Правілы бяспечнага лета

Лета прыйшло да нас яшчэ з адным нязменным, але не вельмі прыемным атрыбутам. У гэтую пару года ўзрастае колькасць атручванняў і іншых кішэчных інфекцый.

Прычын узнікнення такой сітуацыі шмат, напрыклад, незахаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў пры прыгатаванні, транспартаванні і захоўванні прадуктаў, продаж харчовых тавараў з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, гандаль у недазволеных месцах і таварамі, якія не прайшлі адпаведны санітарны кантроль, і інш.

Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталія Ціханава, сёлета за 5 месяцаў было праведзена каля 200 назіранняў за аб’ектамі гандлю і грамадскага харчавання райпо і прадпрыемстваў прыватнай і ведамаснай уласнасці. Парушэнні санітарных нормаў і правілаў выяўлены на 140 аб’ектах. На 25-ці рэалізоўвалася прадукцыя, тэрмін прыгоднасці якой сышоў.

А ў магазінах «Шчара», «Ветэран», магазіне райпо ў Альхоўцах такое парушэнне выяўлялася неаднойчы. Некаторыя прадукты (мясныя паўфабрыкаты, фрукты і агародніна) ў гандлёвых кропках у Альхоўцах і Вялікім Гарадзішчы рэалізоўваліся без дакументаў, што сведчаць пра якасць і небяспеку тавару, у  Задвор’і і Жарабковічах  парушаліся тэмпературны рэжым і ўмовы захоўвання прадуктаў. Па фактах выяўленых парушэнняў кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання накіраваны прадпісанні аб зняцці з рэалізацыі забракаванага тавару, вінаватыя прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Не сакрэт, што нярэдка прычынай сезонных «страўнікавых» збояў становімся мы самі. Лянуемся часта мыць рукі, не заўсёды звяртаем увагу на якасць і прыгоднасць прадуктаў, на рынку купляем садавіну ці агародніну амаль што з зямлі (і рэдка цікавімся ў гандляроў наяўнасцю дакументаў на продаж). Іншы раз такі тавар цэлы дзень прастаіць на санцапёку, а потым трапляе на наш стол. Такім агуркам, персікам ці мандарынам не дапаможа ніякая цеплавая апрацоўка, і ў наш арганізм безбар’ерна пранікаюць узбуджальнікі кішэчных інфекцый.

Зусім нядаўна ў выпуску навін па рэспубліканскім канале тэлебачання паказвалі невясёлы сюжэт: больш за 10 чалавек, паабедаўшы ў адным з кафэ Гродна, трапілі на бальнічныя ложкі ў інфекцыйнае аддзяленне. Як высветлілася, усе пацярпелыя падхапілі сальманелёз (небяспечнае інфекцыйнае захворванне), носьбітам якога з’яўляўся адзін з работнікаў кафэ. У пачатку гэтага года ў нашу ЦРБ з сімптомамі вострай кішэчнай інфекцыі трапілі 14 юных расійскіх дзюдаістаў, якія знаходзіліся тут на спартыўна-трэніровачных зборах.

Яны самі, як высветлілася, сталі прычынай захворвання — завезлі наравірус — узбуджальнік энтэравіруснай інфекцыі. У памяці і мінулагодняя эпапея з успышкай інфекцыі, якая ахапіла большасць краін Еўропы і забрала жыцці некалькіх дзясяткаў чалавек. Крыніцай распаўсюджання эшэрыхіёзу былі праросткі бабовых і іншых культур. Потым была ўспышка халеры ва Украіне.

У Беларусі ўзмоцнены санітарна-эпідэміялагічны нагляд як за паступленнем з-за межаў краіны агародніннай прадукцыі, так і санітарны нагляд за эпідэмічна-значнымі аб’ектамі.

А колькі адзіночных выпадкаў атручвання і вострых кішэчных інфекцый. Літаральна адзін прыклад: жанчына купіла вараную каўбасу і цэлы  дзень пранасіла яе ў сумцы, вечарам з’ела… Далей падзеі развіваліся па знаёмым сцэнарыі: рэзка падскочыла тэмпература цела, пачаліся ваніты і рвота, панос, агульная млявасць…

Як паведаміла загадчыца інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Аліна Курловіч, з пачатку года ў нашым раёне зарэгістравана 12 выпадкаў захворвання кішэчнай інфекцыяй (за 5 месяцаў 2011 года — 5).  Яна адзначае, што вострыя кішэчныя інфекцыі — гэта   група хвароб, якія хоць і выклікаюцца рознымі мікробамі-ўзбуджальнікамі, але маюць агульны шлях заражэння (узбуджальнік пранікае ў арганізм чалавека праз рот і актыўна размнажаецца ў кішэчніку). Каб не падхапіць кішэчную інфекцыю і не атруціцца, раіць Аліна Курловіч, трэба: не захоўваць ежу доўга, нават у халадзільніку, не ўжываць прадукты з сышоўшым тэрмінам прыгоднасці, часцей мыць рукі, асабліва перад ядой і пасля наведвання туалета, для розных прадуктаў выкарыстоўваць асобныя кухонныя прылады (нажы і апрацоўчыя дошкі), старанна мыць садавіну і агародніну і іншае, пажадана не есці  сырыя яйкі. І яшчэ адзін важны момант: падчас прыгатавання страў для сямейных урачыстасцяў запрашайце памочнікамі людзей, у здароўі і санітарнай бяспецы якіх вы ўпэўнены,  каб не здарылася так, што замест вяселля і адпачынку госці і гаспадары трапілі на бальнічны ложак.

Яшчэ ў пачатку сезона адпачынку неабходна звярнуць увагу і на ваду (тую, якая стала неад’емнай часткай нашага харчавання, і тую, у якой збіраемся купацца). Урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход раіць перад ужываннем пітную ваду пракіпяціць ці карыстацца бутэляванай. Што датычыцца вадаёмаў, то абавязкова звяртайце ўвагу на дошкі аб’яў у месцах адпачынку (на гарадскім пляжы, на рацэ Шчара ў вёсцы Дарава і ў аздараўленчым лагеры «Чайка»), дзе развешваецца  ў выпадку забароны купання адпаведная  інфармацыя. Не варта ігнараваць гэтую акалічнасць: калі хоць некалькі кропель такой вады з павышаным утрыманнем кішэчнай палачкі трапіць у рот, чалавек можа захварэць.

І яшчэ. Хутка бліскучыя паласатыя кавуны зоймуць адно з галоўных месцаў у гандлёвых павільёнах і на кірмашах. Купляючы гэтую  смачную ягаду, не варта забываць, што яна можа з’яўляцца крыніцай заражэння кішэчнай інфекцыяй. Найбольш спрыяльны час паласавацца кавунамі — сярэдзіна жніўня-верасень. У гэты час яны набіраюць спеласць і даходзяць да патрэбнай кандыцыі менавіта на бахчы, а не па дарозе з паўднёвых краін. Таму, як адзначае Васілій Скараход, лепш дачакацца і не імкнуцца  наесціся першых кавуноў. Калі вы вырашылі купіць кавун, абавязкова запытайце ў прадаўца даведку з санэпідэмстанцыі на дазвол гандляваць гэтай культурай. Усе партыі кавуноў, якія трапляюць у нашу краіну, павінны прайсці кантроль, аналіз  бярэцца на ўтрыманне таксічных элементаў, нітратаў, пестыцыдаў, гельмінтаў.

Адным словам, перш, чым нешта з’есці, варта ўважліва вывучыць не толькі сам прадукт, але і месца, дзе ён прадаецца.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *