#паДынамілі. Сталічны стадыён запрасіў на прэм’еру

21 чэрвеня навінныя стужкі сацыяльных сетак літаральна стракацелі ад фотаздымкаў пад хэштэгамі #Динамо, #открытиеДинамо, #ДинамоМинск. Нічога дзіўнага тут няма. Гэту падзею чакалі, сачылі за яе падрыхтоўкай, упэўнена, не толькі дынамаўцы, але і кожны, хто цікавіцца спартыўным жыццём краіны. Стратэгічна важны спартыўны аб’ект – Нацыянальны алімпійскі стадыён «Дынама» – стаў самай рэйтынгавай фотазонай для сэлфі ў мінулы чацвер. Сваімі ўражаннямі і фотаздымкамі з адкрыцця дзеляцца і нашы землякі.

Дзмітрый Джэжора, студэнт  4 курса Беларускага нацыянальнага  тэхнічнага ўніверсітэта:
– Здорава-спартыўна! Гэта было відовішчна, ярка, феерычна. Чаканні сябе апраўдалі. І калі гучаў Дзяржаўны гімн, у вачах тысяч гледачоў чыталіся радасць, хваляванне і, канешне, гонар. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў значнасць нашага «Дынама» ў сусветнай спартыўнай гісторыі і выказаў упэўненасць у перспектыўнасці стадыёна. Хвалюючы момант: Аляксандр Лукашэнка ўручыў сімвалічны ключ спартсменам-дынамаўцам. І афіцыйна даў старт адліку дзён да пачатку адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў. Такі сур’ёзны экзамен чакае краіну і гэты спартыўны аб’ект у 2019 годзе.
Першымі апрабавалі новую пляцоўку юныя лёгкаатлеты з розных рэгіёнаў нашай краіны. Балеў за каманду Брэсцкай вобласці, але пераможцамі сталі лёгкаатлеты з Віцебшчыны. Думаю, што для хлопчыкаў і дзяўчынак гэтыя спаборніцтвы стануць знакавымі. А як па-іншаму, калі іх віншавалі прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый Себасцьян Коэ і алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка?!
Пасля на поле выйшлі футбалісты. Па-сапраўднаму прыгожы таварыскі матч прадэманстравалі каманды мінскага і брэсцкага «Дынама» і зборная клубаў чэмпіянату Беларусі.
Прыемна бачыць тысячы фанатаў, якія проста шчаслівыя ад таго, што знаходзіліся на адкрыцці. Гэта быў усё той жа наш родны «Дынама», але такі сучасны, мадэрновы, адноўлены. Сюды проста хочацца прыходзіць і атрымліваць асалоду ад спартыўных гульняў. Святочнасці надалі і выступленні артыстаў беларускай эстрады Тэа, Дзядзі Вані, «Сяброў» і іншых.

Наш зямляк Павел Юнік,  які цяпер працуе ў Мінскім   каледжы сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе:
– Прызнаюся шчыра, адкрыццё стадыёна ў Мінску чакаў з нецярпеннем. Наведваў яго яшчэ да рэканструкцыі, канешне, хацелася ўбачыць, што там новага, якія дызайнерскія выдумкі, чым сёння здзівіць «Дынама». І быў проста шчаслівы, калі атрымаў білет і запрашэнне на адкрыццё ад сваёй арганізацыі. Праграма абяцала быць захапляльнай, і чаканні спраўдзіліся: гэта было проста класна! Як аматар футбола больш за ўсё чакаў, калі на новенькае поле выйдуць футбольныя каманды. Гульня парадавала прыгожымі галамі. Я проста атрымліваў асалоду ад святочнай атмасферы, ад таго, што знаходзіўся побач яшчэ з тысячамі такіх жа нераўнадушных. Завяршылася цырымонія адкрыцця ярка і запамінальна – маляўнічым салютам.

Раман Станчык, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры:
– Мне вельмі спадабалася «начынка» стадыёна. Упэўнены, «Дынама» стане яшчэ адной славутасцю краіны. Стадыён выглядае вельмі сучасным, ён проста прыгожы, але разам з тым зручны. Па-першае, мае добрую транспартную даступнасць. Другі значны плюс стадыёна – яго выдатная агляднасць: што адбываецца на спартыўным полі, добра відаць з любога ракурсу, дзе б ты ні сядзеў. Зручныя выхады: з лёгкасцю можна зайсці ці пакінуць стадыён. З упэўненасцю можна сказаць, што такі стадыён будзе прыцягваць і прывозіць да нас буйнейшыя міжнародныя старты. Для мяне гэта падзея стане ўдвая запамінальная: на ўрачыстасці я быў не толькі ў якасці гледача, прыхільніка здаровага ладу жыцця, а яшчэ і як валанцёр.
Гутарыла Маргарыта КУХТА.

Дзмітрый Джэжора.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *