Кансэнсус знойдзены

Беларуска-дацкае прадпрыемства па вытворчасці свініны размешчана ў ваколіцах  Вострава. Цяпер ужо аграгарадка, і  трансфармацыя вёскі ў населены пункт новага тыпу стала рэальнасцю дзякуючы, у тым ліку, будаўніцтву на гэтых землях ЗТАА «БелДан».

Таварыства працуе некалькі гадоў, і на гэтым этапе, па словах кіраўніка праекта Мікалая Гаварко, вытворчая магутнасць прадпрыемства раўняецца 5,5 тысячы тон свініны ў год. Займаюцца і земляробствам: на землях, што знаходзяцца ў карыстанні «БелДана», вырошчваецца ў асноўным зерне — у якасці сыравіны для прыгатавання корму. У разліку на бала-гектар сельгасугоддзяў тут за мінулы год выпушчана прадукцыі на 460 тысяч рублёў. У суседнім ”Востраў-Агра”, дарэчы, гэты паказчык у 10 разоў меншы…

Адзіны момант, які прыгадваюць вяскоўцы без энтузіязму, — спецыфічны пах ля комплексу. Але ён такі самы, як вакол любога вытворчага падраздзялення аналагічнай накіраванасці, у тым ліку — ля буйных свінакомплексаў, размешчаных у іншых рэгіёнах. Некаторыя жыхары бліжэйшай акругі занепакоены, што запланаванае двухразовае расшырэнне вытворчасці «БелДана» абвострыць абазначаную і некаторыя іншыя акалічнасці экалагічнага кшталту.

«Рост вытворчасці не толькі не пагоршыць экалагічную сітуацыю, а, наадварот, знізіць усе магчымыя рызыкі», — заўважыў Мікалай Гаварко. Сход яшчэ толькі збіраўся, людзі падыходзілі, да пачатку абмеркаванняў заставаўся час. І, у адказ на просьбу, кіраўнік праекта «расшыфраваў» сказанае.  Першапрычынай непрыемных фонавых выдзяленняў з’яўляюцца, безумоўна, прадукты жыццядзейнасці свіней. Гной, калі без дыпламатыі. Са стадыі праектавання комплексу, з моманту, калі распачыналася яго будаўніцтва, прайшло больш як 5 гадоў. Не тэрмін, увогуле, але тэхналогіі за гэты час крочылі дастаткова наперад. У тым ліку, і канкрэтна тэхналогіі гноевыдалення.

Другая чарга комплексу «БелДана» будзе прынцыпова адрознівацца ад той, што дзейнічае зараз. У прыватнасці, прадугледжана аўтаматычнае раздзяленне — сепарацыя — гною на яго цвёрдую і вадкую фракцыі. Будзе мець месца іх раздзельнае захоўванне: цвёрдай — у спецыяльна пабудаваных складскіх ёмістасцях, вадкай — у лагунах накшталт цяперашніх, але ўжо шчыльна закрытых зверху, што адназначна паменшыць непрыемны        пах, які ўтвараюць выдаткі вытворчасці. Апошняе верагодна толькі два тыдні вясной і ўвосень, падчас унясення арганікі на  палі.

Што да верагоднасці пранікнення жыжы ў глебу, падобнае абсалютна выключана, паколькі дно і бакавая паверхня так званых лагун высцелены    дастаткова тоўстым і асабліва трывалым палімерным матэрыялам — надзейны бар’ер для любой вадкасці.

26 мая ў Востраўскім цэнтры культуры і вольнага часу адбыліся грамадскія абмеркаванні на тэму рэалізацыі праекта расшырэння аграпрадпрыемства ЗТАА «Белдан». Першыя прайшлі прыкладна месяц таму. Пры ўсіх эмоцыях і аргументах абсалютная большасць  яго ўдзельнікаў аказалася не супраць новага будаўніцтва. Пры гэтым, мясцовыя жыхары паставілі перад уладай шэраг пытанняў. Напрыклад, наколькі бяспечна для здароўя блізкае функцыянаванне свінагадоўчага комплексу, ці ёсць, а калі ёсць, то ў чым выяўляецца негатыў яго ўздзеяння на экалогію рэгіёна? Ці не пагоршыцца сітуацыя з-за росту вытворчасці?

Людзей пачулі: створаная спецыяльная камісія ў складзе кіраўнікоў профільных аддзелаў службаў на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Мікалаем Варажуном яшчэ раз і з розных ракурсаў прааналізавала сітуацыю. Можна зрабіць выснову, што ўсе прадугледжаныя заканадаўствам нормы і правілы пры будаўніцтве і ў працэсе функцыянавання комплексу не выходзяць за рамкі дапушчальных. Ёсць выключэнні:  напрыклад, па асобных характарыстыках вада ў шэрагу шахтных калодзежаў не адпавядае дапушчальнаму нарматыву па ўтрыманні жалеза і бактэрыяльным забруджванні. Але ж падобны расклад характэрны для большасці вёсак раёна ў цэлым. Ды і не толькі раёна. Востраў у гэтым сэнсе не унікум, і звязваць даную праблему з «БелДанам» не з’яўляецца правільным.

Дарэчы нагадаць усё тое пазітыўнае, што «БелДан» прынёс на востраўскую зямлю. Узгадаць ёсць што, а паабяцана яшчэ больш.

«Некалькі раней, —  звярнуўся да сходу Мікалай Гаварко,— прасілі набыць для ФАПа хоць бы веласіпед. Участак — некалькі вёсак — патрабуе ад фельчара мабільнасці. Размова заходзіла таксама і пра кардыёграф для абследавання сэрца прама на даму. Мы паставіліся з разуменнем: купілі скутар вытворчасці вядомага еўрапейскага аўтаканцэрна і не кардыёграф, а комплекс аператыўнага кантролю ЭКГ. Арганізуем і навучанне фельчара рабоце на ім».

Усё так: сродак перамяшчэння з  эмблемкай, стылізаванай пад цара звяроў, зіхацеў ля ўваходу ў цэнтр культуры і вольнага часу, комплекс ЭКГ знаходзіўся ў памяшканні — ледзь размясціўся на стале.

Завяршаючы сход, старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук адзначыў, у прыватнасці, што там, дзе працуюць падобныя «БелДану» прадпрыемствы, абавязкова будзе развівацца і сацыяльная сфера. І наадварот: як толькі вёску пакідае вытворчасць, імгненна запускаецца іншы працэс — вёска пачынае заміраць…

Адносна негатыву, то пэўную яго долю нясе практычна любая вытворчасць. Тым больш, што ў выпадку з «БелДанам» плюсаў усё ж значна больш, чым мінусаў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *