532,5 кг серабра. І зноў наша зямлячка Сняжана Зубко на спартыўным п’едэстале гонару

На гэты раз яна ў складзе зборнай Беларусі вызначылася ў канадскім Калгары, дзе з 5 па 17 чэрвеня праходзіў чэмпіянат свету па класічным паўэрліфтынгу. Шчаслівым для Сняжаны стаў перадапошні дзень спаборніцтваў: позна вечарам беларуская спартсменка паспяхова завяршыла ўсе дзевяць падходаў да снарада і па суме трохбор’я (прысяданне са штангай, жым у становішчы «лежачы», станавая цяга) набрала 532, 5 кілаграма. І гэта сярэбраны медаль чэмпіянату свету! Беларуска саступіла толькі амерыканскай спартсменцы, якая на спаборніцтвах устанавіла сусветны рэкорд.
– Вельмі ўдзячна роднай Беларусі за падтрымку. Мы яе пастаянна адчувалі ў Канадзе. Колькі СМС-віншаванняў было пасля заваявання медалёў! Перамогі магло і не быць, калі б не мой трэнер – заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Аляксандр Грынкевіч-Суднік. Дзякуй усім! – падзялілася ўражаннямі Сняжана.
Дарэчы, гэта адзіны медаль у капілцы беларускай зборнай у галоўнай адкрытай узроставай катэгорыі, што яшчэ больш пацвярджае яе вартасць. Наперадзе ў нашай зямлячкі падрыхтоўка да чэмпіянату Еўропы, які сёлета восенню пройдзе ў Літве.
Сняжана Зубко – колішняя выпускніца Крывошынскай СШ, потым – Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў Беларусі, Еўропы і свету па класічным паўэрліфтынгу.
Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва Сняжаны ЗУБКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *