Заўсёды новы “Шлях новы”

Добраўпарадкаванасць, чысціня, утульнасць, гаспадарскі почырк ва ўсім — візітоўка  аграгарадка Навасёлкі.  Гандлёвыя кропкі радуюць асартыментам, аб’екты сацкультбыту і ўвогуле вышэй усякіх пахвал. Адзін мясцовы аздараўленчы комплекс чаго варты! Тут і бібліятэка, і ўрачэбная амбулаторыя, і гурткі мастацкай самадзейнасці, і спартыўныя секцыі, і танцзала — выбірай адпачынак на любы густ і для любога ўзросту. Адукацыйную прастору прадстаўляюць сярэдняя школа і дзіцячы сад — гэта сённяшні і заўтрашні дзень аграгарадка.  Канечне, тон жыцця задае мясцовая гаспадарка — СВК «Шлях новы».

Сельгаскааператыў з году ў год ва ўсім пацвярджае сваю назву, у многім першапраходзец, прычым  паспяховы. Аграгарадок Навасёлкі — першая ластаўка ў раёне. Малады сад, што раскінуўся на 13 гектарах, — адзіны такога кшталту на Ляхавіччыне. А сучасны малочнатаварны комплекс «Навасёлкі», пабудаваны па новых тэхналогіях, дазволіў і ў вытворчасць укараніць самыя сучасныя і перадавыя распрацоўкі. Адны памеры чаго толькі вартыя: 33 метры ў шырыню, 102 метры ў даўжыню і 9 метраў у вышыню. Мантаж будынка рабіла Ляхавіцкая  ПМК-13, канструкцыі канадскія, даільнае абсталяванне завезена з Германіі.

Амаль усе работы на ферме камп’ютарызаваны і  аўтаматызаваны. Са статкам у 860 кароў спраўляюцца ўсяго 6 даярак. На кожнай буронцы замацаваны электронны чып, інфармацыя з якога паступае на камп’ютар. Спецыяліст на маніторы сочыць за якасцю і колькасцю кармоў, змяненнямі і дапаўненнямі, якія патрэбна ўнесці ў рацыён жывёл, за станам здароўя і іншымі важнымі паказчыкамі. Тут і мадэрнізаваныя электронныя вагі для кармоў, а таксама аўтапаілкі з падагрэвам.

Сёння дойны статак гаспадаркі — 1685 кароў, якія ўтрымліваюцца на чатырох МТФ (усяго буйной рагатай жывёлы 3704 галавы).

— Малочная галіна ў жывёлагадоўлі — асноўная і прыносіць значны прыбытак. Цяпер што-дня маем 27 тысяч літраў малака — гэта добры паказчык. Прычым 50 працэнтаў прадукцыі пастаўляем на малочны завод гатункам экстра, яшчэ 48 працэнтаў — вышэйшым, — расказвае старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Вашчук  і, працягваючы малочную тэму, падкрэслівае важнасць рэканструкцыі старых фермаў.

Схема простая, але эфектыўная. Каб замацаваць кадры ў вёсцы, неабходна ствараць для іх належныя ўмовы. У той жа час добрыя ўмовы патрэбны і для жывёлы, каб атрымаць найбольшую аддачу ў выглядзе надояў і прываг.

Рэканструкцыя на парадку дня і ў «Шляху новым». Поўным ходам ідуць работы па рамонце і аднаўленні двух будынкаў МТФ«Навасёлкі», трох — «Лотва».  Хутка замест старога з’явіцца новы цялятнік, 2 новыя траншэі для сенажу ёмістасцю па 2 тоны кожная. Дарэчы, усе рамонтныя работы вядуцца гаспадарчым спосабам сваёй будаўнічай брыгадай (толькі мантажом траншэй займаецца ПМК-13) і практычна за ўласныя сродкі СВК  (крэдыту ўзялі толькі 1,1 мільярда рублёў).

Яшчэ адно «ноу-хау», ініцыяванае Вашчуком, — сапраўдны «дзіцячы сад» для цялят. У 200 маленькіх доміках з моманту нараджэння да месячнага ўзросту жывуць і гадуюцца цяляты,  чысценькія, дагледжаныя. Каля кожнай такой міні-хаткі вісіць кармушка для камбікорму, вядзерца з вадой.

— Утрыманне цялят у такіх умовах дае шмат плюсаў: у жывёлы з моманту нараджэння выпрацоўваецца моцны імунітэт, таму яна больш вынослівая, значна змяншаецца рызыка падхапіць якую-небудзь інфекцыю ад іншых цялят. Адна дагляд- чыца сочыць за 60-цю сваімі падапечнымі. Сёлета плануем купіць яшчэ 100 такіх домікаў, — праводзіць завочную экскурсію па «яслях» Аляксандр Вашчук.

Калі гаварыць пра машынна-трактарны парк, то ў «Шляху новым» і тут поўны парадак. У наяўнасці і ў спраўным стане, гатовыя ў любую мінуту пры-ступіць да работы 40 трактароў,   21 грузавы аўтамабіль, 7 зерне- ўборачных камбайнаў, бурака-ўборачны камбайн і іншая тэхніка.

Больш як 5 тысяч гектараў — агульная плошча сельгасугоддзяў гаспадаркі, з якіх больш за паўтары тысячы гектараў адведзена пад зерневыя культуры. Раслінаводства ў СВК таксама  ў пашане.

— Сёлета пакуль усё ідзе па плану, толькі б не сурочыць  (усміхаецца старшыня): высеялі добры насенны матэрыял, выканалі ўсе агратэхнічныя патрабаванні, своечасова правялі падкормку і апрацоўку —  пакуль  азімыя радуюць, ды і яравыя не падводзяць. Загадваць не будзем, але плануем гэтым  летам атрымаць большую ўраджайнасць, чым летась, — дзеліцца планамі Аляксандр Вашчук.

Да пачатку жніва ў СВК гатовы поўнасцю — сфарміраваны звенні, у  палявой гатоўнасці і КЗС. А пакуль ідзе нарыхтоўка кармоў: ужо назапашана 2700 тон сенажу, 750 тон — у плёнку, 780 тон сіласу, 520 тон сена.

Яшчэ адзін, без сумненняў, выйгрышны і вызначальны бок «Шляху новага» — кадры. Гэта адна з нямногіх гаспадарак раёна, дзе няма адчувальнага кадравага голаду як спецыялістаў, так і паляводаў, жывёлаводаў, механізатараў. Сакрэт просты: уважлівыя, прадуманыя адносіны да людзей, іх клопатаў, праблем і пажаданняў.

— Галоўнае, знайсці падыход да чалавека, зацікавіць яго ідэяй, даць зразумець, што яго веды і праца патрэбны гаспадарцы, вёсцы і людзям, якія жывуць побач. А таксама — забяспечыць жыллём, камфортнымі ўмовамі працы і адпачынку і гарантаванай заработнай платай, — раскрывае кадравую палітыку Аляксандр Вашчук.

— Па размеркаванні прыйшоў уладкоўвацца механікам юнак. Прапанавалі яму пасаду галоўнага інжынера. Першае, чым цікавіўся «навабранец», ці справіцца ён з ускладзенымі абавязкамі і як зможа кіраваць іншымі, ці атрымаецца ў яго ўсё? І толькі напрыканцы размовы спытаў пра заработную плату. Вось так у нас з’явіўся новы галоўны інжынер Мікалай Клімавец, — расказвае старшыня.

Маладыя і перспектыўныя кадры — гэта і пра эканаміста Кацярыну Касцюкевіч, агранома-хіміка Яўгенія Карпейчыка, галоўнага агранома Аляксандра Рамейку. Летам чакаюць яшчэ аднаго інжынера, па мэтавым накіраванні спецыяльнасць механіка атрымліваюць 4 мясцо-выя юнакі. Маладыя людзі з задавальненнем прыязджаюць сюды на працу: умовы аграга-радскія, ды і жыллёвае пытанне вырашаецца паспяхова. Зараз у двух інтэрнатах, якія размясціліся ў новых катэджах, жывуць 6 маладых спецыялістаў: эканаміст, юрыст, заатэхнік-селекцыянер, электрык, аграном, інжынер.

Крыху больш за 30 гадоў і намесніку старшыні па вытворчасці Сяргею Кашчу. Але, нягледзячы на ўзрост, гэта кваліфікаваны і мэтанакіраваны спецыяліст сельскай гаспадаркі з дыпломамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

— Мне падабаецца працаваць у «Шляху новым». Тут у пашане чалавек і добрасумленныя адносіны да працы, шмат увагі надаецца дысцыпліне і парадку — адсюль і станоўчыя вынікі, — сцвярджае Сяргей Кашча.

Маладосць не перашкода і для старшыні Аляксандра Вашчука. У сельскай гаспадарцы ён не навічок, калісьці пачынаў збрыгадзіра трактарнай брыгады, вучыўся ў аграрным універсітэце і паступова «дарос» да кіраўніка, прычым новай фармацыі. Новы старшыня адразу знайшоў агульную мову з калектывам і, як гаворыцца, прыйшоўся да двара. Унік ва ўсе справы, вылучаў і аналізаваў моцныя і не вельмі бакі гаспадаркі, не вагаючыся ўзяўся за работу. Не толькі патрабаваў дысцыпліны і добрасумленнай працы ад падначаленых, але не саромеўся вучыцца ў больш вопытных і займаўся самаадукацыяй. Няпростая гэта справа — кіраваць людзьмі. Але неабыякавасць, уменне выслухаць і зразумець суразмоўцу ў спалучэнні з ураўнаважанасцю і добразычлівасцю — моцныя бакі філосафа-рэаліста Аляксандра Вашчука, які мае сваё важкае слова, падмацаванае справай і на сельгаспрасторы Ляхавіччыны.

За новымі тэхналогіямі, якія пастаянна ўкараняюцца ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, механізацыі, тут не забываюцца, што аснова асноў — людзі, чалавек працы.  Сярэднямесячная заработная плата ў гаспадарцы складае сёння 3 мільёны рублёў. Не забываюцца пра працаўнікоў і напярэдадні святаў — прэміі кожнаму. Плюс да ўсяго — забяспечанасць зернем, саломай, сенам, апрацоўка прысядзібных участкаў, пасадка бульбы і г.д.

Вось такі ён, сённяшні дзень заўсёды новага, але з багатымі традыцыямі, добрымі паказчыкамі, таленавітымі і працавітымі людзьмі СВК «Шлях новы». А наперадзе — штодзённая і звыклая руплівая праца нястомных сялянскіх рук.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *