І вальс, і слёзы, і любоў…

Выпускны баль. Доўгачаканае, незабыўнае, непаўторнае, любімае і такое важнае свята. Яно з году ў год становіцца сапраўдным трыумфам юнацтва і прыгажосці, днём, да якога 11 гадоў ідуць юнакі і дзяўчаты, настаўнікі і бацькі.

Зусім нябачная гэтая імклівая прыступка з дзяцінства ў дарослае жыццё. І першы незвычайны экзамен на трываласць — менавіта ён, доўгачаканы выпускны баль. Колькі сукенак, касцюмаў і пар абутку перамерана 11-класнікамі, пакуль нарэшце быў выбраны найлепшы варыянт, у якім яны па-сапраўднаму ззяюць на сваім галоўным свяце. Недзе там, у мінулым, засталіся ўрокі і перапынкі, паходы і вандроўкі, пазакласныя мерапрыемствы і заняткі ў гуртках, канікулы і апошні школьны званок. Прыйшоў час па-ставіць клічнік за цэлай эпохай, назва якой — шчаслівае дзяцінства. Сёлета 288  нашых юных землякоў у статусе выпускнік-2012 пакінулі сцены родных школ  і адправіліся ў самастойнае жыццёвае падарожжа.

Выпускныя вечары ў апошнія дні мінулага тыдня прайшлі ва ўсіх сярэдніх школах Ляхавіччыны. Настаўнікі, бацькі і самі віноўнікі ўрачыстасцей вельмі пастараліся, каб свята атрымалася.

У мінулую суботу сёмы год запар урачыстыя фанфары абвясцілі пачатак балю выпускнікоў Ляхавіччыны «Не паўтараецца такое ніколі», які па традыцыі прайшоў на плошчы Леніна ў райцэнтры. Як ні імкнулася надвор’е сапсаваць свята, яму гэта не ўдалося. А дождж палічылі добрай прыкметай для будучых абітурыентаў.

Пад апладысменты і позіркі захаплення  ўдзельнікаў і гасцей свята  прайшлі галоўныя героі дня — выпускнікі 2012 года з гімназіі, СШ № 1 і № 2, дэлегацыі школ раёна. Свята з імі раздзялілі  старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, яго намеснікі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, начальнікі аддзелаў райвыканкама, жыхары горада, бацькі, настаўнікі.

Шчыра і сардэчна вітаў выпускнікоў, педагогаў, бацькоў, усіх прысутных  Дзмітрый Бурдук. Пажаданні добрага шляху гучалі і ад намесніка старшыні райвыканкама, старшыні РА ГА «Белая Русь» Святланы Юрлевіч. Цёплыя словы і шчырыя пажаданні  адрасавала выпускнікам і настаўнікам ад імя бацькоў Алена Якубец. Адказная місія выпала цяпер ужо былым 11-класніцам гарадскіх школ, якія ад імя выпускнікоў сказалі «бывай» школе, настаўнікам, такому бестурботнаму дзяцінству. І гэта была песня развітання, удзячнасці — з лёгкім адценнем смутку і шкадавання.

Асаблівыя ўшанаванні і ўвага — медалістам, залатым   і сярэбраным.  Сёлета 17-ць выпускніц з гімназіі, СШ  №1 і № 2, Навасёлкаўскай, Тальмінавіцкай, Жарабковіцкай СШ за выдатную вучобу і ўзорныя паводзіны ўзнагароджаны медалямі. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук  ўручыў іх і грашовыя прэміі. Прычым 7 медалістак — выпускніцы адной школы — СШ № 2.

Як жа на такім свяце без шчымлівых момантаў?!  Іх хапала. Напрыклад, калі маленькія ляхавічане ўручалі самым таленавітым, актыўным, ініцыятыўным і спартыўным выпускнікам  мяккія цацкі.

З якім натхненнем і радасцю дарослыя і дзеці апынуліся ў лю-бімай казцы пра  Залаты Ключык і сустрэліся з яе галоўнымі героямі. Як жа гэта было непасрэдна і хораша… І літаральна ва ўсіх удзельнікаў свята на вачах     з’явіліся слёзы, калі  прагучалі словы: «Хутка  адчыняцца чароўныя дзверы ў дарослае жыццё. Рабяты, у вас ёсць некалькі імгненняў, каб затрымацца ў дзяцінстве. Запомніце іх назаўжды…»

Паляцела над горадам чароўная мелодыя нестарэючага вальса. І закружылі  пары,  яшчэ нядаўна гарэзлівых  хлопчыкаў і дзяўчынак, а сёння —  грацыёзных юных дам               і галантных кавалераў…

Урачыстыя словы клятвы выпускнікоў 2012 года — і над горадам узвіліся ў бла-кітнае неба рознакаляровыя шары — добрая прыкмета таго, што  збудуцца самыя патаемныя мары юнакоў і дзяўчат. Пад апладысменты прайшлі па плошчы Леніна такія юныя і прыгожыя героі свята, якімі нельга было не любавацца.  Далей  баль перамясціўся ў навучальныя ўстановы, дзе ўрачыста, з размахам і захаваннем традыцый ушаноўвалі выпускнікоў. Уручэнне доўгачаканых атэстатаў, грамат, дыпломаў, падарункаў, словы віншавання і ўдзячнасці, разнастайныя конкурсы і развітальныя вальсы, багатая танцавальная праграма і, канешне, таямніча-запамінальная сустрэча світанку — усё гэта было і сёлета.

Дзяцінства, бывай… Няхай дарослае жыццё будзе стваральным і радасным. Пастарайцеся, дарагія выпускнікі!

Галіна КАНЬКО


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *