Утульныя дробязі ўвагі. Не адзінока пастаяльцам Ганчароўскага дома – ім тут утульна і цёпла.

Праз вялікія вокны Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў днём заглядае сонейка, вечарам яны выпраменьваюць святло. У двары – кветкі, лаўкі, наліваюцца яблыкі, на дрэве прымасцілася шпакоўня. Чысціня і парадак. Сацыяльныя работнікі, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва імкнуцца звычайнымі штрыхамі наблізіць  жыццё падапечных да дамашняй утульнасці.
З часу адкрыцця ўстановы яны клапоцяцца пра бабуль-дзядуль, стараюцца развеяць іх  адзіноцтва, прыўнесці сонечны  колер у штодзённасць.

Здаецца, дробязь – новая карцінка на сцяне, ружы ў вазе, газета на стале, а яны расквечваюць жыццё пажылых людзей сваім настроем. Што ўжо гаварыць, калі абнаўляецца мэбля ці абсталяванне. Камфорт для людзей паважанага ўзросту –
каштоўнасць жыццёва неабходная. Нядаўна тут пабывалі прадстаўнікі міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Сафія» і падарылі мэблю: ложкі, крэслы, сталы, шафы, тумбачкі, прасавальныя дошкі, прас. Вельмі рады кухоннаму камбайну: да гэтага сацработнік Людміла Ігнатовіч бульбу на дранікі дзерла ўручную.
Пастаяльцы жывуць хто асобна, іншыя дзеляць пакой з суседам. Разам збіраюцца ў вялікай зале каля тэлевізара, у сталовай – на сняданкі-абеды.
Амаль паўгода ў Ганчарах ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Штундзер. Прывык, гаворыць, ужо да новага месцажыхарства.
Сафія Махнач родам з Падлесся, калісьці выступала ў тамтэйшым хоры. Расказвае, што была пеўчай у царкве. І зараз калі-нікалі зацягне песню – голас гучыць прыгожа, чыста. Не была б то жанчына – накіроўваю на яе аб’ектыў фотаапарата, а яна адразу прыхарошваецца.
«ЛВ» неаднойчы пісаў пра Ганчароўскі дом, таму многіх яго жыхароў сустракаю як старых знаёмых. З навасельцаў тут Вікенцій Ракашэвіч. З жонкай жыў у Сіняўцы, працаваў на ферме. А застаўся адзін, вярнуўся на радзіму – у Мядзведзічы. Цяпер вось змяніў месца пражывання – тут не трэба думаць, як назапасіць дровы ці прыгатаваць сняданак.
Госці ў Ганчароўскі дом завітваюць часцяком. Пажылыя людзі хоць і любяць цішыню, але заўсёды шчыра радуюцца кожнаму. Ляхавічане падчас акцыі «Скрыня дабрыні», што праводзіцца ў магазіне «Усходні», сабралі і перадалі ў сацыяльную ўстанову вялікі кошык з прадуктамі. На велікодныя сустрэчы прыязджала «Сівізна».
Жыццё – рэч складаная. Бывае, што і родныя ёсць, а пажылы чалавек адзін. Давялося быць сведкай, як супрацоўнікі ТЦСАН прыехалі за вяскоўкай, каб уладкаваць яе на сацыяльныя ложкі ў Крывошынскую бальніцу. Яна доўга збіралася, нібы адцягвала час, чакала, што аб’явіцца брат, адгукнецца з-за мяжы сын. Супрацоўнікі цэнтра дапамаглі ўпакаваць рэчы, зачыніць дом, у якім даўно ніхто не прыбіраў, не наводзіў чысціню. Сацработнікі аказаліся адзінымі, хто прыйшоў на дапамогу старому нямогламу чалавеку… Яны пастараюцца, каб на новым месцы бабулі было цёпла, утульна, не адзінока.
ФАКТ

У Ганчароўскім доме сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў зараз жыве дзевяць чалавек, адначасова можа размяшчацца да 12. Такой формай жыццеўладкавання скарысталіся (найбольш у зімовы перыяд) за тры гады існавання сацыяльнай установы 35 чалавек. Працуюць пазменна тут пяць сацыяльных работнікаў, арганізавана іх кругласутачнае дзяжурства.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Не адзінока пастаяльцам Ганчароўскага дома – ім тут утульна і цёпла.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *