Мы сёння варым варэнне – клубнічнае!

У традыцыйнай рубрыцы «Будзьце нашым госцем» сёння – сонечная, абаяльная жанчына, цудоўная гаспадыня, любімая жонка, мама і бабуля – Валянціна Домаш. А па факце госцем усё ж была я, карэспандэнт раёнкі, што завітала да Валянціны Міхайлаўны па яе духмяным адрасе на вуліцу Інтэрнацыянальную ў райцэнтры. Чаму духмяным? Увесь адказ у простай фразе гаспадыні, якая сустракала ў дзвярах:
– Мы сёння варым варэнне – клубнічнае!

З радасцю яна дзеліцца сакрэтамі свайго кулінарнага майстэрства з чытачамі раёнкі. Яе закаткі – яе фірмовая фішка, гавораць суседзі. Як сама прызнаецца, калі сям’я збіраецца за вячэрай, стол проста немагчыма ўявіць без рагу з агародніны, кабачковай ікры, агурочкаў ці памідорчыкаў, якія так пасуюць да варанай бульбы. А ў нядзелю – бліны, і як жа без варэння…
– У кожнага свае смакавыя перавагі: хто любіць малінавае варэнне ці са сліў, каму даспадобы вішнёвае, а можа ўвогуле – ягадны мікс, у нас ёсць з чаго выбраць. Але самае рэйтынгавае цяпер, канешне, з клубніц. Таму да гэтых ягад увага асаблівая, – расказвае Валянціна Міхайлаўна.
Вось і ўчора партыя паўлітровых слоікаў з салодкім варывам адправілася на захоўванне ў падвал. І ўжо рыхтуецца наступная.
Валянціна Домаш перагортвае старонкі старога, але такога багатага на рэцэпты сшытачка: што занатоўвала ад мамы, што з газет выразала, ёсць і свае напрацоўкі. Многія, прызнаецца, ведае на памяць.
– Сёння буду варыць варэнне з цэлымі ягадамі. На ноч клубніцы засыпаем цукрам. Але перад гэтым трэба абавязкова іх некалькі разоў прамыць, добра высушыць, перабраць, пазбавіцца ад хвосцікаў, ці як іх называюць у народзе – «чашачак». Разлічваць так: на кілаграм клубніц – 800 грамаў цукру, а хто любіць больш салодкае або кіслейшае, колькасць цукру можна рэгуляваць, –  дадае Валянціна Домаш, пакуль стэрылізуе слоікі. Дарэчы, тут таксама свае сакрэты.
– Хто навучыў варачнай справе?
– Яшчэ з дзяцінства дапамагалі маме з варэннем. Мая малая радзіма – прыгожая вёсачка Гукова. У нас заўсёды было многа клубніц, дзяліліся з суседзямі. А колькі варэння закатвалі! І сёння гукоўскія агародныя соткі радуюць ураджаем гэтай духмянай ягады. Рэцэпт застаўся мамін. Калі выйшла замуж, пераехала да мужа ў Навасёлкі, там клубніц было яшчэ больш – паспела набіць руку на закатках. Пасля ўсе нюансы нарыхтовак «забрала» з сабой у Ляхавічы.
Стэрылізуюцца слоікі вельмі проста: ставяцца ў духоўку на 5-7 мінут пры тэмпературы 120 градусаў.
За ноч ягадкі пусцілі сок, а цукар увесь растварыўся. Гаспадыня асцярожна злівае сіроп у каструлю і ставіць на агонь. Як закіпіць – кідаем туды клубніцы. Многія дабаўляюць 200-250 грамаў вады. З ягадамі варым яшчэ – 5-7 мінут.
– Гарадское жыццё, кватэрныя ўмовы, праца, дзеці не перашкаджалі займацца закаткамі?
– Ніколі! Магчыма, таму, што і над гэтым часта шчыравала ўся сям’я: разам збіралі, перабіралі, варылі, разлівалі па слоіках. Прыеду з работы (Валянціна Міхайлаўна працуе настаўніцай пачатковых класаў у Навасёлкаўскай школе – рэд.),
і з мужам Валянцінам адразу ў Гукова. Дзеці Таня і Андрэй  лета праводзілі ў бабулі ў вёсцы. Галоўны дэсерт іх дзяцінства –  булачка з варэннем і малако. Таму слоікі з салодкім змесцівам ніколі не заставаліся на другі год.
Валянціна Міхайлаўна глядзіць на гадзіннік – варэнне можна здымаць з агню. Асцярожна, няспешна разлівае духмяны ласунак па слоіках і закатвае.
– А дзяцей навучылі варыць варэнне?
– Іх і вучыць не трэба, – яны ў працэсе з самага дзяцінства. Сёння ў кожнага – свая  сям’я і, дарэчы, – свае клубнічныя рэцэпты. Таня, напрыклад, любіць кампот, ды пасаладзей. Літаральна раніцай тэлефанавала, гаварыла, што таксама будзе рабіць нарыхтоўкі з ягад на зіму. У Андрэя свой дом, свой агарод – таму і закатак на зіму ў іх многа. Шмат зяленіва, агародніны, ягады замарожваюць, і я ў іх вучуся.
Завяршальны акорд клубнічнай эпапеі – правільна падрыхтаваць варэнне да захоўвання, а значыць –  праверыць на герметычнасць. Валянціна Домаш ставіць слоікі ў халаднаватае месца і робіць, так званае «футра»: накрывае іх коўдрай. Калі напухлых накрывак не з’явіцца – адпраўляе варэнне ў падвал.
– Што яшчэ згатуеце з клубніц?
– Можна прыгатаваць варэнне па іншым рэцэпце – не цэлымі ягадкамі. Як і ў папярэднім рэцэпце, толькі варыць трэба адразу ўсё разам каля 35 мінут. І здымаць са змесціва пенкі, тады сіроп будзе празрыстым.
– А яшчэ гаварылі пра кампот?
– Смачная рэч! Тут свая «арыфметыка»: на трох-літровы слоік патрабуецца літр клубніц і 250 грамаў цукру. Люблю, каб смак быў насычаны, таму і ягад сыплю дастаткова, прычым адбіраю вялікія і спелыя. Гатуем цукровы сіроп і заліваем ім нашы ягадкі, пасля закатваем. А сёлета ў кампот зяць падказаў дадаць скрылік апельсіна – унесці цытрусавую нотку. Паспрабуем.
– Ці можна сказаць, што займацца закаткамі – ваша сезоннае хобі?
– Адназначна. Імкнуся па магчымасці закатаць усё, што можна закатаць: гарошак, кукурузу, розныя салаты, рагу, фруктовае асарці… Натуральны прадукт, ды яшчэ і са свайго агарода, узімку не толькі смачны і карысны, але і настрой узнімае – вяртае ў лета.
Атрымліваю асалоду, калі бачу, што сіроп у варэнні празрысты, і проста шчаслівая, калі чарговы слоік разыходзіцца паміж гасцямі ў хвіліны, ды яшчэ з гурманскай адзнакай «Смачна!».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

 

Варэнне  без варкі

Пры варцы большасць вітамінаў губляецца. Але ёсць альтэрнатыва: на кілаграм ягад патрабуецца 500 грамаў цукру. Расціраем інгрэдыенты (можна таўкушкай ці ў блендары) і замарожваем. Варэнне гатова.

Варэнне  з цэлымі ягадамі

Спатрэбіцца: на 1 кг клубніц 800 г  цукру.
Памыйце, пазбаўцеся ад хвосцікаў і высушыце ягады. На ноч засыпце цукрам.
Раніцай зліце сіроп у другую каструлю і давядзіце да кіпення. Пасля дадайце клубніцы ў сіроп і варыце яшчэ 5-7 мінут. Разліце па слоіках і закатайце. Ухутайце пакуль не астынуць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *