Тэст для райаграсэрвіса

Майстар станцыі абслугоўвання трактароў  Васілій Якубец.

Газаэлектразваршчык Аляксандр Паўлоўскі і слесар Аляксандр Кукета.

– Аднавілі стасункі з нашымі даўнімі дзелавымі партнёрамі з Польшчы. Ёсць дамоўленасць на пастаўку з Беластока напрыканцы чэрвеня-пачатку ліпеня камплектуючых да запатрабаванай у аграрыяў Брэстчыны касілкі, якую выпускае райаграсэрвіс. Хоць першы ўкос завершаны, але агрэгат сёлета яшчэ спатрэбіцца, – расказвае дырэктар ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» Дзмітрый Несцяровіч. Гатовы купіць касілку і землякі, і сельгасарганізацыі Ганцавіцкага, Івацэвіцкага раёнаў. На карысць яе гаворыць цана: прылада, выпушчаная мясцовымі майстрамі значна танней польскага аналага.

Асноўны накірунак дзейнасці райаграсэрвіса – абслугоўванне, рамонт і выпуск сельскагаспадарчай тэхнікі. Галоўны рухавік вытворчасці – рамонтна-механічны цэх. Сёлета, па словах дырэктара, рамонтнікі на чале з начальнікам цэха Уладзімірам Ракашэвічам спрацавалі нядрэнна. Тэхніка, якой бы якаснай яна ні была, зношваецца і выходзіць са строю. Калісьці закупленыя ў ААТ касілкі, граблі, прэсы, адпрацаваўшыя сваё на палях Ляхавіцкага, Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Івацэвіцкага раёна, вярнуліся зноў у аграсэрвіс, дзе пасля рамонту ім даюць другое жыццё.
Пэўныя зрухі ў яшчэ адным запатрабаваным відзе паслуг – рамонце паліўнай апаратуры сельскагаспадарчай тэхнікі і аўтатранспарту. Заказы пайшлі: ад ільнозавода, агракаледжа, «Шляху новага» РАНС. Абслугоўванне нафтаскладскога абсталявання – таксама зона адказнасці райаграсэрвіса.
Паралельна са згаданымі работамі райаграсэрвісаўцы займаюцца корманарыхтоўкамі. З запланаваных 10 тысяч тон сенажу з траў першага ўкосу нарыхтавана тры тысячы, закладзены чатыры траншэі. Сваіх травяных плошчаў не хапае, райаграсэрвіс косіць на палях КСУП «Ліпнянка».
За ўласнымі клопатамі не забываюць і пра дапамогу іншым. Кормаўборачная тэхніка, у прыватнасці прэс для прасавання сенажу з упакоўкай яго ў стрэйч-плёнку (таксама тутэйшая распрацоўка), шчыравала ў «Начы», «Шляху новым», на палях птушкафабрыкі «Русіно» Баранавіцкага раёна – і гэта таксама дадатковы заробак.
Дарэчы, апошнія некалькі гадоў райаграсэрвіс не прадстаўляў сваю прадукцыю на выстаўцы «Белагра». І гэта зусім не на карысць іміджу і вытворча-эканамічнаму раскладу прадпрыемства. Дзмітрый Несцяровіч запэўніў, што на наступны год ёсць ужо канкрэтныя планы. Ва ўсякім выпадку, сапраўдным «хітом» ад райаграсэрвіса можа стаць удасканаленая касілка КНД-3,9.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *