэту.
Неаднойчы называліся імёны: Віктар Гардзей, Леанід Пранчак, Іван Ждановіч, Уладзімір Дамашэвіч і ці не самы славуты з землякоў-сучаснікаў Міхаіл Пташук (застаўся напісаны ім сцэнарый фільма , прысвечаны яго малой радзіме – Ляхавіччыне) . Гучалі ўрыўкі з іх твораў, песні на іх вершы. Да мікрафона запрашаліся добра вядомыя і любімыя землякамі Галіна Жывіца з Бераставіцы, Клаўдзія Трысцень з Баранавіч.

На фэсце як на фэсце – такія прапановы, такія завядзёнкі! У бібліятэцы пад адкрытым небам знайшлося месца фотазоне: кожны жадаючы мог сфатаграфавацца ва ўбранні пачатку мінулага стагоддзя.
Не магла не зацікавіць экспазіцыя Прэзідэнцкай бібліятэкі «Кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў».
Дзяржаўны музей ваеннай гісторыі правёў акцыю «Я помню. Я ганаруся.», і многія нашы юныя землякі расказалі пра родных, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Побач экспанавалася выстава, як сказала кіраўнік студэнцкай майстэрні інавацый кафедры педагогікі БарДУ Валянціна Козел (дарэчы, наша зямлячка, родам з Тальмінавічаў), сацыяль-ных партнёраў: універсітэта, клуба ветэранаў Баранавіцкага ГДК «Неспакойныя сэрцы» (у ім таксама працуе наш зямляк, кампазітар-песеннік Іван Асос) і Баранавіцкага прафтэхкаледжа сферы абслугоўвання. Валянціна Козел пра флер’яноўскі фэст гаварыла з натхненнем:
– Захаванне культурнай спадчыны – гэта так важна. Сувязь пакаленняў была, ёсць і будзе. Два гады назад у рэспубліканскім конкурсе «Валанцёр года» нашы студэнты былі сярод пераможцаў за праект «Галасы за брамай часу». Сёння мы рады не проста прысутнічаць у Флер’янове, а быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтага дзейства.
Я люблю чытаць, сцвярджаў надпіс, складзены з вялікіх літар, што імправізаванай расцяжкай былі ўмацаваны ў зямлю. Тут жа можна было набыць некаторыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Неверагодна прыемную, няхай і не з літаратурнай афарбоўкай магчымасць прадаставілі ўдзельнікам фэсту гаспадары аграсядзібы «Залатая падкова» з Баранавіцкага раёна – пракаціцца на конях па маладым парку, дзе цягнуцца да сонца дубкі, калісьці «прыдуманыя» «Ляхавіцкім веснікам» і пасаджаныя па ягонай ініцыятыве і з ягоным удзелам. А насупраць на гэта хараство пазіраў амаль 110-гадовы волат-дуб, хроснай мамай якога з’яўляецца Эліза Ажэшка.
У праграме фэсту знайшлося месца адкрытаму мікрафону, ля якога кожны жадаючы мог прачытаць вершы, і не абавязкова вядомых паэтаў, але і свае. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ад вакальных гуртоў «Берагіня» Дараўскага і «Забава» Падлескага СДК радавалі слых канцэртнай праграмай ў флер’яноўскіх каардынатах. Несправядлівым будзе не адзначыць і шыкоўны стол з пачастункамі, над якім кулінарылі бібліятэчныя работнікі: як гавораць, не кнігай адзінай…
Удосталь было шчырасці і прыветнасці гаспадароў сядзібы, арганізатараў свята, натхнення і жадання паўдзельнічаць у ім шматлікіх гасцей і, зрэшты, разважанняў наконт будучыні «Флер’яноўскіх чытанняў». Адна- значна: ім быць, прырастаць-расці, імкнуцца, як любой творчай задуме, да дасканаласці, таму што творчасці без гэтага імкнення не бывае.
І пра асабістае ўспрыманне. Думаю, што лагатып фестывалю трэба актыўней выкарыстоўваць і прасоўваць, анансаваць «Флер’яноўскія чытанні» загадзя і ўсімі магчымымі сродкамі – гасцей будзе значна больш. Здаецца, было б прыгожа, каб незалежна ад фармату фэсту гасцей сустракалі разам з Генрыхам і Ларысай Траццякамі былыя гаспадары маёнтка, дакладней, сцэнічныя вобразы паноў Бохвіцаў і іх любімай госці Элізы Ажэшка. А яшчэ ў мелодыю «Чытанняў» так і просіцца голас скрыпкі, так і просіцца паланэз Агінскага. Класіка стане выдатным абрамленнем флер’яноўскаму дзейству, як і экскурсія па апартаментах.
…Субота, 16 чэрвеня, была лагоднай: хапала сонца, хапала лета, хапала настрою на лірычную хвалю і на роздум пра сувязь часоў. Шапаценне лістоты на дрэвах, пах свежаскошанай травы, цвіценне руж ля мураваных сцен старога палаца – такі звычайны і такі незабыўны дзень. Дзякуй за фэст і яго арганізатарам – бібліятэчным не проста супрацоўнікам, а ў добрым сэнсе фанатам кнігі, і нераўнадушным гаспадарам каардынат творчасці і шанавання культурна-гістарычнай спадчыны – Траццякам, і усім гасцям, якія адгукнуліся на запрашэнне.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Маргарыты КУХТА.

Дарагія сябры!
Сардэчна вітаю ўдзельнікаў і гасцей «Флер’яноўскіх чытанняў»!
Вось ужо другі раз гэтае свята аб’ядноўвае паэтаў, пісьменнікаў, самадзейных артыстаў і юных чытальнікаў, а таксама ўсіх аматараў мастацкага слова, падаючы выдатную магчымасць павышэння культурнага і адукацыйнага ўзроўню, прапагандзе значнасці чытання, атрымання каштоўнай інфармацыі, якая непасрэдна звязана з нашай багатай гісторыяй і духоўнай спадчынай.
Тэма цяперашніх чытанняў – «Год малой радзімы».
Мы жывём у вялікім шматнацыянальным свеце. Наша малая радзіма з’яўляецца часткай гэтага свету са сваімі нацыянальнымі традыцыямі і звычаямі. Кожны народ мае сваю непаўторную гісторыю і асаблівасці. Ведаць гісторыю сваёй сям’і, сваёй малой радзімы і перадаваць яе ў спадчыну проста неабходна, інакш мы страцім свае карані, што прывядзе да духоўнай дэградацыі. Не ведаючы мінулага, мы не пабудуем будучыню. Паважаць і шанаваць гісторыю сваёй Радзімы, прапагандаваць яе праз мастацкае слова, праз кнігі і сродкі масавай інфармацыі – вось сапраўдная сіла грамадства, краіны і свету ў цэлым.
Літаратура – гэта маральны патэнцыял, які не дасць нам збяднець. Мы павінны выхаваць здаровае, добра адукаванае пакаленне.
«Флер’яноўскія чытанні» – яшчэ адзін крок да таго, каб  захаваць высокае значэнне  мастацкай літаратуры ў жыцці ўсіх пакаленняў беларусаў.
Хай крыніцай духоўнай сілы народа заўсёды будуць мудрыя, сумленныя, напоўненыя любоўю да чалавека і роднай зямлі творы класікаў і сучасных аўтараў.
Шчыра жадаю ўдзельнікам чытанняў цікавых сустрэч, радасці сэрца, моцы духу і ўсведамлення таго, што ваша праца неабходна!
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Чэрвень. Флер’янова. Чытанні. Гэта было прызнанне ў любві сваёй малой радзіме. У Ляхавіцкім раёне прайшлі другія «Флер’яноўскія чытанні»: 3 комментария

  • 19/06/2018 в 15:51
    Permalink

    Вольга Пятроўна, Вы так прыгожа расказали пра мерапрыемства! Вялікі дзякуй! Думаю, пасля такога артыкулу наступныя «Флер’яноўскія чытанні» збяруць яшчэ больш гасцей.

  • 19/06/2018 в 18:47
    Permalink

    Нажаль я не была на свяце. Але хачу некалькі слоў сказаць пра бібліятэкараў, якія заўсёды прыветлівыя і з усмешкай на твары сустракаюць чытачоў. Кожны раз наведваючы бібліятэку у мяне падымаецца настрой. Дзякуй вам за працу.

  • 24/06/2018 в 21:35
    Permalink

    Очень хочется, чтобы это мероприятие стало известно далеко за пределами Брестчины. Таким действом хочется гордится.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *