На варце вашых правоў

Якія фактары найбольш уплываюць на якасць нашага жыцця? Адказ на гэтае пытанне даволі прадказальны. З вялікай верагоднасцю, вы абавязкова згадаеце здароўе, сям’ю, дабрабыт. Цяжка спрачацца і з тым, што сярод неад’емных складнікаў шчаслівага і спакойнага жыцця – бяспека і адчуванне абароненасці.
У падтрыманне апошніх свой немалы ўклад уносіць пракуратура, якая забяспечвае вяршэнства права, законнасці і правапарадку. Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў пракуратуры, які адзначаецца 26 чэрвеня, на пытанні карэспандэнта «ЛВ» адказаў пракурор раёна Сяргей ДЗЯЖКО.

– Сяргей Мікалаевіч, згадзіцеся, што з работай пракуратуры большасць насельніцтва знаёма не па асабістым вопыце, а часцей па сюжэтах шматлікіх серыялаў…
– І гэта, мяркую, зусім не дрэнна. Калі чалавек ніколі не сустракаўся з пракурорскімі работнікамі, ён, хутчэй за ўсё, законапаслухмяны грамадзянін, якому не даводзілася сутыкацца з парушэннем яго правоў.
Нагадаю, што асноўная задача пракуратуры – забеспячэнне законнасці і правапарадку, аба-рона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, грамад-скіх і дзяржаўных інтарэсаў.
Пад увагай пракуратуры самыя розныя сферы жыццядзейнасці.
– З якімі праблемамі нашы землякі звяртаюцца ў пракуратуру?
– З рознымі. У выпадку неабходнасці прымаюцца ўсе меры па аднаўленні парушаных правоў.
Так, напрыклад, сёлета ў пракуратуру звярнулася жанчына з просьбай правесці праверку на прадмет законнасці прынятага рашэння аб адмове ў пастаноўцы яе з непаўналетнім дзіцём на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пракуратура незаконнае рашэнне апратэставала, і жанчына была адноўлена ў чарзе.
Яшчэ адзін прыклад. У студзені 2018 года пастанаўленнем начальніка АДАІ жыхар Ляхавіцкага раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Пры вынясенні рашэння былі няправільна прыменены нормы, што ўстанаўліваюць адміністрацыйную адказнасць, у сувязі з гэтым спагнанне аказалася вышэй, чым прадугледжана законам. Па пратэсту пракурора рашэнне начальніка АДАІ адменена, памер штрафу зменшаны.
– Не сакрэт, што дзейнасць пракурора ў многіх асацыюецца з судовым пасяджэннем, дзе ён выступае ў ролі абвінаваўцы. Якія нетыповыя справы даводзілася разглядаць?
– Падтрыманне абвінавачання ў судзе лічыцца адной з асноўных функцый і непасрэдна пракурорскай работай. З пачатку года пракуратура падтрымала абвінавачанне па 39 крымінальных справах. Сярод іх сустракаюцца і даволі незвычайныя, можна сказаць, нетыповыя. Напрыклад, справы па фактах дачы заведама лжывых паказанняў у ходзе следства і ў судзе, падрыхтоўкі заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека, крадзяжу агнястрэльнай зброі, парушэння тэрміну ўезду ў Рэспубліку Беларусь.
У нашай практыцы сустракаюцца і такія справы, дзе сума страт мізэрная, але з улікам абставін дзеянні пацягнулі наступленне крымінальнай ад-казнасці. Гэта разбойны на-пад, у выніку якога зладзеі завалодалі маёмасцю на суму 2,5 рубля, адкрыты крадзеж бутэлькі спіртнога коштам 7 рублёў, крадзеж прадуктаў на суму 9 рублёў шляхам пранікнення ў жыллё. У кожным са згаданых выпадкаў парушальнікі закона знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, што сыграла не апошнюю ролю ва ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў. І гэта яшчэ адна нагода для актывізацыі прафілактычнай работы.
– Дарэчы, пра прафілактыку. Як яна ўплывае на аператыўную сітуацыю ў раёне?
– Пракуратура раёна ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі і мясцовай уладай прымае пэўныя меры па забеспячэнні правапарадку.
З пачатку года ў раёне не зарэгістравана хуліганстваў, вымагальніцтваў, забойстваў, адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, учыненых на сямейна-бытавой глебе.
Тым не менш, агульны ўзровень злачыннасці вырас, і на гэта істотна паўплывала значнае павелічэнне колькасці крадзяжоў. Больш за 60 працэнтаў – крадзяжы з жылых памяшканняў, учыненыя ў час адсутнасці гаспадароў, прычым каля паловы – з памяшканняў, што выкарыстоўваюцца для пражывання часова (дачы, садовыя домікі). Кожны другі з раскрытых крадзяжоў – справа рук раней судзімых і нецвярозых асоб.
Пракуратура праводзіла праверкі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі. Падчас іх, у прыватнасці, выяўляліся факты адсутнасці ўзаемадзеяння паміж установамі аховы здароўя і аддзелам унутраных спраў па прымусовым лячэнні ад алкагалізму, назначаным судом. На недахопы пры арганізацыі прафілактычнай работы з раней судзімымі асобамі звернута ўвага ў прадстаўленні пракуратуры, унесеным у адрас кіраўніцтва РАУС, прапанаваны да выканання шэраг арганізацыйных мерапрыемстваў.
У час гарачых сельскагаспадарчых кампаній асаблівая ўвага –недапушчэнню безгаспадарчасці ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу. Падчас сяўбы пракуратура прымала адпаведныя меры сумесна з кантралюючымі і праваахоўнымі органамі. Па патрабаванні пракурора 11 асоб прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці, адна – да адміністрацыйнай, у двух выпадках кіраўнікам вынесены прадпісанні аб неадкладным ухіленні парушэнняў.
Пад увагай пракуратуры былі выкананне прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна прыродаахоўнага, зямельнага, антыкарупцыйнага заканадаўства.
– Справы карупцыйнай накіраванасці, як правіла, сярод самых рэзанансных…
– Не магу сказаць, што ў нашым раёне яны вельмі «гучныя», але, безумоўна, не застаюцца па-за ўвагай.
Так, у ходзе праверкі выканання ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй устаноўлены парушэнні пры правядзенні закупак за кошт уласных сродкаў, а таксама ў сферы будаўніцтва. Гэта выявілася ў абмежаванні ўдзелу суб’ектаў гаспадарання ў таргах, несвоечасовым размяшчэнні ў свабодным доступе ўсёй неабходнай інфармацыі па закупках.
Парушэнні выяўлены і ў ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас»: службовая асоба прадпрыемства займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю, хаця ў адпаведнасці з законам аб барацьбе з карупцыяй не мела на гэта права.
Падчас праверкі выканання рашэння каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй Ляхавіцкага раёна пракуратура выявіла факт фіктыўнага прыёму на работу, што паслужыла падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы.
– Размову напярэдадні прафесійнага свята хацелася б завяршыць пазітыўным фактам.
– Магу ўпэўнена сцвярджаць, што калектыў пракуратуры Ляхавіцкага раёна здольны забяспечыць выкананне пастаўленых перад намі задач. Тым больш дадзеных паўнамоцтваў дастаткова для своечасовага выяўлення парушэнняў і рэагавання з мэтай ухілення негатыўных наступстваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *